Пад паўмесяцам надзеі. Вельмі мірныя нашчадкі ваяўнічага хана Тахтамыша дагэтуль жывуць на захадзе Беларусі.

 

 

Слонімскія вулачкі... Мы ідзём з імамам мясцовай мячэці па колішняй татарскай слабадзе, і я ўглядаюся ў вокны яе сціплых дамоў, як у твары людзей... І дзіўлюся, як шмат памятае, ведае Сулейман Мацвеевіч Байрашэўскі пра свой горад, яго жыхароў, пра дамы на гэтых вуліцах і лёсы іх насельнікаў, пра тое, што было тут раней і што ёсць зараз.
— У гэтым доме жыў мой дзед, — узгадвае і паказвае на адзін з будынкаў імам. —  А вось тут былі бабуліны агароды, тут — цётчыны, а тут стаяла старая мячэць. І было гэта ўсяго трохі болей чым паўстагоддзя таму...
Сёння на колішняй Татарскай вуліцы (сучасная
вул. Кірава) жывуць толькі тры татарскія сям’і. А перад вайной, у 1943-м, у Слоніме налічвалася аж 600 татараў. Дзе ж нашчадкі тых шасцісот? — паўстае пытанне. Усё становіцца зразумелым, калі згадаць, што Татарскую вуліцу пры адступленні спалілі немцы, а татараў прымусова высялялі адгэтуль аж тры разы: у 1929, 1944 і ў 1946 гадах.
Упершыню татары ў Заходняй Беларусі з’явіліся яшчэ ў XIV стагоддзі, а засяленне імі гэтых зямель доўжылася амаль 200 гадоў. 
Татарскія абшчыны жылі сваім жыццём, паступова павялічвалася іх колькасць, будавалі спачатку малыя, а пасля і больш трывалыя храмы. Так, у другой палове XVIII стагоддзя слонімскія татары ўжо мелі малітоўны дом, а трохі пазней, у 1804-м, пабудавалі мячэць. Прыгожы драўляны будынак на былой Татарскай немцы спалілі пры адступленні ў ліпені 1944 года.
Мы падыходзім да ладнага аднапавярховага будынка з паўмесяцам на даху. Побач — дагледжаныя клумбы і азёркі незабудак уздоўж сцежкі. Гэта — сучасная слонімская мячэць. Сціплы храм адкрыў свае дзверы для слонімцаў мусульманскага веравызнання 12 ліпеня 1994 года.
У Слоніме не гучаць азаны, але кожную пятніцу а 13-й гадзіне адданыя вернікі спяшаюцца да храма з сімвалічным мінарэтам. Яны дагэтуль жывуць па сваім, па месяцовым календары, а па ім зараз — толькі 1431 год. Яны па-ранейшаму разам, абшчынай, спраўляюць свае святы — Курбан-байрам, Рамадан-байрам. Традыцыі тут моцныя, нягледзячы нават на тое, што “шэрагі радзеюць”. Нядзельная школа працуе — хоць і для трох чалавек. Службы адпраўляюцца. Нішто не спыняецца ў добрых пачатках, як не спыняецца і час, які ў цацачна маленькім Слоніме, ля мячэці ўздоўж канала Агінскага, цячэ чамусьці асабліва лёгка.

Азу па-татарску
Спатрэбіцца: 150—160 г мяса , 15 г топленага масла, 16 г таматнай пасты, 60 г салёных агуркоў, 150 г бульбы, 35 г цыбулі, соль, перац, часнок. Мяcа нарэзаць брускамі шырынёю 2 см і даўжынёю 4 см. Абсмажыць на разагрэтай патэльні. Прыгатаваныя такім чынам кавалкі мяса пакласці ў каструлю, пасаліць, пасыпаць перцам, нашынкаванай абсмажанай цыбуляй і заліць булёнам. Дадаць лыжку таматнай пасты і тушыць на працягу 30—40 хвілін. Нарэзаную буйнымі скрылямі ці кубікамі і асобна падсмажаную да паўгатоўнасці бульбу пакласці ў каструлю з мясам, дадаць ачышчаныя ад скуркі і зярнят, нашынкаваныя скібкамі правараныя салёныя агуркі і пратушыць на слабым агні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter