Падручнік выхавання

Новую кнігу Эдуарда Скобелева “Герб, Сцяг і Гімн Беларускай Дзяржавы” прэзентавала выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Першапачаткова планавалася, што ўбачыць свет своеасаблівая энцыклапедыя айчыннай сімволікі ў другую нядзелю мая (акурат на яе выпадае Дзень дзяржаўнага герба і сцяга), але ж падрыхтавалі выданне з апярэджаннем – да дзесяцігоддзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якое традыцыйна святкуецца 15 сакавіка. Як адзначыў дырэктар “Мастацкай літаратуры” Уладзіслаў Мачульскі, на навінку (выйшла яна на дзвюх мовах: рускай і беларускай) ужо сёння вялікі попыт. Таму, магчыма, да верасня будзе раскуплены ўвесь тыраж – пяць тысяч экземпляраў. Дарэчы, прызначаецца выданне ў першую чаргу малодшым школьнікам: у кнізе, дзе шмат фотаздымкаў, расказваецца, напрыклад, як трэба слухаць гімн (прыводзяцца тут і яго ноты), ці што азначае чырвоны колер сцяга. Між іншым, на думку аўтара выдання пісьменніка Эдуарда Скобелева, кніга, безумоўна, стане добрым падручнікам па выхаваннi маладога грамадзяніна, бо сімволіка – важная частка існавання дзяржавы. Без яе немагчыма паўнацэннае жыццё народа, такія атрыбуты ўвасабляюць яго незалежнасць, паўнапраўе, свабоду, векавую культуру.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter