Падпісаўся і выйграў...

Жыхар Нясвіжскага раёна атрымаў адзін з галоўных прызоў “НГ” па выніках мінулай падпісной кампаніі

— Не буду падпісвацца ні на якія газеты! — сказаў як адрэзаў Андрэй Дзмітрыевіч.
— Чаму? — здзівілася Наталля Васільеўна.
— З грашамі напруга. А яшчэ зняверыўся я,  разоў пяць адпраўляў квіткі на конкурсы падпісчыкаў, ды  нічога не атрымаў.
І ўсё ж паштальён Карцэвіцкага аддзялення паштовай сувязі Наталля Боган угаварыла Андрэя  Драчана падпісацца. І ён зноў выбраў “Народную газету”. Па  прывычцы адправіў сваю квітанцыю на конкурс “Падпішыся — і выйграй!” і... выйграў. Ды не проста прыз, а тэлевізар “Віцязь”.
Гэта навіна хутка абляцела  Альхоўку. Пацягнуліся суседзі, хто з віншаваннямі, хто з патрабаваннем “абмыць” прыбытак у хаце.
Машыну з прызам  ля хаты сустракае гаспадар. Зазначае: “Вось добра, што такі выйгрыш выпаў. Мы з сынам увесь час спрачаемся: ён футбол хоча глядзець, а мы фільм ці доктара Малахава. Цяпер у кожным пакоі па тэлеку будзе, гэта ж зусім іншая справа”.
Андрэй Дзмітрыевіч без перабольшвання ўсё жыццё адпрацаваў на зямлі: трактарыстам і камбайнерам у родным калгасе “Радзіма”, Надзея Фамінічна  ў мінулым медсястра. Траіх дзяцей паднялі. Сын Валодзя пайшоў па бацькоўскай дарозе, застаўся ў роднай хаце. Андрэй асеў у Клецку, а Наташа ажно ва Украіне.
У сталым узросце жыццё ідзе размерана, без сюрпрызаў. Падарунак ад “НГ” — не проста прыемная нечаканасць, падзея для сям’і.
“Народная газета” шмат піша пра праблемы простых людзей, гэтым яна мне і падабаецца. А цяпер мая прыхільнасць да “Народнай” яшчэ ўзрасла, я ад газеты  не  адракуся, — запэўнівае гаспадар. — І сярод суседзяў агітацыю правяду, вунь яны цікуюць за намі. Было, пакеплівалі з мяне, што тэлевізар на чарапасе вязуць. Цяпер хай пазайздросцяць. А мо і ім пашанцуе... Сюрпрызы здараюцца, гэта я ўжо дакладна ведаю”.
Як паведаміла Наталля Васільеўна, Андрэй Дзмітрыевіч ужо аформіў падпіску на наступны год...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter