Падарожжа на стагоддзе назад

У Дзень Мінска адбылася прэзентацыя новай кнігі-альбома Уладзіміра Ліхадзедава
Уладзімір Ліхадзедаў з новай кнігай-альбомамУ Дзень Мінска адбылася прэзентацыя новай кнігі-альбома Уладзіміра Ліхадзедава.

“Машына часу”, аказваецца, не прыдумка Рэя Брэдберы, а рэальнасць. У гэтым пераканаліся шматлікія наведвальнікі выставы “Мінск: падарожжа ў часе”, на якой прадстаўлены паштоўкі і фатаграфіі з унікальнай калекцыі збіральніка, бізнесмена і спартсмена Уладзіміра Ліхадзедава, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Адкрылася яна (і будзе дзейнічаць да 5 лістапада) якраз у Дзень сталіцы ў памяшканні Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Арганізатарамі выставы выступілі, акрамя музея, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, газета “СБ. Беларусь сегодня”.

Дзеянне ж “машыны часу” выяўлялася, як гаварылі выступоўцы на адкрыцці выставы, у тым, што можна было гледачам, застаючыся ў нашай рэчаіснасці, адначасова адпраўляцца на стагоддзе назад, у пачатак ХХ стагоддзя, калі масава сталі выдавацца паштоўкі, прысвечаныя Мінску і іншым гарадам і мястэчкам Беларусі. Прынцыповая навізна новага альбома Ула-дзіміра Ліхадзедава палягае на тым, што ўслед за кожнай (або некалькімі тэматычна блізкімі) паштоўкай, на якой зафіксаваны губернскі або даваенны Мінск, абавязкова следуе сучасная каляровая фатаграфія таго ж самага месца, таго ж самага аб’екта, калі ён захаваўся, — напрыклад, фантана каля тэатра імя Янкі Купалы. Карацей, сыходзяцца два ракурсы, два позіркі праз аб’ектыў двух розных апаратаў двух фатографаў — нашага сучасніка і таго, хто жыў раней.

Кніга-альбом адкрываецца зваротам “Да чытача” Уладзіміра Ліхадзедава і завяршаецца артыкулам “Замест пасляслоўя” галоўнага рэдактара газеты “СБ”. Беларусь сегодня”, заслужанага дзеяча культуры, лаўрэата прэміі “За духоўнае адра-джэнне” Паўла Якубовіча. Першы з іх так характарызуе патрыятычныя і пазнавальныя мэты выдання: “Любоў да роднага горада — галоўны паказчык узроўню развіцця асобы гараджаніна. Таму што можна быць мінчуком і ў трэцім або пятым пакаленні, але не ведаць, якія таямніцы і знакі хаваюцца за простымі і звыклымі гарадскімі краявідамі…” І знакі гэтыя становяцца рэальнасцю ў васьмі раздзелах кнігі, якія ахопліваюць гістарычны цэнтр горада: “Прывакзальная плошча”, “Плошча Незалежнасці”, “Плошча Свабоды”, “Кастрычніцкая плошча”, “Праспект Незалежнасці”, “Вуліца Леніна”, “Вуліца К. Маркса”, “Куткі старога Мінска”.

А Павел Ізотавіч у сваім пасляслоўным звароце да чытача прыгадвае, што выданне, прысвечанае Мінску, з’яўляецца часткай вялікага рэдакцыйнага праекта “У пошуках страчанага”, які “ставіць перад сабой мэту ўваскрасіць, вярнуць з нябыту не толькі выдатныя артэфакты беларускай гісторыі і матэрыяльнай культуры. Нашым сучаснікам даецца магчымасць рэальна ўбачыць і ацаніць абаянне, уласцівае толькі нашай краіне: красу прыроды, выявы храмаў і палацаў, якіх ужо няма, віды гарадоў, мястэчак і вёсак”.

Тэксты прадмовы і пасляслоўя, як і подпісы пад паштоўкамі і фатаграфіямі, падаюцца на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Альбом уважліва адрэдагаваны Аленай Ляхоўскай, густоўна аформлены Тамарай Мельянец.

Сама ўрачыстасць складалася з дзвюх частак.Спачатку было адкрыццё выставы, на якой дэманстраваліся павялічаныя “пары”: паштоўка, а пад ёй — сённяшняе фота. На адкрыцці выставы выступілі першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, рэдактар газеты “СБ” Павел Якубовіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Лыхавый, іншыя асобы, а Уладзімір Ліхадзедаў расказаў пра тое, як рэалізоўвалася яго задума.

Затым прысутныя перайшлі ў канферэнц-залу музея на прэзентацыю альбома. Тут слова найперш узялі намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, дырэктар выдавецтва “Тэхналогія”, дзе пабачыла свет кніга, Вацлаў Багдановіч, калекцыянеры-калегі Уладзіміра Ліхадзедава з іншых краін. Вадзім Сядоў з Санкт-Пецярбурга сказаў, што такі альбом вельмі пажадана мець і яго роднаму Віцебску. Пісьменнік і збіральнік паштовак з Масквы Кірыл Сокал звярнуў увагу на унікальнасць кнігі: вельмі цяжка праз сто год знайсці тое самае месца, той самы ракурс, які быў выбраны калісьці для паштоўкі. Гісторык і калекцыянер з Вільнюса Алег Славута павіншаваў калегу з несумненным поспехам.

Затым з залы пасыпаліся пытанні. Журналістаў цікавіла, а колькі ж усяго тэматычных паштовак у зборах Уладзіміра Ліхадзедава? Адказ прыемна здзівіў: пятнаццаць тысяч. Прагучала і абавязковае на прэзентацыях: а што ж чакае чытачоў далей? Герой дня адказаў, што рыхтуе альбомы, прысвечаныя памятным датам апошняга квартала 2008 года: у лістападзе споўніцца 90 год з часу заканчэння Першай сусветнай вайны (у той час яна называлася Вялікай Еўрапейскай вайной) і 210 год з дня нараджэння Адама Міцкевіча, чыя спадчына належыць некалькім суседнім народам, усяму чалавецтву.

Ведаючы калекцыйныя рэсурсы, мэтанакіраванасць і нас-тойлівасць Уладзіміра Ліхадзедава, можна ў заключэнне выказаць упэўне-
насць, што яго амбітныя планы будуць рэалізаваны.

Дарэчы

Вось што рэкамендуе чытачам кнігі Леанід Ліхадзедаў: “Адпраўляючыся на экскурсію па Мінску сённяшняму, вы маеце унікальную магчымасць узброіцца даведнікам, выключна багатым візуальнай гістарычнай інфармацыяй. Яго знамянальнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што здымкамі, якія паказваюць сённяшні выгляд горада, удакладняюцца адрасы і віды на старых паштоўках”.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter