Пад грыфам сакрэтнасці

Званне Героя Расіі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Аляксею Бацяну было прысвоена толькі ў маі 2007 года
Герой Расіі Аляксей БацянЗванне Героя Расіі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашаму супляменніку з Валожыншчыны Аляксею Бацяну было прысвоена толькі ў маі 2007 года

Хто такі Аляксей Бацян? Калі коратка: савецкi разведчык, ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, Герой Расіі. Ён з ліку тых людзей, якія ў пасляваенны час па родзе службы зусім не траплялі ў поле грамадскай увагі, больш таго: усяляк пазбягалі яе. Ды ўсё ж ветэран і ягоныя подзвігі, прынесеныя ў вайну на алтар Перамогі, сёння ўшанаваны.

У Базе дадзеных пра славутых ураджэнцаў Беларусі і нашых супляменнікаў з іншых краін, якая створана і папаўняецца ў Інстытуце культуры Беларусі, ёсць такія звесткі. Аляксей Бацян нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Чартавiчы — цяпер гэта Валожынскі раён Мінскай вобласці. Бацька ягоны быў кемлiвым, прадпрымальным селянінам, у пошуках лепшай долi яшчэ халасцяком пабыў на заробках у Германiі ды Аргенцiне. У сям’i асаблiвую ўвагу надаваў адукацыi дзяцей. Сына Аляксея сам навучыў нямецкай мове i адправiў у польскую гiмназiю па добрую адукацыю.

У верасні 1939 года Аляксей Бацян, як і вядомы пісьменнік Янка Брыль ды тысячы іншых заходнебеларускіх мужчын, быў мабiлiзаваны ў польскае войска. Ён удзельнiчаў у баях з немцамi, камандаваў разлiкам зенiтнай устаноўкi, якая збiла тры самалёты “Юнкерс”. Пасля далучэння Заходняй Беларусi ў склад БССР некаторы час выкладаў у пачатковай школе, а ў 1940-м накiраваны па камсамольскай пуцёўцы на вучобу ў Вышэйшую разведшколу Народнага камісарыята ўнутраных спраў. У 1941-м залiчаны ў склад элiтнай Асобнай мотастралковай брыгады спецпрызначэння, якая падпарадкоўвалася 4-му ўпраўленню НКУС СССР пад кіраўніцтвам генералаў П. Судаплатава і Н. Эйцінгона. Упраўленне тое, сёння можна ўдакладніць, займалася дыверсіямі і разведаперацыямі.

У 1942 годзе Аляксей Бацян быў накіраваны ў глыбокі тыл ворага, у заходнія раёны Украіны і Беларусі. У якасці памочніка капітана дзяржбяспекі займаўся арганізацыяй партызанскай базы ў лясах на памежжы (1943). Ён распрацаваў класічную вайсковую аперацыю разведвальна-дыверсійнай работы ў горадзе Оўруч (яна была праведзена 9 верасня 1943 года), за што атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. У 44-м разам з ляснымі братамі з Арміі Людовай удзельнічаў у аперацыі па вызваленні польскіх падпольшчыкаў у горадзе Ілжа на тэрыторыі Польшчы. У студзені 45-га яму з паплечнікамі ўдалося ліквідаваць склад боепрыпасаў у гарадку Новы Сонч, які лічыўся “ключом” да Кракава. У выніку той аперацыі быў вызвалены і выратаваны ад разбурэння горад Кракаў, які фашысты планавалі ўзарваць. Так што ёсць падставы сцвярджаць: Аляксей Бацян — адзін з рэальных прататыпаў Маёра Віхра, героя аднайменнага фільма пра тую аперацыю.

Пасля вайны наш супляменнік праходзіў службу ў складзе 1-га Упраўлення (знешняя разведка) Наркамата дзяржбяспекі СССР (з 1946-га — Міністэрства дзяржбяспекі СССР, з 1954-га — Камітэт дзяржбяспекі пры Савеце Міністраў СССР). У 1983 годзе Аляксей Бацян у званні палкоўніка быў звольнены ў запас, але да 1989-га працаваў у органах КДБ СССР спецыялістам-кансультантам. Цяпер, паводле звестак з Базы дадзеных Інстытута культуры Беларусі, Аляксей Мікалаевіч жыве ў Маскве, ён ганаровы супрацоўнiк дзяржбяспекi. Узнагароджаны ордэнам Мужнасцi, двума ардэнамi Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны I ступенi, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, польскiм ордэнам Вiртуцi Мiлiтары (За воiнскую доблесць), медалямі “За баявыя заслугi”, “Партызану Айчыннай вайны” I ступенi ды iншымі. А ў маі 2007 года за мужнасць і гераізм,  праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Аляксею Бацяну прысвоена высокае званне Героя Расіі.

Галіна Івуць,
супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter