Пад уладай паланэза

Майскі Слонім сабраў аматараў старадаўняга танца на ХХ адкрыты рэгіянальны фэст “Паланэз-2016”
Заканамерна, што Слонім, які называюць горадам паланэзаў, адраджае свае традыцыі. Райцэнтр ужо ў XVIII стагоддзі дзякуючы мецэнацкай дзейнасці Міхала Казіміра Агінскага называлі: Паўночныя Афіны. Тут былі створаны тэатр, знакаміты аркестр, першая ва Усходняй Еўропе балетная школа. У сапраўднага знаўцы мастацтваў, творча адоранага слонімскага старосты любіў гасцяваць і ягоны пляменнік, Міхал Клеафас, пазней аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай” (твор называюць яшчэ: “Паланэз Агінскага”). У любімым горадзе будучы дзяржаўны дзеяч, дыпламат чэрпаў натхненне.

 З розных месцаў у Слонім прыязджаюць удзельнікі фэсту

І сёлета ад той самай гістарычнай пажарнай каланчы, дзе да 1939 года гарадскі аркестр штодня раніцай і ўвечары напаўняў Слонім гукамі “Паланэзу Агінскага”, пачыналася касцюмаванае шэсце ўдзельнікаў свята па вуліцах старажытнага горада. Упершыню на фэст прыехалі госці з пяці краін — Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі — фактычна ўзвысіўшы яго да статусу міжнароднага. Пад урачысты барабанны дроб і цёплае вітанне сланімчан артысты розных узростаў, якіх аб’яднаў грацыёзны танец, рушылі ў Цэнтр культуры і адпачынку: на конкурс. Гэта цяпер, каб прапусціць шэсце ўдзельнікаў фэсту, у горадзе спыняецца вулічны рух. А заклала традыцыю свята жменька энтузіястаў. Ініцыятарам яго выступіла старшыня Слонімскага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Леанарда Раўкоўская. Яна і цяпер сярод удзельнікаў: “Для мяне гэта асаблівы дзень, і душа перапаўняецца радасцю, што паланэз жывы. Пачыналі мы сціпла, але добрая ідэя знайшла водгук у сэрцах сланімчан, і сёння мы ўжо маем такі ўзровень, такі размах! Я вельмі ўдзячная раённаму і абласному выканкамам за тое, што падтрымалі пачын, узялі на сябе ільвіную долю матэрыяльных выдаткаў і арганізацыйных клопатаў. Прыемна, што мы, палякі Беларусі, атрымалі магчымасць развіваць нашу культуру і несці мастацтва паланэза далёка за межы нашага раёна”.   


Так хораша танцуецца пад гукі паланэза

Захапленне ад Слоніма не хаваў Эдмунд Семяновіч, удзельнік літоўскага харэаграфічнага калектыву з Шальчынінкайскага раёна, які ўпершыню сюды прыехаў: “Мы чулі пра фэст і вельмі рады, што нарэшце тут. Заварожвае атмасфера, высокі ўзровень. Спадзяемся, наш паланэз таксама запомніцца”. Выступаць калектыву паводле жараб’ёўкі давялося ў канцы праграмы, у якой значылася больш за два дзясяткі канцэртных нумароў. Тым часам са сцэны ўдзельнікам фэсту даў наказ старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі: “Кожны раз мы зноў і зноў пераконваемся ў правільнасці рашэння праводзіць гэты форум менавіта ў нас у Слоніме, дзе такія багатыя культурныя традыцыі. Таленавітыя і самаадданыя людзі — усе, хто падтрымлівае пачынанне сланімчан, мэтай якога — духоўнае яднанне”.

Старшыня грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Лысы, вітаючы фэст, заўважыў: пад эгідай арганізацыі, якая нядаўна адзначыла 25-годдзе, прайшло мноства культурных імпрэз па ўсёй Беларусі, і слонімскі фэст сярод іх — адна з самых душэўных. Польскі паэт з Берліна Раман Брадоўскі, які спецыяльна з такой нагоды прыехаў у Беларусь, эмацыйна ўскалыхнуў залу сваім вершам, які прысвяціў слонімскаму паланэзу.


Леанарда Раўкоўская

Харэаграфічныя калектывы з розных краін неслі сучаснікам са сцэны веліч аднаго з найпрыгажэйшых бальных танцаў. Ён вырас з народнага польскага “хадознага” ды ўзяў у свой час у салодкі палон усю Еўропу. Тэму паланэза развівалі вакальныя, інструментальныя калектывы. Гледачы цёпла сустракалі канкурсантаў з розных краін, не патрэбен быў і перакладчык, каб зразумець глыбінны сэнс паланэза. Дарэчы, фэст з аднайменнай назвай з лёгкай рукі сланімчан ужо разышоўся й па суседніх краінах.

Алена Сямёнава

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter