Пад купалам Сусвету

На вышыні птушынага палёту карэспандэнты “НГ” наведалі самы вялікі сабор краіны Стоячы каля храма на зямлі, вы не заўважыце, што яго пазалочаныя крыжы аздоблены фігуркамі анёлаў. Каб разгледзець дэталі, што ўпрыгожваюць купалы канкафедральнага сабора (у будучым — галоўнай праваслаўнай царквы Беларусі), трэба было падняцца па вузкіх сходах унутры сцяны будынка на дах — 60 метраў угару! Аказалася, што і сучасная архітэктура можа выклікаць трымценне — не меншае, чым егіпецкія піраміды.

На вышыні птушынага палёту карэспандэнты “НГ” наведалі самы вялікі сабор краіны

Стоячы каля храма на зямлі, вы не заўважыце, што яго пазалочаныя крыжы аздоблены фігуркамі анёлаў. Каб разгледзець дэталі, што ўпрыгожваюць купалы канкафедральнага сабора (у будучым — галоўнай праваслаўнай царквы Беларусі), трэба было падняцца па вузкіх сходах унутры сцяны будынка на дах — 60 метраў угару! Аказалася, што і сучасная архітэктура можа выклікаць трымценне — не меншае, чым егіпецкія піраміды.

Знізу здаецца, што царква проста вялікая. Уверсе разумееш: велізарная! Разам з крыжам галоўнага купала яе вышыня складае 67 метраў. Протаіерэй Ігар Карасцялёў, настаяцель прыхода іконы Божай Маці Усіх Засмучаных Радасць, благаслаўляючы карэспандэнтаў “НГ” на пад’ём да вяршыні храма, папярэджваў: “Цяпер дзеючая на тэрыторыі прыхода Еўфрасіннеўская царква, дзе пакуль што праходзяць набажэнствы, мае ўшыркі прыкладна 12 метраў, а дыяметр толькі аднаго цэнтральнага купала сабора — 14 метраў”. Гэтая вежа трымаецца ўсяго на чатырох калонах. Яна літаральна вісіць у паветры. Айцец Ігар, у свецкім жыцці архітэктар, дадае яшчэ некалькі дэталей, якія ствараюць непаўторны вобраз самага вялікага храма краіны: сцены падвойныя, між імі размешчаны тэхнічныя памяшканні. Дарэчы, такія ж муры клалі і ў даўнейшыя часы. У гэтым нядаўна давялося пераканацца ў Пустынкаўскім манастыры, што пад Мсціславам. Унутры сцен мясцовага сабора, якія дайшлі да нашых дзён у руінах, дагэтуль яшчэ там-сям захаваліся хады, лазы. Кажуць, у такіх “пустках” рабілі тайнікі і хаваліся ў час небяспекі.
Міжсценныя калідоры канкафедральнага сабора ўжо ўзялі на вока прадстаўнікі турыстычных кампаній: сюды з задавальненнем вадзілі б экскурсіі, тым больш што адчуванні ад уздыму па цеснай шахце новага храма не менш вострыя, чым ад блукання па калідорах сярэднявечнай крэпасці ў Міры.
Двайныя сцены патрэбны, каб забяспечыць трываласць канструкцыі сабора і, галоўнае, захаваць у ім цяпло. Аб’ём малельнай залы, здаецца, неабсяжны. Як прагрэць зімой гэтае памяшканне — над складанай задачай яшчэ працуюць інжынеры. А эстэты ўжо сёння могуць усклікнуць: “Шэдэўральна!” Можна меркаваць, што большы за мінскую царкву бадай толькі храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве.
Сталіцы даўно патрэбен вялікі праваслаўны храм. Цяперашні Свята-Духаў кафедральны сабор у гістарычным цэнтры на значныя святы ніколі не змяшчаў усіх вернікаў. Канкафедральны сабор прыме ўсіх жадаючых.
Айцец Ігар упэўнены: “У кожнай краіне ёсць свой “дом” — галоўны сабор. Гэта заўсёды велічны будынак, які відаць здалёк. Беларусь таксама павінна мець такі храм. Дый прыхаджанам з навакольных раёнаў стане прасцей. Еўфра-сіннеўская царква перагружана. Бывае так, што адпяваюць нябожчыка, а на прыступках ужо чакае вясельная грамада. У такіх выпадках цяжка даць рады. Пасля дабудовы канкафедральнага сабора Еўфрасін-неўскі храм стане выключна хрысцільным”.
Між тым будаўніцтва сабора ідзе ўжо 15 гадоў. Здавалася б, сучасныя тэхналогіі дазваляюць працаваць хутчэй. Але ўся справа ў адным істотным моманце: кожная цагліна — гэта чыясьці ахвяра, добраахвотны ўклад у мур храма. Таму дату адкрыцця царквы пакуль што ніхто не называе — усё залежыць ад памераў ахвяраванняў. Але сцены стаяць. Па вялікім рахунку, у бліжэйшай будучыні засталося аздобіць інтэр’ер. Пакуль што заканчваюцца работы па афар-мленні купалаў. Майстар Віталь Леўдзікаў акурат на нашых вачах замешвае рошчыну, што пойдзе на ўмацаванне цаглянага дэкаратыўнага пояса вакол адной з пяці вежаў храма.
Сабор будуецца ў старажытнарускім стылі — паводле той традыцыі, у якой ставілі цэрквы ў Полацку, Кіеве, Ноўгарадзе тысячу гадоў таму. Айцец Ігар узначальвае прыход, на тэрыторыі якога знаходзіцца сабор, з 1991 года. Ён кажа, што царкву ад пачатку задумвалі ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы. На думку настаяцеля, ажыццявіць ідэю стала магчымым дзякуючы згуртаванасці аднадумцаў: “Гасподзь падбірае людзей, якім разам добра, зручна працаваць. Тады ствараецца адзіны дух многіх. Адзіным духам і падымаюцца вялікія справы”. Узняўшыся на самы верх канкафедральнага сабора, давялося адчуць незвычайную сілу гэтага будынка. Яна сыходзіць найперш ад лю-дзей, чые цаглінкі пакрысе склаліся ў цуд архітэктуры і духоўнасці.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter