Падарунак да Божага Нараджэння. У Гродзенскім фарным касцёле завяршылася рэстаўрацыя алтара пасля пажару.

Каля адноўленай святыні прайшла першая служба.

Алтар, створаны  ў стылі позняга барока і ўпрыгожаны шматлікімі калонамі і пілястрамі, моцна пацярпеў ад пажару ў 2006 годзе. Агонь найбольш пашкодзіў чатыры драўляныя скульптуры (усяго іх 20): мецэната касцёла Самуіла Лазовы, святога Амброзія, апосталаў Якава і Фамы. Складанасць рэстаўрацыйных работ заключалася ў тым, што старадаўнія чарцяжы алтара былі даўно страчаны, а аднаўляць прыйшлося фігуры апосталаў вышынёй у чалавечы рост! Працавалі па старых фотаздымках.
Навуковым кіраўніком аднаўленчых работ выступіў вядомы польскі спецыяліст, галоўны рэстаўратар Каралеўскага замка ў Варшаве Павел Садлей, а рэзчыкамі — Казімір Місюра і яго сын Ігар з гарадскога пасёлка Воранава. Майстры працавалі над скульптурамі чатыры гады. Сёлета рэзчыкі закончылі працу над апошняй фігурай — святога Амброзія. Яна і завяршыла кампазіцыю галоўнага алтара гродзенскай святыні. Каб алтар поўнасцю набыў першапачатковы выгляд, засталося яшчэ пакрыць некаторыя элементы сусальным золатам. Плануецца, такі падарунак рэстаўратары зробяць для гродзенскіх прыхаджан ужо да Вялікадня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter