Лес — гэта ўнiкальная экасiстэма, для ўстойлiвай жыццядзейнасцi якой неабходна пастаянна падтрымлiваць парадак. Для арганiзацыi сiстэмнай працы ў гэтым кiрунку Мiнiстэрствам лясной гаспадаркi штогод распрацоўваецца i зацвярджаецца комплекс мерапрыемстваў па навядзеннi парадку ў лясным фондзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыi «Лясны фонд Беларусi. Навядзенне парадку на тэрыторыi лясных угоддзяў i iх добраўпарадкаванне» расказаў начальнiк упраўлення лясной гаспадаркi мiнiстэрства Сяргей Чарняўскi.

Летась за розныя вiды парушэнняў у лесе прыцягнуты да адказнасцi больш за 3000 чалавек, з iх за забруджванне смеццем прыйшлося адказаць 310 парушальнiкам, прычым 154 з iх выявiлi пры дапамозе сродкаў фота- i вiдэафiксацыi. З пачатку гэтага года ў парушэннi ляснога заканадаўства абвiнавачаны 383 чалавекi, 22 з iх — за забруджванне лесу.
— Мы размяшчаем фота- i вiдэакамеры на ўездах у лес, каля найбольш наведвальных месцаў, на ствалах дрэў. Рэгiстратары непрыкметныя для людзей, маюць добрую якасць адлюстравання i здольныя хутка перадаваць дадзеныя на мабiльныя прылады работнiкаў Мiнлясгаса, што дазваляе ў выпадку парушэння аператыўна выехаць на месца i зафiксаваць яго. У нас ёсць 1555 такiх апаратаў, перыядычна пры неабходнасцi мы iх пераносiм з аднаго месца ў другое. Вялiкая колькасць сродкаў фота- i вiдэафiксацыi знаходзiцца ў лясных фондах буйных гарадоў, найбольш наведвальных людзьмi месцах, — адзначыў Сяргей Чарняўскi.
Дарэчы, за забруджванне лесу прадугледжана адмiнiстрацыйная адказнасць, максiмальны штраф для фiзiчных асоб — дзесяць базавых велiчынь.
Арганiзацыямi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi кожны год праводзяцца работы па навядзеннi i падтрыманнi парадку ў лясным фондзе. У першую чаргу праца арганiзавана ў лесе ўздоўж аўтамабiльных дарог, паблiзу населеных пунктаў, розных знакавых аб’ектаў, месцаў адпачынку, а таксама ў прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых, ахоўных лясах.

З пачатку гэтага года арганiзацыямi, падпарадкаванымi Мiнлясгасу, праведзены санiтарныя высечкi i ачыстка лесу на плошчы 6,4 тысячы гектараў, вывезена каля 450 кубаметраў смецця.
З пачатку вясны мiнiстэрства займаецца пасадкай лесу. Сёлета плануецца штучным спосабам стварыць новыя лясы на плошчы прыкладна ў 34 000 гектараў. Ужо пасаджаны лес прыблiзна на 600 гектарах.
Таццяна СЕМЯНКОВА