Падару табе на шчасце сонца

Школьныя бізнес-кампаніі Міншчыны зарабляюць неблагія грошы

«БелАрт» трымаецца дакладнай рыначнай стратэгіі і на аснове старадаўняга рамяства стварае сапраўдныя творы мастацтва

Дзяўчаты трымаюць у руках прыгожыя беларускія ручнікі, аздобленыя майстэрскім дэкорам кошыкі і куфэркі, вытанчанай работы сурвэткі і іншыя далікатныя аксесуары. Яны такой дасканалай прыгажосці, што не інакш належаць паненцы, якая збіраецца да шлюбу. Так яно і ёсць на самай справе. Гэтыя арыгінальныя вырабы — прадукцыя школьнай бізнес-кампаніі, а прызначаюцца яны для афармлення традыцыйных беларускіх абрадаў.

Унікальны праект па стварэнні такіх кампаній на Міншчыне ўзяў старт у мінулым навучальным годзе. І зараз у сталічнай вобласці іх працуе больш за 60, азы бізнесу на практыцы спасцігаюць больш за паўтысячы дзяцей. На што толькі не здатны вынаходлівы дзіцячы розум пад умелым кіраўніцтвам прафесійных педагогаў! Яскравы прыклад — бізнес-кампанія «БелАрт», што працуе на базе Петкавіцкай сярэдняй школы на Дзяржыншчыне, дзе здолелі знайсці і заняць сваю, адметную нішу.

Увогуле, у Петкавіцкай школе шмат цікавых падыходаў да працэсу навучання і выхавання. А сфера дзейнасці бізнес-кампаніі — тэма для асобнай размовы. Для гэтага і сабралася ў прасторным кабінеце-майстэрні шмат зацікаўленых людзей. Наша размова ўвесь час пераскоквала з методыкі асваення бізнесу на ўменне ствараць прыгажосць. А інакш і атрымацца не магло...

Кіруюць бізнес-кампаніяй, якая працуе ў гэтым статусе толькі год, дзве настаўніцы, сапраўдныя энтузіясткі і выдатныя прафесіяналы. Вытворчай дзейнасцю заняты больш за дзесяць старшакласнікаў. Над напрамкам будучай кампаніі доўга не задумваліся, бо ў школе быў унікальны вопыт старадаўняга народнага рамяства, людзі, якія ў гэтым сапраўдныя майстры, і дзеці, якія мелі пэўныя навыкі праз гуртковую работу. А злучыла ўсё ў канцэптуальную лінію арыгінальная ідэя — вырабы юных майстроў могуць афармляць любыя беларускія абрады. Вывучылі рынак, аказалася, што там пераважна сувенірная прадукцыя іншага кшталту, а такіх тавараў ручной работы небагата, таму ў дзіцячага аб’яднання ёсць шырокае поле для дзейнасці.

«Бізнес-кампанія існуе ў адпаведным прававым полі, створаны ўсе неабходныя дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць, вызначаны парадак стварэння і работы. Мы маем спецыяльны сертыфікат, падпісаны кіраўніцтвам фінансавых, падатковых і іншых кампетэнтных органаў раёна. З кожным вучнем заключаны дагавор падраду на выкананне работ з пісьмовай згодай бацькоў. Дэталёва распрацаваны бізнес-план, які ўтрымлівае стратэгічныя накірункі развіцця і канкрэтныя разлікі. На кожны заказ афармляюцца ўсе неабходныя дакументы», — расказвае адзін з кіраўнікоў, настаўнік матэматыкі, метадыст Галіна Іванаўна Цэлагуз. Дзеці добра знаёмыя з гэтымі дакументамі, яны прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў, каштарыснай дакументацыі, у вырабе і рэалізацыі прадукцыі. «Адным словам, спасцігаюць асновы прадпрымальніцтва, мы імкнёмся даць ім пэўны набор эканамічных ведаў і навучыць прымяненню іх на практыцы. Гэта, бясспрэчна, будзе мець карысць далей у жыцці і прафесійным вызначэнні», — дадае Галіна Іванаўна.

Спачатку дзеці стваралі асобныя вырабы. А вось як будзе выглядаць камплект, ці ўдасца зрабіць усё ў адным стылі? Паспрабавалі — атрымалася. І зараз на заказ кампанія можа аформіць практычна любы абрад — заручыны, вяселле, хрэсьбіны, Каляды ці проста нейкую сямейную ўрачыстасць. Нават створаны каталог з апісаннем кожнай мадэлі, разлікамі, схемамі і правіламі выканання работ.

«Наш «канёк» — гэта вышыўка ў старадаўняй народнай тэхніцы «набор». Так мы ствараем ручнікі, невялічкія сурвэткі-абярэгі, сувенірныя абгорткі для кніг і альбомаў і іншыя вырабы», — працягвае размову другі кіраўнік кампаніі, настаўнік працоўнага навучання, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Валянціна Іванаўна Рабіноўская. І ў час гэтага расказу я здзіўлена гляджу на ручнікі, на яе, дзяўчат, якія, разумеючы, усміхаюцца. «Так, так, многія здзіўляюцца і пытаюцца, дзе ж нашы ткацкія станкі. А іх увогуле няма, бо гэта не ткацтва, а ручная вышыўка, якая выконваецца на баваўнянай канве. Можна і на льняной, але яе трэба пэўным чынам падрыхтоўваць», — працягвае Валянціна Іванаўна.

Я бяру ў рукі ручнік: ён вельмі прыгожы, мяккі і прыемны на дотык. А юныя майстрыхі, адна перад адной, расказваюць, як асвойвалі тэхніку, вышывалі свае першыя рэчы, хваляваліся, ці спадабаецца заказчыку іх першы камплект, які яны рабілі на вяселле.

Адметна, што вырабы маюць не проста эстэтычны выгляд, а пэўнае сэнсавае значэнне. «Кожны ручнік мае канкрэтны набор сімвалаў, якія маюць адпаведны сэнс. Напрыклад, на вясельным абавязкова павінна быць сонца, якое сімвалізуе сям’ю, каханне, шчасце, здароўе і дастатак. А гэтыя маленькія ромбікі — гэта дзеткі. Такім чынам, на ручніку мы пішам пажаданні, якія будуць аберагаць сям’ю», — распавядаюць дзяўчаты.

Ручніковыя і іншыя кампазіцыі ствараюцца на аснове вывучэння старадаўніх народных традыцый і звычаяў. Я цікаўлюся, а што ж уваходзіць у вясельны камплект? Фарміруецца ён па жаданні заказчыка. Абавязкова гэта некалькі ручнікоў, дэкарыраваныя куфэркі, куды госці будуць класці свае падарункі, далікатныя кошыкі, з якіх нявеста будзе частаваць цукеркамі. Прапануецца афармленне мэблі, у выніку чаго атрымліваюцца элегантныя сталы і стулы са «спаднічкамі» і пышнымі бантамі-фалдамі. Ды ўсё, што трэба, нават аздабленне бакалаў і іншага посуду, аксесуараў для прычосак, букетаў і гэтак далей. І, паверце, гэта не будзе выглядаць нібы са старога бабулінага куфэрка, — вырабы выконваюцца ў розных мастацкіх тэхніках, яны сучасныя і стыльныя, але з элементамі традыцыйнай беларускай творчасці.

Бізнес-кампанія працуе як на заказ, так і на продаж. «Заказы на камплекты яшчэ пакуль у нас адзінкавыя. Вядома, гэта вельмі працаёмкая работа, ды і часу прайшло не так багата. Але, шчыра кажучы, інфармацыя распаўсюджваецца, і людзі цікавяцца ўсё больш. Актыўна мы вырабляем сувенірную прадукцыю — закладкі, сурвэткі, абярэгі і шмат чаго яшчэ. Без нас не абыходзіцца ў раёне ні адзін кірмаш ці выстава-продаж. Выязджаем і за яго межы», — працягвае Галіна Іванаўна Цэлагуз.

Больш значныя вырабы нават здаюць у арэнду. «Праўда, вясельныя ручнікі часцяком потым прыходзяць выкупляць. Людзі пачынаюць адносіцца да іх па-асабліваму, усё ж такі сімвал. І купляюць, захоўваюць як пасаг», — дапаўняе Валянціна Іванаўна Рабіноўская.

Наступным этапам у развіцці, як мяркуюць удзельнікі бізнес-кампаніі, плануецца павелічэнне асартыменту сувенірнай прадукцыі, якая будзе шырока выкарыстоўвацца ў побыце і знаёміць яе ўладальнікаў з беларускімі традыцыямі. У бізнес-кампаніі нават створана свая даследчая група, якая займаецца вывучэннем атрыбутаў, што прымяняюцца ў абрадах, і распрацоўкай тэхналагічнага працэсу. Увогуле, вялікая ўвага надаецца якасці вырабляемай прадукцыі — кантроль ажыццяўляецца на ўсіх этапах вытворчага цыкла — ад закупу сыравіны да ўпакоўкі і афармлення заказаў.

Больш таго, у школе клапоцяцца пра тое, каб майстэрскі ўзровень бізнес-кампаніі заўсёды меў высокую адзнаку. А для гэтага трэба, каб тыя дзеткі, якія прыйдуць на змену выпускнікам, былі належным чынам падрыхтаваныя. Таму тут створана спецыяльная майстэрня, дзе малыя спасцігаюць навуку творчасці, каб у свой час паўнавартасна ўзяцца за рамяство.

Дзейнасць школьнай бізнес-кампаніі на асабістым кантролі трымае дырэктар школы Аліна Аляксандраўна Марціновіч. Яна, як вопытны адміністратар, ведае цану эканамічнай падрыхтоўцы, таму ўпэўнена, што сучасным дзецям проста неабходна ўжо ў школе набыць адпаведную эканамічную адукацыю. Акрамя бізнес-кампаніі, актыўна працуюць гурток і факультатыў «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці».

«Важны паказчык дзейнасці бізнес-кампаніі — гэта фінансавы рэзультат: атрыманы прыбытак і заробленыя грошы. Напрыклад, за апошнія чатыры месяцы прыбытак нашай кампаніі складае 1 млн. 580 тыс. рублёў. Гэта без уліку затрат на матэрыялы і зарплату, зразумела, што чысты прыбытак будзе меншы. Але тут галоўнае не велічыня лічбаў і памер заробку, а тое разуменне методыкі вядзення спраў і практычныя навыкі, што набываюць дзеці. Пайшоўшы ў дарослае жыццё, яны ўжо будуць мець пэўную базу», — зазначае Аліна Аляксандраўна.

Да таго ж, усміхаецца яна, дзяўчынкі, якія працуюць у бізнес-кампаніі, — будучыя нявесты і самі змогуць зрабіць на сваё вяселле не толькі ручнікі, але і іншыя арыгінальныя аксесуары.

--------------------------------------

Лічба

Школьныя бізнес-кампаніі Міншчыны ў гэтым навучальным годзе плануюць зарабіць звыш 172 млн. рублёў. Гэтыя дзіцячыя аб’яднанні хоць і шукаюць самастойныя шляхі, але маюць надзейнага і вельмі прафесійнага дарадцу — суправаджае іх дзейнасць вучэбна-практычны цэнтр «Школьная кампанія», створаны на базе інкубатара малога прадпрымальніцтва ЗАТ «МАП ЗАТ», што ў Мінскім раёне.

--------------------------------------

На здымку: вырабы юных майстроў.

Фота: Марына БАРАДАЎКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter