Пад знакам беражлівасці

Кітай рэалізуе ўсяго 4 нацпраграмы, навошта Беларусі болей?

Колькі праграм нам патрэбна

Нехта з вялікіх заўважыў, што сіла дробязей у іх колькасці. Калі набіраецца нейкая іх крытычная маса, то, згодна з пастулатам філасофіі, колькасць пераходзіць у якасць. Але як за дробязямі не прапусціць галоўнае?

Толькі адзін штрышок, які характарызуе такую вельмі неабходную рысу, як беражлівасць. Сёння Беларусь у рэйтынгу Сусветнага савета па золаце займае даволі высокае, 46-е месца па велічыні залатога запасу — трыццаць з гакам тон. Але два дзясяткі гадоў таму нічога такога і блізка не было. Гісторыя стварэння залатога запасу краіны разгортвалася на нашых вачах. Намаганні Мінфіна і Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцей не далі згубіцца на сметніках тым бязважка-неадчувальным крупінкам-пылінкам золата, якія былі ў прыборах, у камп’ютарах, згінуць там без следу і знака: была створана эфектыўная і ўсеабдымная сістэма па зборы і перапрацоўцы кампанентаў, у якіх утрымліваецца хоць часцінка каштоўнага металу. І вось вынік — штабелі бліскучых зліткаў з выбітымі чатырма дзявяткамі пробы ляжаць у сховішчы гарантыяй ад розных выпадковасцей, гэты метал рытмічна паступае для патрэб прамысловасці, на вытворчасць ювелірных упрыгажэнняў.

Аналагічны падыход цяпер да макулатуры: даведзены планы па яе зборы, і кожная здадзеная тона, лічы, захаванае дрэва ў лесе. Як з кропляў утвараецца возера, як з пясчынак утвараецца гара, так і з кілаграмаў другаснай сыравіны набягаюць такія аб’ёмы, якія дазваляюць загрузіць вытворчасць.

Прычым гаворка пакуль вядзецца пра тое, што літаральна ляжыць пад нагамі, і справа за малым — толькі ўзяць яго і пусціць у ход. Напрыклад, папулярны ва ўсім свеце рэцыклінг, калі матэрыялы перапрацоўваюцца зноў і зноў, пакуль у нас не атрымаў адпаведнага распаўсюджвання. Магчыма, у Год беражлівасці справа пойдзе больш актыўна. Тым больш што за магчымасць збіраць і перапрацоўваць бытавыя адходы, тыя ж ПЭТ-бутэлькі і іншую тару, ідзе барацьба не на жарт.

Але ў Год беражлівасці да гэтай тэмы трэба падыходзіць з іншымі меркамі, не засяроджваць увагу толькі на колькасці другаснай сыравіны, якую патрэбна сабраць, і умоўнай энергіі, якую патрэбна зберагчы. Перш-наперш трэба адказаць не толькі на пытанне, колькі зберагчы, але, галоўнае, як гэта зрабіць. Бо шляхі могуць быць розныя. Можна будаваць танна, але павялічацца выдаткі на эксплуатацыю дома. Або патраціцца на стадыі праектавання і будаўніцтва, але далей, у перспектыве, з улікам росту коштаў энерганосьбітаў выдаткі будуць год ад года дэманстраваць тэндэнцыю да змяншэння. Калі не ведаць, як і колькі зберагчы, як займацца такой справай?

Напрыклад, не так даўно ў Інтэрнэце абмяркоўвалі выпадак, калі правяраючыя з Мінска адзначылі недахоп: у цэху ў ясны дзень гарэла лямпачка ў 60 ват. Большасць каментарыяў: за тую зарплату, якую атрымлiваюць правяраючыя, іх камандзіровачныя можна было б аплаціць святочную ілюмінацыю ўсяго завода. Або змяніць там лямпы напальвання на святладыёдныя. Не аспрэчваючы жорсткую неабходнасць выключаць у кожным цэху непатрэбныя электрапрыборы, што ў маштабах краіны дасць прыкметную эканомію, тым не менш трэба адзначыць, займацца гэтым — справа нават не майстра ці брыгадзіра, а аўтаматыкі. А правяраючым, якіх у нас хапае, варта было б засяродзіцца на больш важных і важкіх справах. Скажам, як павысіць эфектыўнасць выкарыстання дапамогі з дзяржбюджэту, што шчодра выдзяляецца асобным галінам і прадпрыемствам. І якая потым, што казаць, часцяком матэрыялізуецца ў выглядзе новых дырэктарскіх аўто з салона, у еўрарамонтах кабінетаў і іншых такіх жа «неадкладных» патрэбах. Нестае тут аналітычнай і прагнознай работы. Бо колькі пра гэта казана-пераказана, пісана-перапісана, але воз, як кажуць, на старым месцы.

І яшчэ адзін напрамак. Так і не змог падлічыць, колькі ў нас сёння рэалізуецца розных праграм, што дае іх выкананне краіне і грамадзянам, а галоўнае, колькі грошай на іх выдаткоўваецца. Напрыклад, у Кітаі распрацаваны і выконваюцца ўсяго чатыры нацыянальныя праграмы. Вялікая краіна сканцэнтравала намаганні і рэсурсы на прарыўных напрамках. Вынік: кітайская касманаўтыка ідзе ад поспеху да поспеху, Кітай літаральна ўварваўся на рынак камерцыйных запускаў спадарожнікаў і пацясніў там старажылаў, у якіх апошнім часам ракеты ўзляталі праз раз. У Расіі было больш як пяць дзясяткаў праграм, але пасля рэвізіі іх колькасць крыху зменшылася. Дарэчы, у Беларусі таксама быў час, калі валявым рашэннем зрабілі секвестр разнастайных праграм да разумных межаў. Але потым усё пакрысе вярнулася на кругі свае. Яшчэ больш, днямі чытаю пра старт новай праграмы, на якую з дзяржбюджэту пойдуць мільярды. Адчуванне, што гэта ўжо недзе было. Так, у архіве знаходжу парыжэлую копію праграмы «Электронная Беларусь», прынятую дзесяць гадоў таму: амаль тыя ж мэты, выканаўцы, але каштуе ўсё цяпер куды даражэй…

Вельмі падобная карціна з колькасцю розных фестываляў, якія праводзяцца літаральна ў кожным раёне краіны. Не, ніхто не супраць такіх свят. Але пры ўмове, што на іх правядзенне грошы даюць спонсары, а не выдаткоўвае мясцовы бюджэт, які сам атрымлівае датацыю з рэспубліканскага.

Так, беражлівасць павінна стаць спосабам жыцця, бо жыццё патрабуе такой рысы ад усіх нас. Не сакрэт, што большасць энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў краіна купляе па рыначных коштах. Таму, калі здолеем іх сэканоміць, больш сродкаў застанецца на іншыя мэты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter