Сёлетнія Дні беларускай культуры ў Латвіі доўжацца больш за месяц і прысвячаюцца юбілею знакамітага беларускага асветніка і першадрукара

Пад знакам Францыска Скарыны

Сёлетнія Дні беларускай культуры ў Латвіі доўжацца больш за месяц і прысвячаюцца юбілею знакамітага беларускага асветніка і першадрукара

Маштабны праект задумалі актывісты Саюза беларусаў Латвіі на чале з Валянцінай Піскуновай: у праграме, дасланай у нашу рэдакцыю, значацца 14 мерапрыемстваў. На час выхаду газеты пройдзе палова з іх: у Рэзэкнэ, Саколцы (Вілянскі край), Лудзе, Даўгаўпілсе, Зілупе, Краславе, Екабпілсе. Святочныя імпрэзы ладзяцца з удзелам актыву грамадскіх суполак у розных гарадах суседняй краіны, дзе працуюць беларускія і славянскія арганізацыі. На ўрачыстае адкрыццё Дзён, якое прайшло 11 верасня ў Рэзэкнэ, былі запрошаны з Мінска старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша і дырэктар Iнстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец.

Заключны канцэрт пройдзе ў Рызе, у Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы, 31 кастрычніка. “Дні беларускай культуры ў Латвіі праходзяць сёлета ўжо ў пяты раз, — расказаў па вяртанні Алесь Суша. — І тое, што нашы супляменнікі прысвячаюць іх 525-гадоваму юбілею з дня нараджэння выдатнага беларускага першадрукара, асветніка і грамадскага дзеяча Францыска Скарыны, ёсць сведчанне іх вялікай павагі да гісторыі, слаўных людзей Бацькаўшчыны”. Такія культурна-асветніцкія праекты, лічыць Алесь, працуюць на станоўчы імідж краіны, садзейнічаюць умацаванню сяброўства народаў-суседзяў.

Пад час імпрэзаў, якія цяпер праходзяць у дамах культуры і народных дамах, школах, будынках мясцовай улады, актывісты беларускіх суполак разгортваюць перасоўныя мастацкія і кніжныя выставы пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны — іх рыхтавалі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ды Інстытута мовы і літаратуры НАН сумесна з актывістамі Саюза беларусаў Латвіі. Пад час Дзён культуры многія беларускія выданні перадаюцца ў дар беларускім грамадскім суполкам Латвіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter