Пад знакам жыцця. На гербе Лельчыцкага раёна адлюстраваны бусел, які ляціць увысь, — птушка, што сімвалізуе жыццё.

Беларускае Палессе — гэта некалькі раёнаў, але “самы палескі” з іх — Лельчыцкі. Лясы тут складаюць амаль што 70 працэнтаў тэрыторыі, у раёне працякаюць 24 рэчкі, шмат балот, азёр і вадасховішчаў. Той, хто прыязджае сюды, трапляе ў царства некранутай прыроды, дзе раслінны і жывёльны свет — багацейшая скарбніца. Тут можна сустрэць дзесяткі занесеных у Чырвоную кнігу рэдкіх відаў флоры і фауны. Таму Лельчыцкі раён можна смела назваць экалагічным цудам Еўропы. І сем цудаў тут цесна звязаны з прыродай.

Беларускае Палессе — гэта некалькі раёнаў, але “самы палескі” з іх — Лельчыцкі. Лясы тут складаюць амаль што 70 працэнтаў тэрыторыі, у раёне працякаюць 24 рэчкі, шмат балот, азёр і вадасховішчаў. Той, хто прыязджае сюды, трапляе ў царства некранутай прыроды, дзе раслінны і жывёльны свет — багацейшая скарбніца. Тут можна сустрэць дзесяткі занесеных у Чырвоную кнігу рэдкіх відаў флоры і фауны. Таму Лельчыцкі раён можна смела назваць экалагічным цудам Еўропы. І сем цудаў тут цесна звязаны з прыродай.

Пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы

Жыхары вёскі Прыбалавічы вераць, што яны знаходзяцца пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы. Тут стаіць Пакроўская драўляная царква, якая вядзе сваю гісторыю яшчэ з XVIII стагоддзя. У 1797 годзе ў вёсцы Прыбалавічы на могілках у гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы стараннямі прыхаджан была пабудавана капліца. У 1825 годзе яе адрамантавалі і павялічылі ў памерах. Капліца стала храмам. Службы ў ім ішлі і ў часы атэізму — да 1967 года. У 1988 годзе храм зноў пачаў функцыяніраваць. “Наша царква намолена многімі пакаленнямі вернікаў. Пасля службы ў ёй лёгка на душы”, — кажа настаяцель храма протаіерэй Пётр.

Атрымалася палеская Карэлія

У раёне ёсць залежы самага цвёрдага ў Еўропе граніту, якія знаходзяцца практычна на паверхні зямлі. І запасы яго тут проста невычэрпныя — больш як 110 мільёнаў кубаметраў. Здабыча выкапня актыўна вядзецца Глушкавіцкім друзавым заводам. Акрамя эканамічнага гэта дало і эстэтычны эфект. Тыя кар’еры, дзе запасы каменю ўжо вычарпаны, запоўніліся вадой, па берагах выраслі бярозы. Атрымаліся сапраўдныя карэльскія пейзажы, якія ў Беларусі можна ўбачыць толькі ў Лельчыцкім раёне.

Царская веліч

Многія раёны Беларусі могуць пахваліцца дрэвамі-старажыламі. Але Лельчыцкі дуб — помнік прыроды рэспубліканскага значэння — па праву носіць званне цара. Як сапраўдная царственная асоба, ён не кожнага да сябе падпускае. Але нам пашанцавала — непраходныя лясныя дарогі скаваў мароз. Таму ад вёскі Данілевічы мы змаглі праехаць на машыне ў густы лес, дзе красуецца гэта велічнае дрэва. Аднак недзе за паўкіламетра да цар-дуба наша машына спынілася. Далей было не праехаць. Давялося ісці пешшу. Неўзабаве ўбачылі велічнага 320-гадовага волата вышынёй 32 метры (вяршыня зламана ў 1912 годзе), акружнасць яго — 4,5 метра. Але лепш за ўсіх апісаў уражанні ад убачанага пісьменнік Уладзімір Караткевіч: “І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенне, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і таней угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат”. А побач з цар-дубам расце князь-дуб. Такі падвоены экалагічны цуд у Беларусі ёсць толькі ў Лельчыцкім раёне.

“Абняўшысь цесна над вадою”

Пра яшчэ адзін лясны цуд нават можна скласці песню. Як, напрыклад, прыдумаў народ песню пра рабіну і дуб. Толькі яна вельмі сумная. Бо ад каханай рабіны дуб расце далёка — за ракой шырокай. А вось лельчыцкія бярозка і дуб насуперак прыродзе ўз’ядналіся і растуць разам з аднаго кораня. Гэтае кахання высокае імкненне можна ўбачыць на беразе Убарці, між вёскамі Мілошавічы і Баравое. У раёне ў бліжэйшы час хочуць добраўпарадкаваць гэта месца, каб тут маглі спыняцца маладыя. Бо глыбока сімвалічна, што два дрэвы сталі адзіным цэлым.

Нямыя сведкі

Па тэрыторыі раёна ў свой час праходзіла 70-кіламетровая частка ўмацаванага раёна “Сталінская лінія”, якая ўключала ў сябе цэлых 45 дотаў, пабудаваных яшчэ ў пачатку 30-х гадоў. Сёння частка з іх узарвана, частка захавалася. Ля аднаго з іх ваш карэспандэнт убачыў мноства стрэляных гільз часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэтыя бетонныя збудаванні (ці тое, што ад іх засталося) стаяць у лясах, на палях  і нават агародах.

Бусел над крыжамі

На гербе Лельчыцкага раёна ў цэнтры — высока лунаючы бусел. З вышынь паднябесся можна ўбачыць і такі цуд Лельчыцкага раёна — каменныя крыжы, якія ёсць адразу ў некалькіх вёсках. Крыж — сімвал хрысціянства. З’яўленне гэтых каменных крыжоў на лельчыцкай зямлі ідзе ў глыбіню сівых стагоддзяў...

 

З гразі — у князі

У раёне  знаходзяцца залежы сапрапеляў (ілістыя адклады), якія параўноўваюць з царскімі гразямі. Але лельчыцкія вылучаюцца павышаным утрыманнем не солей, а мінералаў (26 найменняў мікра- і макраэлементаў). Што, дарэчы, робіць іх яшчэ больш унікальнымі. Яны могуць прымяняцца не толькі ў лячэбных мэтах. Гэта незаменныя ўгнаенні з павышаным утрыманнем фосфару. Так, падкормленыя гэтымі сапрапелямі памідоры дасягаюць у вышыню трох метраў. Лельчыцкія гразі можна прымяняць яшчэ як кармавую дабаўку і нават у пілетах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter