С начала зимы дорожники Минска выполнили около 20 000 квадратных метров ямочного ремонта

Падлатаем на дарожку

«Вясна ідзе, вясне дарогу!» — пад такім дэвізам апошнім часам працуюць майстры ДВА «Гаррамаў­тадар Мінгарвыканкама». За зімовы час асфальт месцамі знасіўся і патрабуе неадкладнай «рэанімацыі». Ды і нашы аўтамабілісты вельмі пільныя: толькі заўважаць выбоіну — адразу тэлефануюць у дыспетчарскую службу аб’яд­нання ці звяртаюцца да інтэрнэт-партала «Мой горад» 115.бел. Карэспандэнт «Р» разам з брыгадай упраў­лення «Цэнтр» адпра­вілася на рамонт дарогі.

Работнікі рыдлёўкамі дастаюць літую асфальтабетонную сумесь і ўкладваюць у рамонтную «карту».

Сёння я, як Чып і Дэйл у адной асобе, «спяшаюся на дапамогу» ўчастку дарогі на завулку Масюкоўшчына — з 8.30 тут ужо працуе брыгада. Арцём Ганчар, галоўны інжынер упраўлення «Цэнтр», уводзіць у курс справы і паралельна дапамагае апрануць зялёную камізэльку:  каб паўдзельнічаць у працэсе, трэба выглядаць адпаведна нормам.

— Найбольш крытычныя месцы, якія патрабуюць нашага аператыўнага ўмяшання, вызначаюцца падчас аб’ез­ду тэрыторый горада. За ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» замацаваны галоўныя дарогі — праспекты Незалежнасці, Пера­можцаў, частка вуліцы Арлоў­скай, вуліцы Кальварыйская і Прытыцкага, а таксама тыя, якія прылягаюць да стадыёна «Дынама». Астатнія ўчасткі знаходзяцца ў падпарадкаванні раённых рамаўтадараў. Але мы ўжо свае тэрыторыі адладзілі, таму зараз дапамагаем раёнам — там больш плошчаў і дэфектаў.


 Сапраўды, на ўчастку дарогі каля Ждановічаў, дзе зараз працуе брыгада, жывога месца няма — праз кожныя пару сантыметраў знойдзецца хоць і невялікая, але дзірка. Таму агароджваем мясцовасць дарожнымі знакамі, выстаўляем машыны для прыкрыцця работнікаў і пачынаем працаваць.

— Крытычнай яма лічыцца пры плошчы 0,09 квадратнага метра і глыбіні больш за 5 сантыметраў, — тлумачыць галоўны інжынер. — Тут у асноўным выбоіны стандартныя, але іх вельмі шмат і яны блізка размешчаны, таму вадзіцелі адчуваюць сябе вельмі некамфортна.

Перш за ўсё нарэзчыкам шва выразаем рамонтную «карту» — гэта ідэальна роўная дзірка на месцы старой ямы. Затым адбойным малатком выбіваецца старое пакрыццё. Для гэтай работы, дарэчы, патрэбна сіла — інструмент раз-пораз імкнецца выскачыць з рук, але рабочы прафесійна ім кіруе.

А цяпер мая чарга зрабіць свой унёсак у рамонт: узбройваюся ветрадувам і вызваляю «карту» ад бруду — паверхня павінна быць ідэальна чыстай. Дарэчы, інструмент падобны на пыласос з доўгім шлангам, толькі корпус у гэтым выпадку не ездзіць за табой на кольцах — яго прыходзіцца насіць на спіне. Адчуўшы на сабе складанасці рамонту дарог, пачынаеш шанаваць працу майстроў. Шкада, што ўскладняюць яе яшчэ і аўтамабілісты, якія праязджаюць паблізу: некаторыя не звяртаюць увагі на знак «40», які стаіць напачатку ўчастка. «Былі выпадкі, калі вадзіцелі на поўнай хуткасці «ўляталі» ў нашы машыны і абсталяванне. Дзякуй Богу, абышлося без ахвяр», — успамінае галоўны інжынер.
Адбойным малатком выбіваецца старое пакрыццё.

Калі ўсе падрыхтоўчыя работы завершаны, да ямы пад’язджае машына з літой асфальтабетоннай сумессю. Работнікі рыдлёўкамі дастаюць з яе распалены цягучы раствор і ўкладваюць у рамонтную «карту». Зверху для счаплення аўтамабільных колаў з палатном насыпаюць дробны друз.

— Тэмпература асфальтабетоннай сумесі пры ўкладцы павінна быць не менш за 170 °C, напрыклад, зараз 182 °C, — паказвае на табло Арцём Ганчар. — Гэтай сумессю можна карыстацца, калі на вуліцы не менш за -10 °C. А для работ у больш суровае надвор’е ёсць халодныя сумесі, якія можна ўкладваць да -15 °C. Яму «латаем» ва ўзровень з прылеглым пакрыццём, таму скакаць машыны не павінны.

Праз гадзіну-паўтары свежы асфальт зацвярдзее, і па ім можна будзе ездзіць. Гарантыя на ямачны рамонт — 2 гады, значыць, гэтая «карта» не зносіцца ў бліжэйшыя дзве зімы. А пакуль майстры перамяшчаюцца да іншай ямы: працы ў іх сёння хапае. Дарэчы, на адзін квадратны метр выбоіны можна патраціць як 5 хвілін, так і паўгадзіны — усё залежыць ад складанасці. Працуюць майстры ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» і днём, і ноччу без выхадных, таму могуць падлатаць каля 130—150 «квадратаў» у суткі.

Арцём Ганчар наракае: гэтая зіма выдалася вельмі складанай і моцна паўплывала на якасць дарог:

— А ўсё таму, што было шмат тэмпературных хістанняў, якія аслабілі асфальт. Днём усё растае, і вада трапляе ў мікраскапічныя расколіны, а ноччу, калі зноў удараюць маразы, вада застывае і пашырае гэтыя расколіны. Для асфальту страшныя менавіта такія перапады, а не анамальны холад ці спякота, як многія памылкова лічаць.

Дарэчы, з пачатку зімы работнікі аб’яднання выканалі каля 20 000 квадратных метраў ямачнага рамонту, а ўсе крытычныя ямы ў сталіцы абяцаюць адрамантаваць да 1 мая.


Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter