Падарожжы з ХХІ стагоддзя ў даўніну

“У канцы Х стагоддзя (каля 985 года) за 1 кіламетр на паўднёвы захад ад першага неўмацаванага паселішча пабудавана парубежная крэпасць-горад, захаваліся рэшткі яго – гарадзішча Замэчак… У канцы ХІ стагоддзя на тэрыторыі пасада, на беразе Свіслачы, узведзена новае ўмацаванне – дзядзінец. Заслаўе становіцца цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства Полацкай зямлі, упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127-28 гг.”З кнігі “Архітэктура Беларусі”, 1993 г.
“У канцы Х стагоддзя (каля 985 года) за 1 кіламетр на паўднёвы захад ад першага неўмацаванага паселішча пабудавана парубежная крэпасць-горад, захаваліся рэшткі яго – гарадзішча Замэчак… У канцы ХІ стагоддзя на тэрыторыі пасада, на беразе Свіслачы, узведзена новае ўмацаванне – дзядзінец. Заслаўе становіцца цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства Полацкай зямлі, упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127-28 гг.”

З кнігі “Архітэктура Беларусі”, 1993 г.


Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі Калі ў мінулым стагоддзі старажытны горад Заслаўе пашыраўся, узводзіліся новыя мікрараёны, безумоўна, трэба было захаваць гістарычны ландшафт, помнікі. І весці іх рэстаўрацыю. Таму і пачаў стварацца тады гісторыка-культурны запаведнік.

…Цёплая летняя ноч. Вялікае Купальскае вогнішча палае на шырокім, крыху вільготным ад расы, лузе. Ён — прама за агародамі гараджан. Сабралася шмат моладзі з Заслаўя. Бліжэй да агню водзяць карагоды, спяваюць песні, ладзяць купальскія гульні. Потым, пад раніцу, калі вогнішча стала меншым, юнакі і дзяўчаты скакалі цераз ачышчальнае полымя, купаліся ў рацэ. Найбольш стойкія, каго не змарыў сон, пайшлі сустракаць узыход сонца на старажытныя валы, бліжэй да царквы. Чыталі вершы, зноў спявалі. Памятаю па гэты час: з начы, з тонкіх слаёў-пялёнак туманоў, быццам з далёкай мінуўшчыны, выплываюць заслаўскія краявіды… Віднее, пачынае ружавець на ўсходзе. І — вось яны, першыя прамяні! Так на пачатку 90-х у Заслаўі нанова адраджалася спрадвечнае свята.

— Традыцыя жывая: мы і цяпер штогод ладзім прыгожае Купалле, — усміхаецца загадчык аддзела музейнай педагогікі запаведніка “Заслаўе” Таццяна Арлова. — Збіраецца і заслаўская моладзь, і мінская. Музычныя гурты прыязджаюць: у аўтэнтычных строях, з барабанамі, дудамі… Вядома ж, гэта ўсё вельмі цікава і турыстам. Да нас, дарэчы, круглы год прыязджаюць тургрупы не толькі з Беларусі, але і з Расіі — і дарослыя, і дзеці. Яны ў асноўным з прылеглых да Беларусі абласцей: Смаленшчыны, Пскоўшчыны... І з іншых краін (Польшча, Літва…) едуць: відаць, добрая слава ідзе пра наш гарадок…

Так, цікавыя гасцям сляды мінулага, якія засталіся ў Заслаўі. Астраўком сівой даўніны выглядае гара-дзішча “Замэчак” — месца заснавання горада, якому больш за 1000 гадоў. А заслаўская Спаса-Праабражэнская царква стаіць на ўзгорку, абкружаным ровам і высокім земляным валам — гэта гарадзішча “Вал”. Дарэчы, храм пабудаваны на мяжы 16 і 17 стагоддзяў як пратэстанцкі, пазней стаў касцёлам святога архангела Міхаіла, і толькі ў 1840-м — царквою. Такіх арыгінальных помнікаў архітэктуры, удакладняе Таццяна Арлова, па Беларусі ацалела толькі два, адзін — у Смаргоні.

Створаны ў Заслаўі і цікавыя этнаграфічныя экспазіцыі. Напрыклад, арыгінальны Дзіцячы музей міфалогіі лесу, дзе незвычайныя тэатралізаваныя экскурсіі робяцца з разлікам на школьнікаў. А са старым млынам гасцей знаёміць не проста экскурсавод, а Млынар. Паказваюць гасцям і кузню. У “Хаце завознікаў”
(у Беларусі, нагадаем, завозам называлі чаргу ў млын) іх сустракае гаспадыня ў нацыянальным строі — пані Зося. Яна частуе гасцей духмянай гарбатай са смачнымі, толькі з печы, баранкамі.

— Музея, падобнага да “Хаты завознікаў”, у Беларусі няма, — тлумачыць Таццяна Арлова. — Мы пастараліся не проста сабраць асобныя этнаграфічныя рэчы, але і аднавіць інтэр’ер, побыт жыхароў мястэчка такім, якім ён быў на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. Адзін з найбольш салідных экспанатаў, які прыцягвае ўсеагульную ўвагу — гэта стары дызель. Заслаўскі млынар набыў яго ў 1924 годзе. Пэўна, рухавік нямала ў свой час папрацаваў, а калі ствараліся запаведнік і музей, то ўжо стаяў у млыне без справы: яго замянілі электраматоры. Давялі рухавік да ладу – вось ён і цяпер добрую службу служыць.

Вясне ў запаведніку асабліва рады: з пацяпленнем усё больш экскурсантаў прыязджае ў Заслаўе. І лета ў гістарычным месцы таксама “завозная пара”. Сёлета, улічваючы пажаданні турыстаў, у музейна-выставачным комлексе мяркуюць адкрыць экспазіцыю беларускай керамікі, а таксама паказаць рыцарскія даспехі 16-18 стагоддзяў.

А як жа іншыя поры года — зацішша? У гісторыі, жартуюць музейшчыкі, сезонаў не бывае, яна заўсёды цікавая. Напрыклад, усё больш гасцей збіраюць тэатралізаваныя беларускія Каляды — іх святкуюць у снежні. А музейна-педагагічныя заняткі, якія праводзяць у Заслаўі, карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў тых, хто арганізуе пазакласную работу са школьнікамі.

НА ЗДЫМКУ: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter