Пад яскравымі зоркамі Бацькаўшчыны

Дзякуючы намаганням Уладзіміра Астапука ў Сочы нядаўна адкрыўся Музей беларускай культуры, а ў тамтэйшай суполцы “Белая Русь” шмат моладзі, якая цікавіцца родавымі караняміУладзімір Астапук — наш зямляк з Сочы. Навуковец, прадпрымальнік, кіраўнік беларускай абшыны “Белая Русь”. З дзяцінства, прызнаецца, быў заварожаны сілай і прыгажосцю лесу. Праводзіў у ім цэлыя дні. Любіў слухаць гоман дрэў, хавацца летам ад спякоты ў прахалодным ценю галін, збіраць грыбы і ягады. Захапленне прыродай яму перадалося, відаць, у спадчыну ад дзеда, які быў ляснічым і ставіўся да ўсяго жывога з вялікай пашанай. А яшчэ лес пакарыў ягонае сэрца, бадай, таму, што нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у лясным краі, у вялікай вёсцы Сварынь Драгічынскага раёна Брэстчыны. Рос сярод бязмежных гаёў і бароў. Таму і прафесію выбраў адпаведную: стаў эколагам.
Ул. Астапук (у цэнтры) з калегамі па суполцыДзякуючы намаганням Уладзіміра Астапука ў Сочы нядаўна адкрыўся Музей беларускай культуры, а ў тамтэйшай суполцы “Белая Русь” шмат моладзі, якая цікавіцца родавымі каранямі
Уладзімір Астапук — наш зямляк з Сочы. Навуковец, прадпрымальнік, кіраўнік беларускай абшыны “Белая Русь”. З дзяцінства, прызнаецца, быў заварожаны сілай і прыгажосцю лесу. Праводзіў у ім цэлыя дні. Любіў слухаць гоман дрэў, хавацца летам ад спякоты ў прахалодным ценю галін, збіраць грыбы і ягады. Захапленне прыродай яму перадалося, відаць, у спадчыну ад дзеда, які быў ляснічым і ставіўся да ўсяго жывога з вялікай пашанай. А яшчэ лес пакарыў ягонае сэрца, бадай, таму, што нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у лясным краі, у вялікай вёсцы Сварынь Драгічынскага раёна Брэстчыны. Рос сярод бязмежных гаёў і бароў. Таму і прафесію выбраў адпаведную: стаў эколагам.
Пасля заканчэння Львоўскага лесатэхнічнага інстытута працаваў галоўным ляснічым у адной з сочынскіх лесагаспадарак. “Калі прыехаў у Сочы ў 1978 годзе, думаў, трапіў у зямны рай, — згадвае Уладзімір Астапук. — Там столькі экзотыкі! Калісьці, у канцы 30-х, у тыя мясціны было ўкладзена шмат сродкаў. І з невялічкага гарадка Сочы пераўтварыліся ў першакласны курорт”.
Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі ў Маскоўскім дзяржуніверсітэце Уладзімір Іванавіч стаў намеснікам дырэктара Сочынскага нацыянальнага парка, узначаліў каманду навуковых супрацоўнікаў, пісаў артыкулы. Аднак заўсёды займаўся і любімай справай — лесам. З часам вучоны стварыў дзве прыватныя фірмы. Адна з іх, “Віёці”, займаецца экапраектамі і ландшафтным дызайнам. Працуюць у ёй сапраўдныя прафесіяналы: акадэмікі, дактары навук. Уладзімір Астапук не без гонару прызнаецца, што па якасці праектаў фірма “Віёці” — адна з лепшых у Расіі. Другая ж займаецца будаўніцтвам дарог. “Здараецца, праекты дарог не заўсёды адпавядаюць экалагічным патрабаванням, мы звяртаем на тое ўвагу забудоўшчыкаў і мясцовых улад, іх пераробліваюць, — растлумачвае Уладзімір Іванавіч. — Да справы ставімся вельмі адказна, таму, пэўна, і заказчыкаў у нас хапае”.
А яшчэ Уладзімір Іванавіч — сапраўдны лідар беларускай абшчыны ў Сочы. Доўга выношваў ідэю аб стварэнні трэцяга прадпрыемства, якое б займалася толькі беларускай тэматыкай. І нарэшце ў 2010 годзе на прыватным участку, у драўляным доме, які ён сам пабудаваў, адкрыўся Музей беларускай культуры. Туды пацягнуліся людзі, і што адметна — моладзь! Музей стаў месцам сустрэч і для сяброў суполкі “Белая Русь”, якая з’явілася ў горадзе яшчэ ў 1994 годзе. Дарэчы, амаль усе актывісты суполкі — беларусы ў другім ці трэцім пакаленні. Цікава, што непадалёк ад Сочы, у Аібгу, па гэты час ёсць сем пасёлкаў, у якіх жывуць нашчадкі перасяленцаў з Магілёўскай губерні. Іх продкі пераехалі туды па прапанове ўладаў царскай Расіі асвойваць новыя землі.
У абшчыне, расказвае Уладзімір Астапук, добра наладжана праца з пенсіянерамі, ёсць клубы жанчын і дзелавых людзей. Землякі збіраюцца часта, разам адзначаюць Новы год, Купалле, Каляды… Кіраўніка суполкі радуе, што на сустрэчы прыходзіць шмат хлопцаў і дзяўчат, якія вельмі цікавяцца сваімі беларускімі родавымі каранямі.
...Уладзімір Іванавіч любіць глядзець на зоркі. Гаворыць, і ў Сочы яны такія ж вялікія і прыгожыя, як і над роднай беларускай Сварынню. Неяк, прызнаецца, цёпла становіцца на душы ад адчування, што пад гэтымі ж зоркамі быццам побач яго бацькі, сёстры і браты. Бачыцца з імі часта не даводзіцца. Але раз ці два на год ён прыязджае на Бацькаўшчыну абавязкова. І заўсёды, калі бывае на Радзіме, наведвае магілкі родных, ушаноўвае памяць продкаў. Дарэчы, сам Уладзімір Астапук упэўнены, што ўсё ў яго жыцці складваецца добра менавіта дзякуючы іх нябачнай падтрымцы. Нездарма ж у народзе кажуць: калі ты з павагай ставішся да памяці сваіх папярэднікаў, то і яны дапамагаюць у тваіх зямных справах.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter