Падарунак да Новага года

Упершыню выдадзены ў Мінску ідыш-беларускі слоўнік важыць два кілаграмы
Упершыню выдадзены ў Мінску ідыш-беларускі слоўнік важыць два кілаграмы.

У загалоўку артыкула няма памылкі з часам: у розных народаў Новы год святкуецца ў розны час. Да яўрэяў, напрыклад, ён прыхо-дзіць 30 верасня. І менавіта напярэдадні яўрэйскага Новага 5769 года, а яшчэ напярэдадні святочнай суботы адбылася прэзентацыя фактычна першага ідыш-беларускага слоўніка (да гэтага, у 1928 годзе хрысціянскага летазлічэння, быў выдадзены толькі кішэнны ідыш-беларускі і беларуска-ідыш размоўнік). Адначасова гэта самы вялікі слоўнік з мовы ідыш як па аб’ёме, так і па масіўнасці: ён уключае каля 50 тысяч слоў і важыць цэлых два кілаграмы. Складальнік Аляксандр Астравух працаваў над ім 11 год.

— Мой ідыш пачаўся з роднага Мсціслава, — казаў на прэзентацыі аўтар слоўніка. — Таму на сённяшняе патройнае свята прыехалі адтуль землякі. Зараз яны праспяваюць некалькі тамтэйшых яўрэйскіх песень, а закончаць вечар беларускай — таксама мсціслаўскай.
Людміла Дзіцэвіч, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы, вітаючы ўдзельнікаў, прыгадала, што прэзентацыя адбываецца якраз у Дзень еўрапейскіх моваў, што ідыш на працягу 12 гадоў быў адной з чатырох дзяржаўных моваў БССР. Паводле прамоўцы, выхад слоўніка, як і папярэдніх — руска-беларускага, англійска-беларускага, нямецка-беларускага, польска-беларускага і іншых — сведчыць пра тое, што наша краіна паспяхова выходзіць на міжнародныя камунікацыйныя абсягі.

Мовазнавец Пётр Садоўскі, дырэктар Цэнтра яўрэйскай культуры ў Мінску Іна Герасімава, іншыя прамоўцы гаварылі пра тое, што слоўнік Аляксандра Астравуха — больш, чым слоўнік. Дзякуючы шматлікім прыкладам-цытатам гэта яшчэ і своеасаблівая энцыклапедыя народнага жыцця яўрэяў, іх звычаяў, прыказак, загадак, літаратурных твораў, нават анекдотаў.

Фінансаваў выданне бізнесовец з Санкт-Пецярбурга Андрэй Гарбенка. Ён не ведае ні ідыш, ні беларускай мовы, але, пабываўшы ў Мінску і Баранавічах, загарэўся ідэяй, даў сродкі на выданне з адной умовай: каб пасля выхаду гэтага лексікона Аляксандр Астравух узяўся за складанне падобнага ідыш-рускага слоўніка.

Пад канец вечарыны яе ўдзельнікі са смакам пачаставаліся яўрэйскімі традыцыйнымі стравамі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter