Пад крылом заступніцы. Праект “НГ”, абкалясіўшы ўсю Беларусь, нарэшце дайшоў і да Мінска.

Мы моцна памыляліся, думаючы, што напрыканцы засталося самае простае. Вызначыць у беларускай сталіцы сем цудаў аказалася зусім не лёгка. Але не таму, што тут не знайшлося аб’ектаў і мясцін, вартых гэтага гучнага звання. Наадварот, іх аказалася зашмат! Яно і не дзіўна: сталіца ўсё ж такі. Горад, які з’яўляецца тварам краіны. Месца, якое прыцягвае турыстаў і людзей з правінцыі. Цэнтр, дзе размясціліся дзесяткі цікавых аб’ектаў гісторыі і сучаснасці. Іх, незвычайных, цікавых, загадкавых, здаецца, сабрала пад сваё крыло сама Божая Маці, апякунка Мінска. Мы не змаглі вылучыць з гэтага мноства толькі сем аб’ектаў. І таму дазволілі сабе сёння крыху перавысіць “ліміт”.

Каралеўскі дуб
Любавацца Траецкім прадмесцем можна і днём, і ноччу. Гэта месца заўсёды прыцягальнае. Яно з’явілася тут у ХІІ стагоддзі і было самым вялікім прадмесцем Мінска. Сёння тут можна натрапіць на будынкі XV—XVIII стагоддзяў.
Сваю назву прадмесце атрымала ад пабудаванага там касцёла Святой Тройцы. Ці, мяркуюць іншыя, ад Траецкай гары, што знаходзілася крыху вышэй. З ёй, дарэчы, звязана цікавая легенда. Захаваліся звесткі, што на гары рос дуб, каля якога падчас візіту ў Мінск прыпыняліся адпачыць усе каралі Рэчы Паспалітай. Зараз у Траецкім прадмесці размяшчаецца шмат музеяў, рэстаранаў і жылых дамоў.

Чорнае возера з белай паннай
Лошыцкі парк нібы аазіс у мегаполісе. Месца, якое адначасова і супакойвае, і пужае... Тут так цесна пераплецены гісторыя і легенда, што ўжо цяжка зразумець, што дзе. Упершыню мясцовасць згадваецца ў 1557-м годзе. Цікава, што слова “лош” перакладаецца са старабеларускага як “ласось”.
Галоўная таямнічасць парку — прывід панны Ядвігі, якая патанула пры дзіўных абставінах ў сядзібным возеры ў 1905 годзе. Муж Ядвігі, які па некаторых версіях сам забіў жонку з-за яе кахання з маладым хлопцам,  пасля яе смерці з’ехаў з Лошыцы. Але перад гэтым пасадзіў ля “чорнага” возера маньчжурскі абрыкос. Пагаворваюць, прывід Ядвігі ў белым адзенні па сёння гуляе па алеях парку. Ён недалюблівае адзінокіх мужчын, затое можа прынесці шчасце маладым парам, якія гуляюць тут падчас цвіцення абрыкоса. Праўда, іх пачуцці павінны быць шчырымі.

Дом без вокнаў
Багата дэкарыраваны будынак у Музычным завулку, 5 здалёк кідаецца ў вочы. Зараз тут знаходзіцца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Аднак у народзе ён больш вядомы як Дом масонаў. Легенда звязвае яго з мінскай масонскай ложай “Паўночны факел”. Быццам першапачаткова ў будынку не было вокнаў — гэта адпавядала звычаям масонаў не афішыраваць сваё ўнутранае жыццё. А яго форма нагадвала масонскі крыж. Афіцыйных пацвярджэнняў таго, што хоць адна мінская ложа засядала ў гэтым будынку, няма. Праўда, у дваццатых гадах ХІХ стагоддзя муж адной з уладальніц будынка быў у спісках масонскай ложы. Можа, таму ён і атрымаў такую назву?!
Што цікава, пабудаваць тут жылы дом было вырашана ў XVIII стагоддзі. Кватэры здаваліся ўнаймы. На другім паверсе пэўны час жыла сям’я кампазітара Станіслава Манюшкі.

“Каменная” карта
Аналагаў загадкавага музея валуноў у Мінску няма ні ў адной сталіцы Еўропы. Гэта не проста раскіданыя на вялікай тэрыторыі камяні, але канцэптуальна выкладзеная карта Беларусі. Групамі валуноў пазначаныя гарады і буйныя населеныя пункты рэспублікі, а сцежкі абазначаюць асноўныя транспартныя артэрыі. Валуны на гэтай “каменнай” карце размяшчаюцца па геаграфічным прынцыпе: у тых месцах, дзе іх сабралі. Зараз на тэрыторыі музея знаходзіцца каля 2000 камянёў. У хуткім часе плануецца прыступіць да рэканструкцыі тэрыторыі музея са стварэннем аб’ектаў харчавання, міні-чыгункі ў паркавай зоне, павільёна сувенірнай прадукцыі, гасцінічнага комплексу і рэстарана.

Алмаз ці чупа-чупс?
У ТОП-50 самых “незвычайных будынкаў свету” па версіі сайта Village of Joy аб самых дзіўных, цікавых, фантастычных і незразумелых рэчах у свеце Нацыянальная бібліятэка Беларусі заняла 24-е месца. Абышоўшы такія будынкі, як Нацыянальны стадыён у Пекіне, казіно ў Лас-Вегасе і найвышэйшая вежа ў Барселоне. Унікальная форма будынка — ромбакубактаэдр натхніла і французскага скульптара і мастака Рафаэля Зарка, які зняў пра беларускую бібліятэку фільм. А якое захапленне выклікае будынак у турыстаў і беларускіх дзяцей! Якіх толькі назваў не прыдумалі апошнія: алмаз, крыштальны шар і нават чупа-чупс... Аднак “охаў” і “ахаў” заслугоўвае не толькі форма, але і “начынка” бібліятэкі. У будынку 25 паверхаў, 20 чытальных залаў, 2000 чытацкіх месцаў і каля 9 мільёнаў пісьмовых крыніц! Нацыянальная бібліятэка — гэта не толькі храм ведаў, але і забаўляльна-пазнавальны цэнтр з рэстаранам, некалькімі галерэямі і інтэрнэт-клубам. Для важных перамоў адкрыты дзверы  “авальнай” і канферэнц-залы на 500 месцаў.

Храм на далоні
У багатай і набожнай сям’і Вайніловіча аднойчы здарылася бяда. Мор, які прыйшоў на горад, забраў жыццё сына Сымона, а затым і 19-гадовай Алены. Перад смерцю дачка Эдварда Вайніловіча, вядомага грамадскага дзеяча, убачыла сон: Багародзіца, трымаючы на далоні маленькі храм, прадказала Алене, што тая неўзабаве памрэ. Але каб яе бацькі не сумавалі, яны павінны пабудаваць храм — у ім яны знойдуць суцяшэнне. Алена, выдатная мастачка, паспела зрабіць накіды храма. Бацькі звярнуліся да польскага архітэктара Пайздзерскага. Грошай на будаўніцтва храма не шкадавалі. Чырвоную цэглу прывозілі з Чанстахова, чарапіцу — з Влоцлаўка. Калоны і алтар узводзіліся з ружовага пяшчаніку... Вайніловічу хацелася спалучыць у храме і праваслаўныя, і каталіцкія традыцыі: ён выступаў супраць канфесійнай розніцы. І трэба сказаць, яго мара амаль збылася. Сёння памаліцца ў касцёл Святых Сымона і Алены, ці Чырвоны касцёл незалежна ад канфесіі прыходзяць усе хрысціяне: надта прыцягальная і колерам, і архітэктурай, і энергетыкай гэтая мінская святыня. Сёлета касцёлу споўнілася сто гадоў.

Вежа з курантамі 
У замежных людзей беларуская сталіца звычайна асацыюецца з Ратушай. Беласнежны будынак, сімвал гарадскога самакіравання, з’явіўся ў Мінску разам з атрыманнем магдэбургскага права — у 1499 годзе. У першай палове XIX стагоддзя тут знаходзіліся суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, музычная школа і нават тэатр. А ў падвале — турма. У 1851 годзе было вырашана знесці ратушу. Пад рашэннем стаіць подпіс самаго Мікалая ІІ Справа ў тым, што падчас яго праўлення Беларусь стала правінцыяй Расійскай імперыі — Паўночна-Заходнім краем. І не трэба было лішні раз нагадваць падданым пра вольнасці, якія тыя некалі атрымалі па магдэбурскаму праву. Аднавілі будынак сем год таму. Зараз тут праводзяць важныя нарады, прымаюць ганаровых гасцей і расказваюць пра гісторыю беларускай сталіцы. Разынка сённяшняй Ратушы — куранты, якія ўпрыгожваюць 32-метровую вежу з флюгерам.

Шматфункцыянальная “шайба”
Цяжка знайсці ў свеце аб’ект, падобны да комплексу “Мінск-Арэна”, які змясціў пад сваім дахам амаль усе віды спорту. Тут з’явіўся першы ў краіне крыты веладром на 2000 наведвальнікаў з велатрэкам плошчай звыш 2000 м2,  які дазваляе развіваць хуткасць да 110 км/г. Тут і канькабежны стадыён для 3000 аматараў катання на лёдзе, і глядзельная зала на 15 тысяч месцаў. Арэна — ідэальнае месца для правядзення ў Беларусі міжнародных спаборніцтваў, трэніровак па 28 відах спорту — ад акрабатыкі да тэнісу, а таксама арганізацыі масавых культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, нават такога высокага ўзроўню, як дзіцячае “Еўрабачанне”.

Бронзавая лэдзі
“Дама на лаўцы” ці “Незнаёмка”, як яе многія называюць, з’явілася ў Міхайлаўскім скверы сталіцы ў 1998 годзе. Яна паспела палюбіцца і турыстам з фотакамерай, і маладым парам, і адзінокім старым. “Двайнік” гэтай лэдзі знаходзіцца ў нямецкім Дзюсельдорфе.
Падобнай скульптуры — без пафасу і псеўдапатрыятызму — у Мінску не было дагэтуль. На міжнароднай выставе “Тыдзень высокіх тэхналогій” у Санкт-Пецярбургу “Дама” атрымала прэмію ў намінацыі “авангарднае рашэнне”. Яе прызналі самай эмацыянальна-эфектнай сярод выстаўленых работ. У хуткім часе з’явіліся ў скверы і іншыя цуды — працы таго ж таленавітага скульптара Уладзіміра Жбанава. Прыцягваюць увагу прахожых гонкая дзяўчынка з парасонам і чалавек, які прыпальвае ля тралейбуснага прыпынку. 

У цэнтры... Еўропы
Гасцініца “Еўропа” пабудавана ў Мінску чатыры гады таму. Аднак насамрэч яе гісторыя нашмат багацейшая. Яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя ў двухпавярховым будынку на рагу Высокага рынку і Францысканскай вуліцы прыпыняліся амаль усе падарожнікі і гастралюючыя акцёры і музыканты. Пасля пажару 1884 года гасцініцу рэканструявалі. Будынак атрымаў трэці паверх і назву “Еўропа”. У 1906—1908 гадах гасцініцу яшчэ раз перабудавалі — у стылі мадэрн. Гэта была самая буйная грамадская пабудова дарэвалюцыйнага Мінска — аж шэсць паверхаў! Тут працавалі першакласны рэстаран, цырульні, чытальная зала. У кожным са 130 нумароў былі тэлефон, рукамойнік, электрычнае асвятленне, вадзяное ацяпленне, ванная. Нават ліфт працаваў — тагачасная тэхнічная навінка! Аднак у 1918—1920 гадах шыкоўны рэстаран “Еўропы” ператварыўся ў сталовую, сама гасцініца — у інтэрнат. А падчас Вялікай Айчыннай зніклі і тое, і другое. У пачатку ХХІ стагоддзя было вырашана адбудаваць гасцінцу. За аснову была ўзята стылістыка мадэрна. Новы будынак размясціўся на перакражыванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай. На месцы, дзе была кавярня, а яшчэ раней — гарадскі тэатр, у якім у 1852 годзе адбылася прэм’ера беларускай оперы “Ідылія”.   

Святая непрыступнасць  
Ракаўскае прадмесце — равеснік горада. Гэты раён пачаў засяляцца яшчэ ў XI стагоддзі. З часам прадмесце стала месцам, дзе большую частку насельніцтва складала яўрэйская бедната. Тут было сканцэнтравана шмат яўрэйскіх рамесных майстэрняў, крамаў, рэлігійных вучылішчаў і сінагог. Дарэчы, будынкі сінагогі на вуліцы Ракаўскай і яшывы — яўрэйскага духоўнага вучылішча захаваліся да нашых дзён. Вялікая Айчынная для жыхароў Ракаўскага прадмесця стала часам страшных трагедый. Немцы стварылі тут мінскае гета. За час вайны тут загінула каля 100 тысяч яўрэяў — амаль палова насельніцтва горада.  Набольш яркая пабудова Ракаўскага прадмесця — Петрапаўлаўская царква, закладзеная ў 1611 годзе. Пры храме працавалі друкарня, бальніца, школа, дзе вучылі “сямі вольным мастацтвам”. Доўгі час Петрапаўлаўская царква была адзіным праваслаўным храмам Мінска. Прыходзілася ёй часам выконваць і абарончыя функцыі, ператвараючыся ў крэпасць. Гэтым абумоўлены таўшчыня сцен, высокія вокны і наяўнасць байніц.

Думаю, дарагія чытачы, вы  дапаможаце вылучыць са сталічных аб’ектаў самыя яркія і, магчыма, нечаканыя для вас цуды, прагаласаваўшы на сайце www.ng.by ці даслаўшы вашы адзнакі на адрас рэдакцыі: 220013, Мінск, вул.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter