Пад наглядам “бабулі Купрыянаўны”

Для грамадскага жыцця вясковай абшчыны заўсёды была характэрна жывая повязь пакаленняў. Памятаеце: на Каляды дзед з бабай звялі-злучылі хлопцаў і дзяўчат у час ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”, на Масленіцу жанчыны сярэдняга веку (тыя, якія здольны былі нарадзіць дзяцей) рабілі абход вёскі і дзякавалі тым маладым людзям, якія пажаніліся, а значыць, падхапілі эстафету пераемнасці.

Заклік сёмушнай песні: “Пойдзем, дзевачкі, мы ў гай гуляць” меў сакральную накіраванасць — заклікаў маладых удзельніц выканаць абрад
своеасаблівага пасвячэння — “кумлення”, падчас якога дзяўчаты завівалі вянкі і кляліся адна адной у вечнай дружбе. А ініцыятыва ў такім разе магла зыходзіць ад аднаго з членаў вясковай абшчыны, які адказваў за згуртаванне падрастаючага пакалення.
Магчыма, гэта была бабка-павітуха, а мажліва, самая паважаная жанчына пэўнага роду ці ўсёй вясковай абшчыны. Яна збірала гурт дзяўчат і, як той казачнік у чарадзейнай казцы, пераносіла-пераводзіла яго ў прастору першатварэння свету, каб па адпаведных знаках “прачытаць” нябеснае прадказанне. Упершыню ў жыцці новае пакаленне моладзі дакраналася да таямніц Вечнасці, уключалася не толькі ў дынамічны колазварот грамадскага жыцця, але і ў кругабег Млечнага Шляху, з якім самым цесным чынам звязана доля дзяўчат, што праходзяць адказны абрад пасвячэння ў родавыя тайны. Прысягаючы адна адной у бярозавым гаі, дзяўчаты рабілі гэта з разуменнем таго, што зробленае, сказанае, здзейсненае зараз завяжа тугі вузел міжасабовай узаемаспалучанасці на ўсё жыццё. Гарантам клятвы іх сяброўства будуць бяроза як першапродак і бабка-павітуха. Апошняя ў свой час была сведкай фізічнага нараджэння дзяўчынак, цяпер яна праводзіла абрад іх духоўнага перанараджэння.
У Смаленскім рэгіёне сярод шматлікіх удзельніц вылучаўся персанаж, ролю якога выконвала старая бабуля або ўдава. У некаторых мясцінах узгадваецца яе рытуальнае прозвішча — бабуля Купрыянаўна, або кума. Абрадавая падзея адбывалася на ўскрайку лесу, каля дзвюх побач стаячых бярозак. Яшчэ дзве бярозкі вырывалі з коранем, спачатку нейкі час іх калыхалі, а затым спляталі з іх дугападобны вянок. “Бабуля Купрыянаўна” трымала гэты вянок, тым часам выбіраліся дзве дзяўчыны, якія павінны былі пакуміцца. Дзве ўдзельніцы станавіліся на супрацьлеглых канцах дыяметра ўмоўнага кола, узведзенага вакол дзвюх стаячых бяроз, побач з якімі стаяла бабуля з вялікім вянком-дугой. Кожная з дзяўчат (Каляда і Купалле) рухалася па Сонцы. Як толькі дзве кумы аказваліся побач з ёю, яна перакідвала цераз іх вянок. Калі той апускаўся на зямлю, удзельніцы пераступалі цераз яго, “як цераз скакалку”. Рытуальнае дзеянне паўтаралася тры разы. Пасля гэтага моладзь абменьвалася хус-цінамі. Хусціны захоўваліся на працягу ўсяго тыдня. А праз тыдзень хадзілі раскумлівацца і развіваць бярозкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter