Падарожжа па планеце Радзіма

Аб'ехаўшы ўсю Беларусь, праграміст Андрэй Дыбоўскі стварыў яе… глобуcРодная краіна можа стаць цэлым светам. Нават такая маленькая, як Беларусь. Толькі трэба ўважліва прыгледзіцца да яе. Вось скажыце, дзе вы бывалі, акрамя Міра і Нясвіжа, ну і яшчэ Брэсцкай крэпасці? Ля Каложы і ў Жыровічах? Гэта, канешне, добра, але недастаткова. Гісторыя Беларусі куды больш разнастайная і багатая, чым мы ўяўляем сабе, і яна ўвасоблена ў шматлікіх помніках архітэктуры — царквах, касцёлах, маленькіх каплічках, панскіх сядзібах, палацах, замках... Большасць з іх не мае сусветнага значэння, ад некаторых засталіся толькі руіны. Але нават праз руіны мы можам трапіць у мінулае, адчуць сувязь з нашымі продкамі і родзічамі. Кожны помнік — гэта адбітак нашай гісторыі, маленькая кропачка на глобусе Беларусі. Такі глобус на сваім сайце стварыў мінчанін Андрэй Дыбоўскі — падарожнік і праграміст.

Адкуль пайшло захапленне падарожжамі, Андрэй дакладна сказаць не можа. Толькі прыгадвае, як у тры гады маці вазіла яго ў Брэсцкую крэпасць, і што тая першая дзіцячая экскурсія пакінула незабыўныя ўражанні. Магчыма, яна і вызначыла далейшы лёс Андрэя Дыбоўскага, а магчыма, у ім проста загаварылі гены (пра гэта чытайце ніжэй). Так ці інакш мала хто так вандраваў па краіне, як наш суразмоўца.
“Можна сказаць, што я бачыў усю Беларусь, — гаворыць Андрэй. — Па рабоце мне шмат даводзілася ездзіць па розных вёсках і гарадках, і, каб марна не губляць час, у вольную хвіліну любіў аглядаць мясцовыя славутасці — архітэктурныя і гістарычныя помнікі. Калі аб’ехаў асноўныя турыстычныя аб’екты, вырашыў, што трэба пабачыць усё”.
Адразу неабходна зазначыць, што Дыбоўскага цікавіць толькі тое, што з’явілася ў дасавецкія часы. “Помнікі савецкага перыяду ў большасці сваёй добра захаваліся, ды і быў той час, на мой погляд, не самы лепшы для захавання таго, што ёсць і для стварэння нечага адметнага новага”, — мяркуе 35-гадовы праграміст.
Прафесія Андрэя не мае ніякага дачынення да падарожжаў. Проста ён лічыць, што кожны чалавек, незалежна ад яго адукацыі, павінен цікавіцца гісторыяй роднага краю. Вось так, без аніякага пафасу.
“Усе Дыбоўскія маюць дачыненне да падарожжаў і даследаванняў”
Цікавіўся Андрэй і сваім родам. Вось што ён заўважыў: амаль усе Дыбоўскія, звесткі пра якіх ён змог адшукаць, так ці інакш маюць дачыненне да падарожжаў і даследаванняў. Напрыклад, Бенедзікт Дыбоўскі быў удзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага (дарэчы, з паўстанцаў ён памёр апошнім, ва ўзросце 97 год, яго магіла знаходзіцца ў Львове). Пасля разгрому інсургентаў малады вучоны — Бенедзікт скончыў Дзерпскі універсітэт і меў ступень доктара медыцыны — быў сасланы ў Сібір. Там ён не спыніў навуковай дзейнасці, а стаў адным з першых даследчыкаў возера Байкал. “У Францыі жыў Дыбоўскі, які шмат вандраваў па Афрыцы, а напачатку ХХ стагоддзя Дыбоўскія канструявалі самалёты і ляталі на іх, — распавядае Андрэй. — Не магу сказаць дакладна, ці даводзяцца яны мне сваякамі, бо шмат архіваў страчана. Але калі аналізаваць па імёнах, па месцах іх нараджэння, гэтыя людзі ўсё ж мае сваякі, хай і не самыя блізкія”.
Глобус Беларусі
Андрэй вандруе больш за пяць гадоў. Калі ён толькі пачынаў, першае, што яму кінулася ў вочы, — гэта адсутнасць цэнтралізаванага рэсурса, дзе была б сабрана поўная інфармацыя аб гістарычнай спадчыне Беларусі. Малады чалавек вырашыў такі рэсурс стварыць. Так узнікла ідэя сайта “Глобус Беларусі” (источник).
Для яе ажыццяўлення Дыбоўскі здзейсніў 224 паездкі па краіне. “Стараюся выязджаць кожныя выхадныя, — гаворыць Андрэй. — У чатыры раніцы пад’ём, а ў шэсць ты ўжо за горадам. Паездкі, як правіла, вельмі складаныя. Бывае, што за адзін раз наведваеш ажно трыццаць аб’ектаў. Кожны з іх трэба абысці, сфатаграфаваць — гэта пры-блізна пятнаццаць кіламетраў пехам. Ну і на машыне праязджаеш яшчэ кіламетраў восемсот. Іншы раз пасля такой вандроўкі спіш шаснаццаць гадзін запар!”
Колькі ў Беларусі гістарычных помнікаў? Адказаць на гэтае пытанне складана. “У асноўным у нас выдаюць кнігі, прысвечаныя асобным аб’ектам, а вось каб там былі ўсе помнікі... — прыгадвае Андрэй. — Дваццаць год таму Акадэмія навук выдала Спіс помнікаў Беларусі ў васьмі тамах, але туды ўвайшла толькі палова дарэвалюцыйных помнікаў, якія сёння існуюць. Не так даўно быў прыняты расшыраны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — там, мне падаецца, улічана працэнтаў семдзесят”.
На “Глобусе Беларусі” можна знайсці чатыры тысячы аб’ектаў (з іх сам аўтар сайта наведаў тры з паловай) і больш за пятнаццаць тысяч фотаздымкаў. Па падліках Дыбоўскага, гэта прыблізна 97 працэнтаў дарэвалюцыйных помнікаў. Сайт ужо карыстаецца пэўнай папулярнасцю. Штодзённа яго наведвае каля пяцісот чалавек.
Асноўнымі турыстамі павінны быць беларусы
Па словах Андрэя Дыбоўскага, нямала архітэктурных аб’ектаў, што захаваліся з дарэвалюцыйнага часу, знаходзіцца ў занядбаным стане. Выключэнне складаюць праваслаўныя і каталіцкія храмы, якія значна аднавіліся ў апошнія гады.
Некаторыя помнікі ўвогуле знішчаюцца. Такі лёс напаткаў самае вялікае гумно ў Беларусі (яго даўжыня — сто метраў!), што было збудавана ў вёсцы Сунаі Капыльскага раёна ў ХІХ стагоддзі. Мясцовы калгас разабраў яго на свае патрэбы пасля таго, як у гумне прадзіравіўся дах. Тое ж самае ледзь не здарылася з панскай сядзібай у вёсцы Каралінава Валожынскага раёна, але яе паспелі выкупіць людзі, якія займаюцца развіццём агратурызма.
Дарэчы, у адпаведнасці з нацыянальнай праграмай развіцця турызму ў 2010 годзе доля турызму ва  ўнутраным валавым прадукце Беларусі павінна скласці пяць працэнтаў (пакуль што да гэтага паказчыка далёка). Увогуле, цікава, наколькі наш край прывабны для турыстаў? “Я час ад часу бываю ў суседніх краінах — Польшчы, Чэхіі, Украіне, і трэба прызнаць, што гістарычных помнікаў там захавалася больш. Але нават той патэнцыял, што ў нас ёсць, мы не выкарыстоўваем, — лічыць Андрэй Дыбоўскі. — Так, прыцягнуць замежных турыстаў будзе няпроста, дык чаму б не зрабіць стаўку на ўнутраны турызм? Многія людзі нават і не ведаюць, што ў Беларусі так многа гістарычных помнікаў. Можна злётаць на тыдзень у Егіпет, але нішто не перашкаджае ўлетку ў вольны дзень выехаць кіламетраў за пяцьдзесят ад горада і адкрыць штосьці новае для сябе. Праўда, турыстычную інфраструктуру ў Беларусі трэба паляпшаць. Калі едзеш не па цэнтральных трасах, нават няма дзе выпіць кавы, не тое што перакусіць, — гэта з майго ўласнага досведу...”
Ці патрэбна каму спадчына?
Большасць архітэктурных помнікаў знаходзіцца ў невялікіх гарадах і вёсках. Можна меркаваць, што іх стан шмат у чым залежыць ад мясцовага насельніцтва. Як людзі ставяцца да гістарычнай спадчыны, што ім засталася? “Многія вяскоўцы ведаюць, што ў будынку трыццаць год таму была школа, — гаворыць Андрэй Дыбоўскі. — А вось што калісьці там была панская сядзіба, не заўсёды прыгадаюць, асабліва маладыя...”
Дык, можа, беларусам увогуле непатрэбны гэтыя помнікі, пра якія акрамя мясцовых жыхароў і апантаных прыхільнікаў гісторыі ніхто не ведае? Андрэй Дыбоўскі так не лічыць: “Я ведаю сотні людзей рознага ўзросту, якіх цікавіць беларуская гісторыя, архітэктура. Між тым многія з іх яшчэ некалькі год таму і не ўяўлялі, што ў краіне нешта існуе акрамя Брэсцкай крэпасці і Мірскага замка”.
Асноўная мова зносін для Андрэя Дыбоўскага — русская. Незразумела, чаму чалавек, які так цікавіцца гісторыяй роднага краю, не размаўляе па-беларуску? “Беларускую мову я, канешне, ведаю, проста да нядаўняга часу ў мяне не было беларускамоўнага асяроддзя, — тлумачыць Андрэй. — Але вось што я заўважыў. Многія з тых, хто вандруе са мной па Беларусі, размаўляе на матчынай мове. Іх становіцца ўсё больш. Мне здаецца, беларусы прыйдуць да сваёй роднай мовы. Праўда, гэты працэс можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter