Падарожжы з Будслава ў Лондан і ў Гімалаі

Копія аднаго з найбольш шанаваных абразоў каталіцкай царквы цяпер ёсць і ў замежжы
Многія ведаюць: Будслаўскі абраз Божай Маці — святыня нацыянальнай значнасці, адна з найбольш шанаваных у каталіцкай царкве, славіцца шматлікімі цудамі. Абраз напісаны невядомым мастаком у XVI стагоддзі і, як сведчыць назва, знаходзіцца ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Міншчыны, у касцёле Ушэсця Маці Божай.


Копію абраза ў Будславе выносяць з храма для пакланення дзясяткаў тысяч паломнікаў

Аповед пра тое, як трапіла копія святыні ў грэка-каталіцкую царкву ў Лондан, пачнем з гісторыі з’яўлення яе ў Беларусі. Летапісы сведчаць: адбылося тое напрыканцы ХVІ стагоддзя.  Першым уладальнікам абраза быў мінскі ваявода Ян Пац, які перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ён і атрымаў абраз пад час пілігрымкі ў Рым у 1598 годзе з рук Папы Рымскага Клімента VIII. Пасля смерці ваяводы абраз застаўся яго капеляну Ісаку Салакаю, які ў 1613-м быў у Будславе і па просьбе айцоў ахвяраваў абраз касцёлу.


Копія святыні, што пабывала ў Гімалаях

Вернікі ведаюць: з 1991 года ў Беларусі праводзяцца рэгулярныя паломніцтвы ў Будслаў, да святыні. У 1998-м была афіцыйная цырымонія каранавання цудатворнага абраза. Ва ўрачыстай абстаноўцы кардынал Казімір Свёнтэк прымацаваў папскія кароны на абраз. З таго часу яна — санктуарый (святыня) нацыянальнай значнасці. Штогод 2 ліпеня ў Будслаўскі касцёл прыбываюць дзясяткі тысячаў паломнікаў, каб пакланіцца Маці Божай Будслаўскай. Абраз раней штогод выносіўся з храма для паломнікаў, і тэмпературна-вільготнасныя перапады, безумоўна, адмоўна ўплывалі на захаванасць святыні. Таму ў 2006 годзе па просьбе пробашча, магістра тэалогіі Уладзіслава Завальнюка мастачка Эвеліна Крыштаповіч напісала ў дар касцёлу дакладную копію іконы памерам 72,5x65,5 см для паломнікаў.

У тым жа годзе група ветэранаў альпінізму (Леанід Галубоўскі, Ігар Герасімовіч, Аляксандр Барысевіч ды іншыя) рыхтавалася да спартыўна-даследчай экспедыцыі па святых месцах старажытных цывілізацый паўднёвага Тыбету: у Індыю і Кітай. Ксёндз Уладзіслаў параіў ім з сабою ўзяць і копію святыні. 27 жніўня ў мінскім касцёле Св. Сымона і Св. Алены — Чырвоным касцёле — прайшло набажэнства з бласлаўленнем альпіністаў. А 8 кастрычніка, калі яны пабывалі ўжо на Гімалаях і з самага высокага горнага хрыбта планеты блаславілі ўвесь свет, святыня вярнулася ў храм, дзе ў прысутнасці мастачкі і альпіністаў было яшчэ адно набажэнства.


Абраз Будслаўскай Божай Маці


Да канца чэрвеня 2007-га святыня знаходзілася ў храме, а 2 ліпеня з пілігрымамі адправілася ў Будслаў. У пілігрымцы бралі ўдзел людзі розных веравызнанняў, і такім чынам яна стала сімвалам хрысціянскага адзінства і ўзаемаразумення. З таго часу копія выкарыстоўваецца пад час урачыстасцяў у гонар Будслаўскай іконы Божай Маці, якая ўвесь час знаходзіцца ў галоўным алтары храма.

Але гэта быў толькі пачатак падарожжа копіі абраза: 5 кастрычніка 2012 года святыня адправілася ў паломніцтва па каталіцкіх парафіях Беларусі. Дарэчы, на такую з’яву ёсць адметная назва перэгрынацыя — ад лац. рeregre (па-за айчынай, за мяжой), што азначае: падарожжа, паломніцтва да святых месцаў. У каталіцкай царкве гэта “перанясенне або перавоз у культавых мэтах рэліквій, абразоў ды іншых прадметаў рэлігійнага культу”. Дык вось, дзея была прымеркавана да 400-годдзя з дня прыбыцця ў Будслаў цудатворнага абраза. Пілігрымка пачалася ўвечары 5 кастрычніка ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ды завяршылася фэстам у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе праз дзевяць месяцаў — 5 ліпеня. Копія іконы Маці Божай Будслаўскай пабывала ў найбольш буйных прыходах усіх чатырох дыяцэзій.


Копія для грэка-каталіцкай царквы ў Лондане

Летась Эвеліна Крыштаповіч напісала яшчэ адну копію абраза Маці Божай Будслаўскай. І 24 снежня, на Раство, абраз быў падараваны грэка-каталіцкай царкве ў Лондане — паводле папярэдняй дамоўленасці з айцом Аляксандрам Надсанам. У той дзеі паўдзельнічала і я. У час падарожжа ў Лондан мы пазнаёміліся з беларускім грэка-каталіцкім святаром, апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы айцом Аляксандрам Надсанам і яго пераемнікам айцом Сяргеем Стасевічам.

Як вядома, айцец Аляксандар — першы святар у свеце, хто пачаў сістэматычна ўжываць беларускую мову ў богаслужэнні. Больш за два дзесяцігоддзі ён быў адзіным чалавекам, хто штодня літургічна маліўся за Беларусь і па-беларуску. Цягам гадоў айцец Аляксандар працаваў над перакладамі візантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову. Нам пашчасціла атрымаць Малітоўнік “Госпаду Памолімся” ў падарунак з яго рук. Гаспадар знаёміў нас з музейнымі калекцыямі і зборам Скарынаўскай бібліятэкі. У музеі, дарэчы, няшмат экспанатаў, але яны вельмі важныя для беларускай гісторыі. Там зберагаюцца, у прыватнасці, некалькі  слуцкіх паясоў, старыя манеты Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы ад сярэбранай грыўны, пячатка Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі збор архіўных матэрыялаў у бібліятэцы  з канца XV стагоддзя і аж да сёння — гэта царкоўныя архівы, архівы беларускіх святароў: айцоў Гарошкі, Татарыновіча, Салаўя, Падзявы, Германовіча ды іншых. Найбольшы архіў, казалі нам, біскупа Сіповіча — гэта цэлая шафа. Ёсць рукапісы Арсенневай, Ілляшэвіча, Салаўя. Ёсць таксама рукапісы Купалы і Коласа, у тым ліку рукапіс вядомай паэмы Купалы “Курган”. Самы ранні рукапіс Коласа “Другое чытаньне для дзетак-беларусаў” з 1905—1907 году. Усяго ў фондасховішчы бібліятэкі каля 50 тысяч кніг.

Дзякуючы прафесару Адаму Мальдзісу ў цэнтры Лондана адбылася наша сустрэча з графам Анджэем Цеханавецкім — апошнім князем Мсціслаўскім і Заслаўскім. Ён доктар мастацтвазнаўства і мецэнат, падараваў Беларусі ў свой час вялікую каштоўнасць — чатырохбаковы Слуцкі пояс. Ягоныя дары — гэта і невядомы раней краявід Нясвіжа, рэдкія кнігі ды рарытэты з Радзівілаўскай калекцыі. На ягоныя сродкі выкуплены для Нясвіжскага музея ў замку адзін з арыгіналаў радзівілаўскай карты Тамаша Макоўскага, выдадзенай у 1648 годзе.

Сёння ў Брытаніі жыве каля 2000 тысяч беларусаў, і кожны з іх мае цяпер магчымасць прыйсці ў беларускую грэка-каталіцкую царкву і памаліцца Маці Божай Будслаўскай, якая бласлаўляе ўсіх нас.

Ала Нароўская, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ культуры і мастацтваў


Дарэчы

Міжнароднае паломніцтва-2007 прысвячалася 500-годдзю пачатку сплаву лесу па рэчцы Віліі з Будслава ў Вільню. У 1507-м менавіта з той драўніны пачалі будаваць касцёл і кляштар бернардынцаў у Вільні. У 2007-м з Мінска ў Будслаў і прыбыла копія абраза Будслаўскай Божай Маці. А з Вільнюса на лодках быў дастаўлены пілігрымамі на чале з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком двухметровы крыж, зроблены з сасновага бервяна, якое 500 гадоў таму сплавілі з Будслава ў Вільню. З пілігрымамі з Мінска ў Будслаў вандравала і сям’я Крыштаповічаў, удзельнічала ў свяце ў гонар абраза.

Даведка ГР

Мастачка Эвеліна Крыштаповіч закончыла Беларускую дзяржаўную Акадэмію мастацтваў, кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Брала ўдзел больш чым у 30 міжнародных і рэспубліканскіх выставах і пленэрах. У 2013-14 гадах вучылася па Праграме ЕС у Польшчы, Брытаніі. Удзельнічала больш чым у 20 дабрачынных праектах Міжнароднага клуба амбасадарскіх жонак, Міжнароднага грамадскага аб’яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў “Майстар”. Аўтар роспісу “Містычны горад” у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі (20 квадратных метраў, выкананы на дабрачыннай аснове). У супрацоўніцтве з Амбасадай Швецыі ў Беларусі разам са шведскімі дызайнерамі рэалізавала праект у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (насценны роспіс, 65 квадратных метраў). Эвеліна з сястрой Белаславай — аўтаркі праекту “Лабірынты часу”, які здзейснены ў плыні імпрэзы “Ноч музеяў” у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (2014).

Працы Эвеліны Крыштаповіч знаходзяцца ў калекцыі Інстытута імя Гётэ (Мінск), British Council (Варшава) і ў прыватных калекцыях у розных краінах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter