Беларусы Цюмені адзначалі знакавыя летнія святы, як і ў Беларусі

Пад высокім Сонцам

Беларусы Цюмені адзначалі знакавыя летнія святы, як і ў Беларусі


Cімвалічна, што і Дзень Неза­лежнасці Беларусі, і Дзень Вызвалення яе ад нямецка-фашысцкіх за­хоп­нікаў, і народнае свята Купалле прыпадаюць на адну пару. Урачысты сход Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў” прайшоў у нас 3 ліпеня, прысвячаўся Дню Незалежнасці і 71-й гадавіне Вызвалення Беларусі. Збіралі супляменннікаў і тых, хто прыязна ставіцца да Беларусі як актывісты названай суполкі, так і члены Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”, а таксама супрацоўнікі аддзела беларускай культуры (ім кіруе Юлія Чарапанава) Палаца нацыянальных культур “Cтроитель”.


У Купальскім абрадзе ў Цюмені прыгожа спалучаліся традыцыі ды сучаснасць

Хоць даўно закончана вайна і ўжо больш за 70 гадоў мірнаю працаю беларусы адстойваюць сваё права на годнае жыццё, але народная памяць пра даўнія выпрабаванні, пакуты жыве. І мы згадвалі старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Словы ўдзячнасці ветэранам за подзвігі ў імя жыцця выказалі прадстаўнікі Цюменьскай абласной Думы, Грамадскай палаты вобласці, іншыя вядомыя асобы. А Павел Васільевіч Мікіціч, партызан, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў: Перамога дасталася нам вельмі дарагою цаною, пра тое варта заўсёды памятаць. 

Пасля віншавалі ўсіх са святам творчыя гурты: сямейны вакальны ансамбль “Спадчына”, ансамбль беларускай музыкі і песні “Палессе”, народны ансамбль рускай песні “Сударушка” ды ансамбль украінскай песні “Зори цвит”, ансамбль казачай песні “СветлоЯр”. Свята ўдалося на славу!

А праз тры дні, 6 чэрвеня, у цюменьскім гарадскім раёне Пляханава ладзілася гульнявая абрадавая праграма, прысвечаная славянскаму святу Івана Купалы: так яго называюць у рэгіёне. Разам рухалі справу актывісты суполкі “Аўтаномія Беларусь”, артысты гуртоў “Спадчына” і “Лянок”. Дзень выдаўся сонечны, без ападкаў — насуперак прагнозам. Сёлета на свяце мы ўслаўлялі Ваду і ўсё,  што з ёю спалучана. Як вядома,  і ў слове Купалле ёсць корань ад слова купацца. Пачалі з размінкі, загадак пра ваду. Былі і камандныя гульні з вадою — і дзецям, і дарослым цікава! Па традыцыі правялі рытуал памінання дзядоў-продкаў: на ваду спусцілі вялікі вянок з запаленымі свечкамі. І ўсе адчулі сябе ўдзельнікамі дзеі.

Жыхароў і гасцей мікрараёна Пляханава радаваў сямейны гурт “Спадчына” і ансамбль “Лянок”. На паляне каля возера вадзілі карагоды, танцавалі. Дзяўчаты, дарэчы, былі ў прыгожых вянках з траў і кветак. Пазней яны пускалі іх на ваду, загадваючы жаданні. Нават самыя маленькія будучыя нявесты з цікавасцю, гледзячы на ​​старэйшых, заплюшчвалі вочкі, шапталі свае жаданні.

Не пакінулі мы на Купалле без увагі і вогненную стыхію. Запалілі вялікае вогнішча, суправаджаючы абрад спевамі, карагодамі. І для ачышчэння душы і цела скакалі потым праз агонь. Так што разагналі мы ад Пляханава ўсе цёмныя сілы ды зноў радуемся высокаму жыццядайнаму Сонцу.

Вера Піскун, г. Цюмень
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter