Паданне пра Чорнае возера і Самотнага Жураўля

Ці зможа лятаць народжаны бегаць?“Народная газета” і выдавецтва “Рыфтур” працягваюць віктарыну “Краіна казак — Беларусь”, якая абудзіла творчую фантазію шмат каго з чытачоў “НГ”“Даруйце: захапіўся, яно само так атрымалася, хаця разумею, што “НГ” — не літаратурна-мастацкае выданне”, — пакаяўся Сяргей Іваноў са станцыі Гарочычы Калінкавіцкага раёна, які даслаў нам болей чым казку — аповесць пра жураўліную вернасць і гісторыю возера Чорнае ў Міёрскім раёне. Аповесць заняла 41 блакнотную старонку. На жаль, Сяргей Уладзіміравіч, нам давялося ваш твор падкараціць: мы людзі з абмежаванымі (памерам газетнай старонкі) магчымасцямі. Але рэжучы тэкст па-жывому, мы імкнуліся захаваць уласцівы вам іранічна-філасофскі погляд на жыццё, пачуццё дабрыні і мяккага гумару, якім напоўнены твор — ад першага радка да апошняга.

У некаторых птушак вельмі шырокі размах крылаў і таму яны здаюцца зусім няўклюднымі, нават смешнымі, калі спускаюцца з нябёсаў і ходзяць па зямлі.

Надта старажытнае выслоўе

Жыў калісьці на свеце жораў Язэп, і была ў яго жонка Наста.
...Чаму імёны? А ў тыя даўнія часы не так ужо і многа было яшчэ на зямлі птушак і звяроў, амаль усе адзін аднаго ведалі і мелі імёны.
А што чалавечыя — то што ж іх па-новай выдумляць, калі гэта ўсё ўжо ёсць у людзей, і можна было проста ўзяць — ды і пазычыць. Гэта ж, у рэшце рэшт, не мех жыта, і ўжо чаго-чаго, а гэтага дабра на ўсіх хопіць.
Язэп і Наста, трэба сказаць, парай былі адметнай: абодва маладыя (“першагодкі”), вясёлыя, прыгажуны — ногі доўгія, шыі гнуткія, дзюбы вострыя, чырвоныя, крылы моцныя... Не адны шырока расплюшчаныя жураўліныя вочы з шырока разяўленай пад імі дзюбай з захапленнем і зайздрасцю — аж доўгія шыі вузламі вязаліся — назіралі іх высокі павольны палёт у блакітным вясновым небе. Можа, хто і сурочыў...
Было ў тых мясцінах адно невялікае, але надта ж прыгожае возера — круглае, бліскучае, як тая талерка з панскіх пакояў. Вось там, у зарасніках трыснягу, калі падышоў час, Язэп і Наста збудавалі сабе гняздо — як водзіцца, першым разам не вельмі раскошнае, але ўтульнае ды зручнае — не горш, чым у іншых, і пачалі жыць ды пажываць, як то і належыць усім добрым птушкам. Наста на яйках сядзела — у яе свае клопаты, а Язэп па гаспадарцы завіхаўся. Працы хапала: то гняздо падправіць, то на паляванне паляціць, адзін або з сябрамі, здабычу — адразу да жонкі, у гняздо, у дзюбе нясе, ні ўправа ні ўлева, не тое што некаторыя іншыя... А то і Насту, бывае, падменіць, і жаночай справы не цураўся, бо не ўвесь жа час ёй адной у гняздзе на яйках сядзець...
...Ну, яно так... Сям’я як сям’я, птушыная, само ж сабою, жураўліная... Жылі сабе як усе, нічога дрэннага пра іх ніхто не мог сказаць, ні лаянкі, ні ляманту з іх гнязда ніколі не было чуваць, а калі і было што-якое (вядома, усякае здараецца ў сям’і) — не выносілі смецце з гнязда, самі і сварыліся, самі і мірыліся, між сабою разбіраліся.
Але — такі ўжо гаротны лёс усяго жывога на гэтым свеце, і шчасце ў ім, тым больш шчасце птушынае — рэч яшчэ менш трывалая, чым тонкая шкарлупіна птушынага ж яйка...
Па суседству з імі жыла балотная рысь, Малання. Рысь — яна і ёсць рысь, паскуда яшчэ тая, мярзотнае стварэнне, што і казаць, але да пары да часу паводзіла яна сябе больш-менш прыстойна, “у межах”, што называецца. Ды вось аднойчы здарылася бяда: калі Язэп быў з сябрамі на паляванні, прачнулася яе сапраўдная звярыная натура, падкралася яна цішком да гнязда і...
О, лёс наш пакутны!!!
...І толькі пер’е і шкарлупкі засталіся.
І засумаваў тады Язэп, і не проста засумаваў, а не на жарт, страшэнна засумаваў... “Па-чорнаму”, калі хто гэта разумее. Ні з кім не размаўляў, не піў, не еў, не спаў, нават лётаць амаль зусім перастаў, і дзень, і ноч хадзіў ён вакол возера, пахмурны, змрочны, нібы чорны цень. Гора ёсць гора, бяда ёсць бяда.
І вось, калі ўжо дні сталі кароткімі, ночы — доўгімі і халоднымі, амаль штодня пачалі ісці маркотныя восеньскія дажджы і надышоў час усім пералётным птушкам ляцець на поўдзень, у вырай, сабралася ўся жураўліная чарада, або клін, калі па-жураўлінаму, палічыліся, агледзеліся... Што такое? Няма Язэпа.
Пачалі шукаць — а ён ходзіць сабе кругамі вакол возера, не тое што размаўляць — глядзець ні на каго не хоча, і не падступіцца... Далей нудзіцца.
І тады паляцеў да яго важак жураўлінай чарады-кліна, самы разумны, паважаны, Стары і Мудры Жораў, такі стары і такі мудры, што нават імя свайго ён сам ужо даўно не памятаў, а астатнія жураўлі пра сябе, а часам і ўголас, бо і са слыхам у Старога і Мудрага было не вельмі, называлі яго “Стары...” (у беларускай мове няма дакладнага перакладу гэтага слова з птушынай, больш-менш прыймальнае і блізкае па сэнсу — запазычанае з цюркскіх гаворак “аксакал”). Прынёс ён у дзюбе спецыяльна ўпаляваны ўсім клінам з такой нагоды каштоўны (бо нават маленечкую казяўку ў такі час ужо цяжка было знайсці — пахаваліся, каб ім...) гасцінец — Вялікую Зялёную Жабу, паклаў перад Язэпам і пачаў:
— Ты што ж сабе думаеш, хлопец? А??? Гэта я, самы стары і мудры жораў, павінен пакінуць усе свае неадкладныя справы, ляцець і ўгаворваць цябе як якое-небудзь несамавітае птушанё?!
— Не палячу.
— Ды зразумей ты, дурыла, — не супакойваўся Стары і Мудры Жораў. — Існуе ў свеце такі парадак, кругазварот рэчаў у прыродзе, так бы мовіць...
— ...Зялёныя жабы ядуць камароў, мы, жураўлі, ядзім зялёных жаб, Малання, што... як бы так... спажыла... тваю... даруй, канечне... рана ці позна патрапіць на каўнер альбо на (туды ёй і дарога, там ёй самае месца) брудную падсцілку паляўнічаму... Паляўнічы, або чалавек, у гэтым натуральным прыродным ланцугу, ды і — наогул у свеце, як можа здацца на першы погляд, істота зусім залішняя, бескарысная і непатрэбная, але хто ж, у рэшце рэшт, калі не ён, будзе карміць камароў? Ну? Зразумеў? Паляцелі, Язэпка... А?
— Не па-ля-чу.
Выразна, па складах, адчаканіў Язэп, тым самым даючы зразумець: усё, гаворка скончана, павярнуўся, склаў крылы за спіну і рашуча пакрочыў вакол возера, адмяраць сваімі доўгімі нагамі чарговы круг.
— Ць-фу-ты... Ду-рань.
Таксама выразна і па складах вылаяўся Стары і Мудры Жораў і паляцеў да свайго кліна.
Вялікая Зялёная Жаба, усімі забытая і пакінутая, доўга яшчэ не магла паверыць, якое шчасце раптам звалілася на яе зялёную галаву.
Вось жа, не ўсё так безнадзейна ў гэтым свеце, як то даводзіў Стары і Мудры Жораў. Адно маленькае звяно выслізнула з бязлітаснага прыроднага ланцуга-кругазвароту. Бывае, што некаму і шанцуе.
Бліжэй да зімы здзіўленыя жыхары навакольных вёсак сталі заўважаць пасля першых снегападаў на белым снезе даволі вялікія сляды птушыных лапак, што бясконцымі ланцугамі цягнуліся ўздоўж берага з усіх бакоў возера.

На наступны год, вясновым сонечным ранкам, вяртаючыся з поўдня і ўжо пралятаючы над знаёмымі мясцінамі, жураўліны клін ажно замёр, павіс у паветры ад нечаканасці: замест такога знаёмага ім — аж да кожнай трысцінкі трыснягу — круглага, як талерка, возера пад крыламі зіхацела, ззяла, пералівалася ў сонечных промнях зусім незнаёмая водная прастора. Новыя, іншыя берагі з’явіліся ў возера пасля вясенняй паводкі. І абрысамі новае-старое возера адзін у адзін нагадвала Самотнага Жураўля...
І тады ўвесь жураўліны клін апусціўся на бераг, і доўга моўчкі стаялі разгубленыя жураўлі, глядзелі адзін на аднаго і на новы бераг, і ніхто не ведаў, што адбылося, чаму і што трэба сказаць... І толькі Стары і Мудры — на тое ён і быў стары і мудры, і, у рэшце рэшт, павінен жа быў усё ж хоць хто-небудзь што-небудзь як-небудзь растлумачыць — Жораў праз колькі часу сказаў:
— Ведаеце што, сябры мае, жураўлі... Калі такая ўжо справа... Калі такое... Відаць, мы, жураўлі, не самыя горшыя ў гэтым свеце птушкі... Калі адбываюцца на свеце такія рэчы. Неверагодныя рэчы... Дзіўныя рэчы. А, можа быць, некаторыя з нас і нашмат лепшыя за многіх іншых, нават тых, у каго ёсць рукі, ногі і запоўненая аж да краёў шэрым рэчывам галава.
Падчас прамовы нейкая парушынка нечакана трапіла яму ў вока, ён часта-часта заміргаў, адвярнуўся і адышоў убок.
І хоць вялікага ветру і пылу ў той дзень на возеры не было, астатнім жураўлям таксама стала нешта трапляцца ў вочы. Хто адвярнуўся, хто прыкрыўся крылом, а хто і проста стаяў, не тоячыся, з вільготнымі, не па-святочнаму сумнымі пасля сустрэчы з радзімай вачамі.
А людзі — з-за новай, нязвыклай формы — адразу сталі называць возера Крывым, а не Круглым, як раней. А потым — Чорным. Хутчэй за ўсё і яны з цягам часу нешта такое адчулі, здагадаліся, што нешта нядобрае адбылося на яго берагах. А — і такое можа быць — ужо тады, у тыя даўнія часы, хто-небудзь з людзей, які-небудзь безнадзейны дзівак, ужо мог адрывацца ад зямлі, і вось аднойчы ён узляцеў і... усё зразумеў.
Назаўжды застануцца такімі ж складаназвілістымі, мудрагелістымі і жураўлепадобнымі яго берагі — як помнік Жураўлінай Вернасці, альбо Вялікаму Каханню, альбо проста як напамін усім, каму пашанцавала тут нарадзіцца і жыць, хто сёння малады, вясёлы, прыгожы, шчаслівы, каму Богам дадзены рукі, ногі і да краёў запоўненая шэрым рэчывам галава: “Дзіўныя рэчы падчас адбываюцца ў гэтым свеце, на гэтай пакутнай зямлі”. Так, здаецца, казаў Стары і Мудры Жораў?

Падслухоўваць, канечне, не вельмі добра, але...
— Наста! Настачка! Паглядзі, што я табе прынёс... вось... на беразе знайшоў...
— Ат, адчапіся ты, Язэпка... Ну што там?.. Што, ізноў, мусіць, лётаў Плыткевіч і панавыкідваў з самалёта розную дрэнь?.. А-а-а... Даруй... “Птушыныя слёзкі”... Так бы і казаў адразу. Ну дзякуй, дзякуй... У мяне ўжо амаль цэлая жменька назбіралася. На шчасце...
Так, вакол возера пасля гэтай гісторыі людзі — найбольш дзеці — пачалі знаходзіць незвычайныя, вельмі прыгожыя маленькія каменьчыкі блакітнага колеру. Нехта дасціпны заўважыў, што па форме яны надта ж нагадваюць застылыя слёзы, потым, неяк сама сабою, з’явілася і назва ім: “Птушыныя слёзы”.
Кажуць, што яны прыносяць шчасце.

Сённяшні здымак зроблены фотамастаком Сяргеем Плыткевічам у адметным месцы. Гэта ваколіцы тысячагадовага Турава, з яго легендарным замчышчам і старымі могілкамі, на якіх, як сцвярджаюць тураўцы, “растуць” крыжы.

Як вам падаецца, куды паклікала чырвонага каня белая чайка? Чаму так лёгка пакінуў ён гаспадара і суродзічаў і паспяшаўся за ценем яе крылаў? Якія падставы ў гэтага незвычайнага сяброўства, і ці навучыцца калі-небудзь плаваць і лятаць той, хто народжаны бегаць? 
Нагадваем умовы конкурсу. Вам трэба ўважліва паглядзець на здымкі фотамастака Сяргея Плыткевіча, зробленыя ім з вышыні птушынага палёту. Кожны з убачаных фотамастаком краявідаў нагадвае нейкага дзівоснага звера, фантастычную птушку ці іншапланетны пейзаж. Кожны з сюжэтаў натхняе на філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці.
Складзіце легенду ці казку пра тое, што бачыце на здымку, і дашліце ў рэдакцыю. Пераможцы кожнага тура конкурсу ўбачаць свае творы надрукаванымі. Аўтары самых цікавых, арыгінальных і фантастычных апавяданняў атрымаюць каштоўныя падарункі ад выдавецтва “Рыфтур”.

Шліце свае допісы з пазнакай “Краіна казак” на адрас: 220013, г.Мінск, вул. Б.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета”.
Ці на электронную скрыню info@ng-daily.by

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter