Пад кожнай сцяблiнай - шурпатыя далонi хлебароба

«Калі ў свеце ёсць паэты, ёсць духоўныя сілы, то прыгажосць не змеркне», – перакананы беларускі пісьменнік Мікола Мятліцкі

«Калі ў свеце ёсць паэты, ёсць духоўныя сілы, то прыгажосць не змеркне», – перакананы беларускі пісьменнік Мікола Мятліцкі

Вершы, паэмы, празаічныя творы, публіцыстыка, пераклады сусветных класікаў — у творчым арсенале паэта Міколы Мятліцкага, якога адзін са старэйшых беларускіх літаратуразнаўцаў Уладзімір Гніламёдаў назваў паэтам ХХІ стагоддзя. Пасля выхаду ў свет першага зборніка вершаў «Абеліск у жыце» Мікалая  Міхайлавіча  прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. За паэтычную кнігу «Мой дзень зямны» атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі, а за выданне «Бабчын. Кніга жыцця» стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. З-пад яго пяра выйшлі зборнікі «Ружа вятроў», «Горкі вырай», «Шлях чалавечы», «Палескі смутак», «Блаславенне», «Чаканне сонца», пераклады з кітайскай мовы «Сто паэтаў Кітая», цыклы «З балгарскага сшытка», «З крымскага сшытка», дзіцячая кніга вершаў «Няправільныя санкі». Мікалай Міхайлавіч да свайго юбілею, які будзе адзначаць увосень, падрыхтаваў паэтычны зборнік «Бяссмертнік», дзе падсумоўвае не толькі свае здабыткі, але і ўсёй Беларусі за два дзесяцігоддзі незалежнасці.

На пятым курсе філалагічнага факультэта БДУ Міколу Мятліцкага запрасілі працаваць у штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Пасля заканчэння ўніверсітэта амаль два дзесяцігоддзі рэдагаваў кнігі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» і  дванаццаць гадоў узначальваў часопіс «Полымя».

Перш чым самому пісаць вершы, чатырохгадовы Міколка перад аднавяскоўцамі агучваў з`едлівыя радкі свайго дзеда Яўхіма Анісімавіча, які трапна падмячаў характэрныя рысы землякоў і ўмела рыфмаваў — як Адарка саджала цыбулю на градзе і грукнула сябе па назе, як зажурылася Куліна, што не скошана даліна. За такія байкі часам дзеду даставалася ад пакрыўджаных. У летнія святы і нядзелю каля кожнай хаты на прызьбах як на паказ сядзелі жанчыны Бабчына ў вышытых рознымі ўзорамі фартухах, аздобленых каляровымі атласнымі стужкамі спадніцах, андараках, хустках з карункамі. Мужчыны нават летам хадзілі ў шапках, зладжаных мясцовымі краўцамі. У касавіцу ці  жніво толькі старыя і дзеці заставаліся ў вёсцы, якую з усіх бакоў акружала таямнічае балота Гала, што цягнулася амаль на паўсотню кіламетраў да Мазыра. У залітых балотнай вадой нізінах мужчыны касілі сена, па шыю ў вадзе выносілі яго сушыць на грудок. Толькі па зімніку забіралі стагі. Вялікая сям’я Яўхіма Мятліцкага ў першыя пасляваенныя гады жыла ва ўцалелай ад фашыстаў хаціне, потым змуравалі цагляны прасторны дом, які пасля чарнобыльскай навалы пакінулі назаўсёды.

— Дзед Яўхім усюды мяне за сабою цягаў, — узгадвае Мікола Мятліцкі. — Трымаць сякеру, касу, рабіць іншую сялянскую працу прывучаў з маленства. Вельмі любіў чытаць і мяне з сабою ў вясковую бібліятэку браў. Набярэ кніжак  сабе і  мне дзіцячых. Я аднойчы так пашкамутаў кніжку, што бібліятэкарка не хацела больш даваць іх. Дзеду сказала, калі навучыцца ўнук чытаць, тады няхай прыходзіць. Дзед прапанаваў ёй праверыць, як чытаю. Гэта яшчэ да школы было. Я не падвёў дзеда.

Многа чытачоў было ў нашай бібліятэцы. Увогуле вёска даволі пісьменная. У 1905 годзе адкрылася школа, і нават да вайны быў педтэхнікум. На Днях славянскага пісьменства ў Хойніках да мяне падышла жанчына і распавяла, што, калі яе маці вучылася ў гэтым педтэхнікуме, да іх прыязджаў Янка Купала.  Мяне гэты факт зацікавіў, і па архіўных дакументах высветліў, што пясняр прыязджаў у Хойнікі, а значыць, мог наведаць і Бабчын, дзе ў той час ствараўся калгас.

— А вам давялося працаваць у калгасе?

— Уся наша сям’я шчыравала там. Дзед быў кладаўшчыком, брыгадзірам, а перад пенсіяй вартаваў свінаферму. Бабуля і маці хадзілі ў паляводчую брыгаду. Неяк летам на калгасных палях геолагі шукалі нафту. Бабулі прыснілася, што каля нашай ушулы фантан б’е. Дзед ёй сказаў маўчаць, бо знясуць хату, і яна нікому пра свой сон не гаварыла. А нядаўна чытаю ў газеце, што ў Хойніцкім раёне знайшлі нафту. Думаю, што прарочы сон быў у бабулі. Кожная дробязь вясковага жыцця праз гады ўсплывае ў памяці і кладзецца вершаваным радком:

Косіць бацька атаву — Аж шугае каса.
…Мне, малому, не ўцяміць
(Ён з касой аж цвіце),
Што ў балесную памяць
Гэты міг урасце.

— У вашых паэтычных творах лірычная шырыня душы, жаданне пайсці і растварыцца ў прыродзе.

— Пэўна, усё гэта мне перадалося ў спадчыну ад дзеда, бацькі, які таксама лёгка рыфмаваў радкі. І дзядзька мой вершы пісаў. Радкі дзеда друкавала гомельская абласная газета. Але гэта не было заняткам маіх родных. Бацька нават лічыў, навошта марна траціць час на вершы. Аднойчы дзед напісаў байку пра суседа, у якога быў самагонны апарат. І той перастаў майго бацьку частаваць гарэлкай. Мне бацька дакараў, што з вершаў сытым не буду. Настаўніца Эмілія Мечыславаўна Купрэйчык падтрымлівала мяне, дапамагала. Пераканала паступаць на філалагічны факультэт. Я марыў стаць журналістам, але настаўніца параіла больш дасканала вывучыць мову і літаратуру на філфаку.

— Мікалай Міхайлавіч, вам даводзілася сустракацца з вядомымі  землякамі-літаратарамі — Іванам Мележам,  Іванам Шамякіным, Барысам Сачанкам.

— Яны былі ўжо на вяршыні славы. Ад нашага Бабчына да Глінішча — роднай вёскі Івана Паўлавіча Мележа — недалёка. Яго стрыечны брат Анікан Дзмітрыевіч Мележ узначальваў наш калгас. Дабрэйшай душы, інтэлігентны чалавек. Ён вельмі падтрымліваў салдацкіх удоў Бабчына. Выпісваў сена для кароў, выдзяляў коней апрацоўваць агароды, дровамі забяспечваў. Разумна спалучаў інтарэс дзяржаўны і сялянскі, каб сялянам крыху лягчэй жылося. Колькі добрага для землякоў зрабіў Іван Шамякін. А маці Барыса Сачанкі была з нашага роду Мятліцкіх. Разам з маімі роднымі ў гады вайны была вывезена з маленькімі сынамі ў Германію.

— У даўно мінулыя гады вашага дзяцінства ўся Беларусь яшчэ жыла незагоеннай памяццю пра апошнюю вайну. Тэме пасляваеннага жыцця вы прысвяцілі свой першы паэтычны зборнік «Абеліск у жыце», пасля выхаду якога вас прынялі   ў  Саюз   пісьменнікаў СССР.

— Мне рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў давалі  выдатныя творцы Анатоль Вялюгін, Васіль Зуёнак і Янка Сіпакоў. Гэта для мяне было вельмі прэстыжна. Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў падышоў да мяне і сказаў, што прачытаў мае вершы ў зборніку «Абеліск у жыце» і  адзначыў, што я варты быць членам Саюза пісьменнікаў. Назва першага майго паэтычнага зборніка сама сабой вызначылася. Па нашай вёсцы вельмі жорстка прайшлася вайна. Людзей расстрэльвалі ля калгасных сіласных ям, у лесе, пры дарозе ў 1943  годзе расстралялі партызанскія сем’і. У нашай вёсцы свята Перамогі лічылася самым галоўным. Наш настаўнік Васіль Адамавіч Зелянкоўскі партызаніў, і яго сям’ю фашысты расстралялі. На дзедавым доме было пяць зорачак. Столькі чалавек забрала вайна з нашай сям’і.

— А як ствараўся зборнік «Мой дзень зямны», за які вы атрымалі званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола?

— Да гэтай кнігі я ішоў пяць гадоў. Збіраўся з думкамі, шукаў тэмы.  Зборнік  выдаўся самым спелым. Анатоль Вялюгін адзначыў, што пачалася мая мастацкая спеласць. Хаця Уладзімір Гніламёдаў  і называе  мяне паэтам ХХІ стагоддзя, я больш застаўся ў мінулым веку. Там я знайшоў свой голас і тэму. Я стаў пісаць тое, што перакрэсліў нам Чарнобыль.  Мне захацелася паказаць сённяшнюю Беларусь. Мы толькі вяртаемся да перадчарнобыльскага ўспрымання свету. Крыху адышлі ад ваеннай тэмы, сталі самастойнай дзяржавай. Зараз я летую на малой радзіме жонкі Ірэны Браніславаўны ў Астравецкім раёне. У магазіне вёскі Быстрыца, куды я хаджу за прадуктамі, можна набыць усё, што хочаш. А я памятаю час, калі,  акрамя хлеба і селядцоў, больш нічога не было ў вясковых крамах.

— У магазінах усё ёсць на вёсцы, але моладзь чамусьці яе пакідае.

— Ім падавай усё і адразу. А трэба жыццём напрацаваць. Вось па Беларусі столькі аграгарадкоў створана. І зарабіць можна добра на вёсцы. Наш Бабчын аграгарадком быў яшчэ да Чарнобыля. Да нас прыязджаў Кірыла Трафімавіч Мазураў і каля школы выступаў. Сабралася ўся вёска, шмат салдацкіх удоў, у якіх хаты былі крывабокія. І Мазураў гаварыў, каб калгасныя грошы накіроўвалі на будаўніцтва дамоў, і ў першую чаргу для сямей загінуўшых. Стварылі спецыяльную будаўнічую брыгаду, мой бацька ў ёй працаваў. Пачалі забудоўваць новую вуліцу, якую людзі назвалі Мазураўскай. Цяпер на ёй жывуць вучоныя-радыёлагі. Я бываю ў Бабчыне, які поўнасцю выселены пасля чарнобыльскай катастрофы. Дамы так і стаяць уздоўж вуліц. У агародах лес парос. Аб чым ні пішу ў сталіцы, а думкі мае там. Прыязджаю і хаджу па спусцелым Бабчыне. У адным з вясковых дамоў адкрылі гасцініцу для камандзіраваных. Я ў ёй жыў. Там напісаў раздзел кнігі «Параненая душа». Заходзіў у  вясковыя хаты і ўзгадваў,  якая тут жыла сям’я. Пра іх і пісаў. Дзе на падаконніку прыладжваўся, што прозай, што ў форме дзённіка занатоўваў. У сваёй школе сеў за парту і напісаў сачыненне. У калгаснай бібліятэцы нарадзіўся верш. Чарнобыльская тэма мяне не пакідае:

Чатырыста сорак тры
У вёсачцы мілірэнтгены.
У той калысцы, якая
У хаце пустой засталася,
Бяссонне маё гушкае
У новым Ядзерным часе
Да самай світальнай зары —
чатырыста сорак тры.

Я пастаянна цікаўлюся навуковымі даследаваннямі вучоных-радыёлагаў. Даведаўся,  што мёд, сабраны пчоламі ў запаведніку, абсалютна чысты. Пыльца не мае радыяцыйнага забруджвання. У Бабчыне працуе цікавы спецыяліст Таццяна Рыгораўна Дзярабіна. Яе матэрыялы пра флору і фаўну пакінутых людзьмі мясцін выклікалі вялікі інтарэс у чытачоў часопіса «Полымя», у якім друкаваліся гэтыя нататкі.

— Мікалай Міхайлавіч, мне ўзгадваюцца вашы радкі:

…Душа расінкаю дрыжыць,
Віюцца лёсу каляіны,
Мне давялося перажыць
Сваю вялікую краіну…

А заканчваецца верш так:

…мне давялося прывітаць
Сваю дзяржаву маладую.
І там, дзе шчодрацца палі,
Ступалі колісь продкі.

— Мы яшчэ гэтага не ўсведамляем да канца, але мы — пакаленне Беларусі, якое бачыла нараджэнне нашай суверэннай  дзяржавы і прымала ў гэтым удзел, будавала яе, не праспала. Што б ні казалі пра Беларусь, але гэта краіна. Усяго 70 гадоў прайшло пасля знішчальнай вайны. Нашы гарады і вёскі ўяўлялі суцэльныя руіны і папялішчы. Цяпер нават цяжка ўявіць, што так было. Як узняліся гарады, якімі сталі нашы вёскі. На палі глянуць люба. Я ехаў па Гродзеншчыне і Міншчыне і радаваўся хлебным нівам. Там-сям палеглыя хлябы. Ліўневыя дажджы прымялі мясцінамі густыя пасевы, а ўраджай у цэлым даспявае добры. Глядзіш на жыта і здаецца, што пад кожнай сцяблінай шурпатыя далоні хлебароба. Як жа можна творчаму чалавеку быць проста сузіральнікам.

Сёння мы жывём у такім часе, што кіламетры нічога не значаць. З любога кутка Беларусі праз некалькі гадзін можна дабрацца ў сталіцу. Не хацелася б, каб вёска траціла душу, каларысціку мясцовасці. Мы яшчэ не ўсведамляем, наколькі добрую справу робяць школы, якія займаюцца краязнаўствам. Я ведаю цудоўныя вясковыя школьныя краязнаўчыя музеі. У час стварэння іх вучні распыталі бабуль і дзядуль пра мінулае, з гарышчаў здымалі калаўроты, верацёны і іншыя прылады мінулага. У Астравецкім раёне, дзе я зараз баўлю час на пенсіі, у Падольскай школе існуе спецыяльны клас ткацтва, дзе стаяць два станкі і майстры на гэтых кроснах вучаць дзетак.

— І такіх школ нямала. Ім на дзяржаўным узроўні аказваецца падтрымка. Праводзяцца фестывалі, дні пісьменства, у якіх прымаюць удзел майстры народнай творчасці. Купальскімі цёплымі днямі  купалаўская Вязынка прымала гасцей, а на чарзе — традыцыйны ўжо фестываль у палескіх Ляскавічах.

— Да гэтага свята народнай творчасці планую, што ўбачыць свет мой новы зборнік вершаў «Бяссмертнік», у якім імкнуся адлюстраваць сённяшнюю Беларусь. Што мы не перажылі, але бяссмертнік — тая кветка, якая сімвалізуе нашу Айчыну. Нішто нас не знішчыць. У кнізе «Сто паэтаў Кітая» я ўзяў сімвалічны вобраз кветкі  хрызантэмы. Кітайцы пражылі цывілізавана некалькі тысячагоддзяў і ні адна кропля расіны не ўпала з пялёстка хрызантэмы. Яны ўсё варта пранеслі. Іх вялікі паэт тых часоў Тао Юань Мінь жыў у чацвёртым тысячагоддзі да нашай эры. Тады яшчэ і славянскія плямёны не хадзілі. А ён ужо зрабіў тоё, што потым Пушкін у рускай літаратуры, — мову адшліфаваў. Купала — у нас, Шаўчэнка — ва Украіне. Калі ў свеце ёсць паэты, ёсць духоўныя сілы, то і прыгажосць свету не змеркне. Гэта не метафара, гэта — аксіёма.

Уладзiмiр Субат
Фота аўтара
Астравецкі раён — Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter