Падарыце ім крыху любві.

Два месяцы таму гэтыя творчыя людзi, пра поспехі якіх на пісьменніцкай ніве “НГ” ужо расказвала, удачарылi чатырохгадовую Палiну. Яшчэ раней, у 2006 годзе, у iх сям`ю быў узяты сiрата Лёшка. Старэйшае дзiця Мiколы i Iрыны — кроўная дачка Лiза.

Завiтаўшы напярэдаднi навагодняга свята ў сямейны iнтэрнат на адной са сталічных вуліц, дзе пакуль што жыве вясёлая сям`я, я пабачыла ўжо пасталелага васьмiгадавога Алёшу, дзевяцiгадовую Лiзу i iх маленькую сястрычку Палiну. У вялiкiм пакоi iнтэрнацкага блока, якi належыць дзецям, сапраўднае царства цацак. Другi пакой — меншы — бацькi абсталявалi як пiсьменнiцкi кабiнет i бiблiятэку. Тут яны i працуюць над сваiмi новымi кнiгамi. Але гэта не значыць, што дзеткам уваход сюды забаронены. Тут жа стаiць тэлевiзар, па якiм яны глядзяць свае мульцiкi. А яшчэ тэрарыумы з любiмымi чарапашкай ды яшчаркамi. Гуляюць з жывёламi дзецi, а даглядаюць, як водзiцца, бацькi.

Неталенавітых дзяцей не бывае

Тут i пайшла размова аб дзецях i сямейным ладзе жыцця ў такi няпросты час, якi ўсё ж не падаецца пiсьменнiкам выключна цяжкiм.
Пакуль мы размаўлялi з мамай i татам, у бацькоўскi пакой некалькi разоў заглядаў Лёшка, дэманструючы вырабы, зробленыя сваiмi рукамi. Ён любiць майстраваць, выдумляючы кожны раз нешта новае. “Залатыя рукi i неўтаймаваная фантазiя”, — кажа мама.
Гiсторыю з`яўлення  ў сям`і Мiколы i Iрыны рудога, канапатага, нiбыта з дзiцячага мульцiка, Лёшкi можна было б назваць чыста журналiсцкай прыгодай. Iрына ў той час працавала рэдактарам у праграме “Справы сямейныя” на тэлеканале “Лад”. Праграма закранала многiя пытаннi i аспекты сямейнага жыцця, распавядала пра дзiцячыя дамы i пра канкрэтных дзецей.
Аднойчы карэспандэнтам прапанавалi зрабiць сюжэт пра трохгадовага хлопчыка, якi апынуўся ў прытулку Заводскага раёна горада Мiнска, — каб адшукаць каго-небудзь з родных цi знаёмых, бо не мелася нiякiх сведчанняў пра малога, нiякiх дакументаў.
Пасля таго, як сюжэт пра рудога, як сонейка, хлопчыка прайшоў двойчы па “Ладзе”, Алёшку паказалi на тэлеканале АНТ. Журналiсты ахрысцiлi запамiнальнага хлопчыка “сонечным цудам”. Аднак усе iх намаганнi аказалiся дарэмнымi. На сюжэт нiхто не адгукнуўся. Нiхто не назваўся сваяком хлопчыка, нiхто не паведамiў нават пра яго бацькоў.
“Даведкі пра Алёшку, — успамiнала Iрына, — шукалi па дзiцячых дамах, палiклiнiках. Нават слалi запыты ў Расiю, Украiну. Нiдзе дзiця не было зарэгiстравана, нiхто яго не шукаў”.
Да таго моманту, калi хлопчык атрымаў адпаведны статус для ўсынаўлення, Iрына i Мiкола ўжо былi добра знаёмы з гэтым рудым сонейкам. Неаднаразова бралi дахаты на выхадныя i ў рэшце рэшт вырашылi забраць яго ў сваю сям`ю назаўсёды.

 Крызiс гэта не праблема для людзей, якія сапраўды хочуць узяць дзiця ў сям`ю. Праблема ў стаўленнi грамадства да ўсынаўлення i наогул да сям`i, у якой выхоўваецца больш за двое дзяцей.

Ён любiць не толькi майстраваць, але i разважаць, спаборнічаючы ў гэтым iнтэлектуальным майстэрстве з сястрычкай Лiзай. У жыццi дзяцей пiсьменнiкаў немалаважную ролю адыгрываюць кiно i кнiга.
Iрына звяртае ўвагу на тое, што дзецi выхоўваюцца на веры ў Бога. Лёшку праблема святасцi занепакоiла пасля прагляду фiльма “Тарас Бульба”. Калi ў канцы стужкi казакi, славячы Бога i родную зямлю, гiнулi, ён спытаўся: “Мама, цi яны сталi святымi? Яны ж за веру жыццё аддалi!”
Дзевяцiгадовая Лiза схiльная да аналiтыкi. Яна вельмi начытаная дзяўчынка. Iншы раз проста здзiўляе, колькi звестак можа ўтрымлiваць дзiцячы розум. Напрыклад, любiць супастаўляць факты і падзеі, узятыя з Бiблii, з мiфалогiяй. Яшчэ ў дашкольным узросце, апынуўшыся разам з татам у бiблiятэцы, яна нечакана абрала для сябе вялiкую кнiжку “ Мiфы старажытнай Грэцыi”. I — захапiлася. Стала фантазiраваць. Сачынiла казку і выйграла ў сваёй узроставай групе конкурс “Казка для Караткевiча”, які абвяшчаў Вiцебскi тэатр лялек.

Пажаданне дабра

З Вiцебскам звязаны творчы шлях не толькi Лiзы i яе мамы Iрыны, пастаноўка п’есы якой “Крыж Еўфрасiннi Полацкай” адбылася ў Вiцебскiм тэатры, але i жыццё маленькай Палiны. Яе ўзялi з Вiцебскага дзiцячага дома.
Поля толькi адаптуецца ў сям`i. Падбягаючы да матулi, яна лашчыцца, абдымае яе за шыю. А першыя днi не злазiла з татавых каленяў. “Пакуль не пачаў штосьцi забараняць”, — заўважае Мiкола.
 “Чым адрознiваюцца дзеткi, якiя жылi без бацькоў, ад дамашнiх?” — пытаюся ў Міколы. Ён задумваецца: “Вiдаць, тым, што ў iх няма ўнутранага тормазу. Яны не разумеюць, што нешта можа пагражаць iх жыццю. Не разумеюць, што ёсць смерць. Поля, як толькі прывезлi яе, лезла ўсюды. Гуляла з запалкамi, пальцы ў разетку спрабавала ўсунуць. Валасы ў яе былi доўгiя, як у русалкi. I гэта яшчэ дадавала небяспекi. Я  вырваў у сябе волас, падпалiў яго, паказаў, як палыхнула. Тады спалохалася, сцiшэла крыху. Тое ж самае на дарозе — ляцiць да машын. Трымаю моцна за руку, вырываецца. Псiхолагi растлумачылi, што дзiця з дзетдома, якое не прывыкла да свабоды, не ведае, як паводзiць сябе, калi нiхто не прымушае рухацца строем па вядомым маршруце”.
На пытанне, што ты хацела б атрымаць ад чароўнай палачкi на Новы год, Лiза адказала: “Пяцiпакаёвую на два ярусы кватэру”. Вядома, дзецям цесна ў двухпакаёвым блоку.
Лёша на тое ж пытанне фiласафiчна адказаў: “Я хацеў бы вынайсцi моцны абязбольвальны сродак. Каб нiхто з хворых не пакутаваў. А яшчэ — сродак ад раку, каб нават самых безнадзейных вылечваў”.
Тата з мамай пажадалi сабе ў новым годзе добрага летняга адпачынку з дзецьмi на моры, на якi ў цяперашнi час нялёгка сабраць сродкi.

І радасць, і расчараванні

Сям`я ў крызiс — пытанне, якое ў гэтым доме асабліва не абмяркоўваюць.
“Крызiс гэта не праблема для людзей, якія сапраўды хочуць узяць дзiця ў сям`ю, — як адрэзала Iрына.— Праблема ў стаўленнi грамадства да ўсынаўлення i наогул да сям`i, у якой выхоўваецца больш за двое дзяцей. Раней сялянскiя сем`i ўсе былi шматдзетныя. А пасля вайны стала модным праяўляць сябе ў кар’еры. Шматдзетнасць кар`еры, канешне, перашкаджала. Вось i пачалi жанчыны адмаўляцца ад нараджэння трэцяга, чацвёртага, пятага дзiцяці. I над шматдзетнымi тады нават пасмейвалiся. У мамiнай знаёмай нарадзiлася чацвёра блiзнятак. I яна плакала: “Хiба я жанчына? Я — труска!”. Зараз сiтуацыя мяняецца. Але i сёння на блогах у iнтэрнэце  можна сустрэць негатыўныя выказваннi наконт шматдзетных сем`яў. У вялiкай ступенi з-за тых льгот, якiя дзяржава дае ім. Аднак варта сказаць, што наўрад цi многа ў нас людзей, якія нараджаюць дзяцей цi ўсынаўляюць толькi дзеля льгот. Бо сіл i энергii на выхаванне iдзе шмат. Расчараваннi i радасць чаргуюцца. Я ўжо не кажу пра хранiчную стомленасць, калi дзецi малыя i зусiм яшчэ не самастойныя. А льготы — гэта надта добра, гэта — вялiкі дзякуй, але ўсiх страт, фiзiчных, маральных i матэрыяльных, яны не пакрыюць. Таму няма чаго зайдросцiць. Трэба проста падумаць: няўжо дзецi, наша будучыня, не заслугоўваюць любвi i шкадавання?”.
У Iрыны Маслянiцынай i Мiколы Багадзяжа — цёплы i ўтульны дом. Бо дом — гэта зусiм не памяшканне, гэта тое, што напаўняе яго.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter