Падарожжа да вікінгаў

Беларускія і шведскія вучоныя плануюць пашырыць супрацоўніцтва ў археалогіі
Беларускія і шведскія вучоныя плануюць пашырыць супрацоўніцтва ў археалогіі

У апошнія гады супрацоўнікі навуковых устаноў і прадстаўнікі музеяў Швецыі перыядычна наведваюць Беларусь, прымаюць удзел у археалагічных даследаваннях на тэрыторыі краіны. Як расказаў загадчык сектара археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Мядведзеў, шведскія спецыялісты гатовы і ў далейшым падтрымліваць кантакты з беларускімі калегамі.

Будзе актывізаваны абмен студэнтамі і аспірантамі. Дарэчы, сёлета шведскія спецыялісты прачыталі ў Беларускім дзяржуніверсітэце серыю лекцый пра асаблівасці правядзення археалагічных даследаванняў у сваёй краіне. “Замежныя госці высока ацанілі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх студэнтаў, — адзначыў А. Мядзведзеў. — Яны таксама запрасілі аспірантку Інстытута гісторыі НАН Беларусі Зою Харытановіч прыняць удзел ва унікальных даследаваннях на востраве Готланд у Швецыі”.

Готланд — самы вялікі востраў Швецыі. На яго тэрыторыі захаваліся артэфакты, мемарыялы, а таксама рэшткі пасяленняў з часоў вікінгаў і Сярэднявечча. Іх вывучэнне прадстаўляе вялікую цікавасць для сусветнай археалогіі.

Вольга Бяляўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter