Пад знакам класiкi пройдзе ў Беларусi 2007 год.

Да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа выйдуць першыя два тамы 20-томнага збору твораў пiсьменнiка. Яны ўбачаць свет у лiстападзе сёлетняга года.
Як паведамiла загадчык аддзела выданняў i тэксталогii Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, кiраўнiк праекта кандыдат фiлалагiчных навук Тэрэза Голуб, у параўнаннi з папярэднiм 14-томным выданнем твораў, якое было выдадзена ў 1970-х гадах, новае значна пашырана, аднак не прэтэндуе на поўнае выданне. Усе творы сабраць не ўдаецца з-за таго, што нашчадкi Якуба Коласа пакуль што не гатовы апублiкаваць некаторыя дакументы, а таксама з-за складанасцi з пошукам матэрыялаў у архiвах i музеях iншых краiн. Таму збор твораў атрымаецца поўным, наколькi гэта магчыма на сённяшнi дзень.
У новае навукова-каменцiраванае выданне ўвойдуць паэзiя, проза, публiцыстыка, крытычныя артыкулы i пераклады без цэнзурных паправак, з якiмi яны выходзiлi ў свет, упершыню будуць апублiкаваны многiя службовыя дакументы, пiсьмы, вершы, паведамляе
БЕЛТА. Аўтар прадмовы да збору твораў — член-карэспандэнт НАН, доктар фiлалагiчных навук, прафесар Мiхаiл Мушынскi.
Пошук матэрыялаў для шматтомнага выдання вёўся ў музеях i архiвах Беларусi; лiтаратуразнаўцы супрацоўнiчалi i з архiвiстамi з Масквы, Санкт-Пецярбурга i Вiльнюса.
У наступiўшым годзе класiкам беларускай лiтаратуры народным паэтам Янку Купалу i Якубу Коласу будзе прысвечана мноства мерапрыемстваў. Мiнiстэрства культуры Беларусi падрыхтавала праект указа, якi зацвярджае аргкамiтэт i план святочных мерапрыемстваў. Як падкрэслiў начальнiк упраўлення ўстаноў культуры i народнай творчасцi Мiнiстэрства культуры Васiль Чэрнiк, зараз праект, узгоднены з 17 органамi госупраўлення, знаходзiцца ў Адмiнiстрацыi кiраўнiка дзяржавы. Згодна з планам першай значнай падзеяй стане выстава “Пад небам Якуба Коласа”. Экспазiцыя адкрыецца 15 студзеня ў Нацыянальным гiсторыка-культурным музеi-запаведнiку “Нясвiж”. Будуць прадстаўлены партрэты Якуба Коласа, напiсаныя яшчэ пры жыццi песняра, работы вядомага беларускага мастака Уладзiмiра Сулкоўскага, а таксама каля 140 прадметаў i асабiстых рэчаў паэта.
Васiль Чэрнiк адзначыў, што ў красавiку ў Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы пройдзе юбiлейная мастацка-лiтаратурная выстава з фондаў музея, а таксама мiжнародныя лiтаратурныя чытаннi. Плануецца, што выстава, прысвечаная творчаму шляху народнага паэта, у лiпенi 2007 года паедзе ў Дзяржаўны музей-запаведнiк А.С.Пушкiна “Мiхайлаўскае” (пасёлак Пушкiнскiя горы, Пскоўская вобласць Расiйскай Федэрацыi). У той жа час лiтаратурны музей Янкi Купалы ў Мiнску наведае экспазiцыя Пушкiнскага музея-запаведнiка. Акрамя таго, у сёлетнiм годзе адбу-
дзецца доўгачаканае адкрыццё помнiка Янку Купалу ў Маскве.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter