Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Помнік народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Мулявіну ўсталяваны ў Мінску

Падарунак ад землякоў

Помнік Ул. Мулявіну
Такі шчодры падарунак беларусам да 950-годдзя Мінска зрабіла Свярдлоўская вобласць Расіі. Справа ў тым, што тры гады таму пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі помнік музыканту быў адкрыты на яго радзіме ў Екацярынбурзе. Чатырохметровая фігура спевака, з гітарай у руках у сцэнічным касцюме, работы беларускага скульптара Сяргея Логвіна была ўсталявана насупраць тэатра “Космас”, у зале якога “Песняры” часта выступалі на працягу больш чым двух дзясяткаў гадоў. І вось цяпер помнік Уладзіміру Мулявіну, сапраўднаму генію, які здолеў зрабіць ансамбль “Песняры” нацыянальным брэндам Беларусі, усталяваны ў самым цэнтры Мінска — на бульвары Мулявіна.

Аўтарам праекта стаў вядомы беларускі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Каструкоў. Паводле яго задумы музыкант сядзіць у сцэнічным касцюме, з гітарай у руках: быццам зноў сустрэўся з прыхільнікамі сваёй творчасці. Вышыня скульптуры каля двух метраў. Такое мастацкае рашэнне, на думку аўтара, найбольш адпавядае вобразу Мулявіна. Аляксандр Каструкоў, які добра ведаў Мулявіна пры жыцці, казаў: “Уладзімір Георгіевіч быў вельмі сціплым чалавекам, і мая задума ў тым, каб паказаць яго сапраўдным, каб, вобразна кажучы, кожны чалавек мог зазірнуць яму ў вочы, у думках аб нечым спытаць, параіцца...” Беларускі скульптар працаваў у Мінску з глінай. Пасля чаго гіпсавая форма помніка была адпраўлена ў Екацерынбург, а там ужо ўральскія майстры адлілі скульптуру ў бронзе і даставілі ў Мінск.

Сквер за Белдзяржфілармоніяй невыпадкова быў абраны для ўстаноўкі помніка: у ім часта прагульваўся, адпачываў Уладзімір Мулявін. Гэтае ўтульнае месца палюбілі многія жыхары горада. Каля філармоніі закладзена Алея славы, елкі на якой пасадзілі беларускія артысты, музыканты, дзеячы культуры. У планах гарадской адміністрацыі — стварэнне Алеі зорак. На ёй будуць увекавечаны таксама імёны тых артыстаў, якіх няма ўжо на гэтым свеце: Уладзіміра Мулявіна, Яўгена Глебава, Святланы Данілюк, Віктара Вуячыча ды іншых. Будзе створана там і летняя канцэртная пляцоўка. Так, побач з помнікам Песняру з’явіцца ў скверы на бульвары Мулявіна цэлы культурна-ландшафтны комплекс, які, пэўна, стане адным з самых папулярных месцаў адпачынку для мінчан.

Зінаіда Камінская

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter