Добрая традыцыя паяднання даўніх традыцый з сучаснымі закладзена ў старадаўняй сядзібе Рэйтанаў у Ляхавіцкім раёне

Пад дахам Грушаўкі

Добрая традыцыя паяднання даўніх традыцый з сучаснымі закладзена ў старадаўняй сядзібе Рэйтанаў у Ляхавіцкім раёне
Добрая традыцыя паяднання даўніх традыцый з сучаснымі закладзена ў старадаўняй сядзібе Рэйтанаў у Ляхавіцкім раёне

grusha.pngУ родавым котлішчы Рэйтанаў 23 жніўня адбыўся фэст эксперыментальнага мастацтва ДАХ-XXV “Вяртанне”. Другі ў Грушаўцы, а ўвогуле юбілейны, 25-ты. Нібы самі нябёсы апякуюцца Грушаўкай. Спрыяе там паяднанню даўніх і сучасных традыцый усё, у тым ліку і мясцовыя улады. Летась нам дапамагла ладзіць Грушаўскі фэст начальнік адзела культуры  Ніна Прыхач, сёлета старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падтрымаў ідэю, і яго намеснікі былі на вышыні. А таксама лясгас, райаддзел МУС, спецыялісты Белэнэргасетак, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аддзела МЧС... Паклон В. Новіку, які апекаваўся “прыбышчамі” са сталіцы не першы раз. Добры прыклад таго, як супольнымі сіламі энтузіястаў і дзяржаўцаў рухаецца справа.

За 13 гадоў існавання фэст “Дах” не раз падымаў на сваіх сцягах імёны выбітных беларусаў, забытых або “страчаных”: Язэп Драздовіч, Чэслаў Немэн (Чэслаў Юліюш Выдрыцкі), Казімір Малевіч. Цяпер ушаноўваем ураджэнца Грушаўкі Тадэвуша Рэйтана. Яго імя раней было ў вялікай пашане на Наваградчыне, але культ памяці героя, пратрымаўшыся 250 гадоў, абарваўся пасля Другой сусветнай вайны. У зруйнаванай Беларусі было шмат іншых клопатаў, новыя героі выйшлі на авансцэну. Ды мудрыя кажуць: хто не памятае мінуўшчыны, не мае правоў на будучыню. І прыйшоў час, калі гісторыкі, мастакі, энтузіясты супольна з уладамі рупліва знітоўваюць Даўніну з Сучаснасцю — каб мець шанец на Будучыню. У гэтым кірунку рухаецца і Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.

Фэст ДАХ, які блукаў ад Мінска да Пружанаў і аж да Берліна, вярнуўся ў Грушаўку. Летась ён гучна праходзіў разам са “Святам традыцыйнай культуры”. Сёлета большасць музыкаў, паэтаў, мастакоў з розных куткоў Беларусі сабраліся адмыслова, каб ушанаваць нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Мастацкая выстава складалася з твораў А. Лабкоўскага і С. Бадак, фотаздымкаў К. Янушкевіч, А. Ясінскай, К. Булас, А. Трусавай, асобнага блока выяў Тадэвуша Рэйтана. Графічны цыкл “Род Рэйтанаў. Асобы і падзеі” куратараў фэсту А. Родзіна і З. Юркевіча — цэлы год рыхтаваўся адмыслова для гэтай выставы — складаўся з больш чым 30 прац. Гэта аповед пра радавод Рэйтанаў, найважнейшыя моманты гісторыі роду, жыцця і смерці спадара Тадэвуша.

Жывы ўдзел у фэсце бралі Тры “А” (капэла дудара Алеся Лася), Уладзімір Мароз, Іосіф Бацечка, Аляксей Жбанаў (праект “Песьні філаматаў і філарэтаў”), Раман Яраш і Віктар Сямашка, Цімох Авілін і Павал Селівончык. Незабыўна гучалі жаночыя галасы гурта “Міжрэчча” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, а танцы пад дуду, скрыпку ды кантрабас закруцілі ўсіх прысутных. Модныя і сучасныя моўныя курсы з Юляй Траццяк, як заўсёды, былі на вышыні, акцыя “Ярнбомбінг” (абвязванне дрэваў рознакаляровымі шалікамі) дадала яркіх фарбаў мясцовым краявідам. Напрыканцы быў кароткі, але моцны дождж, і хлопцы гурта “Іmprum” з Мінска паўночы гралі акустычны сэт ля вогнішча. Тады адбыўся і паказ фільмаў, прысвечаных Тадэвушу і Аліне Рэйтанам. Рэжысёрка Алена Ясінская дэманстравала і новы фільм “Мясцовы анёл”, потым далучылася да канцэрта са спевамі пад гітару. І падавалася мне: гэта ад тых анёльскіх галасоў і музыкі хмары разышліся, над нашым табарам зазіхацелі мірыяды зорак. Ды тое было ўжо ўначы. А спачатку гучалі прамовы і творы, згадвалі імя Тадэвуша Рэйтана, ягоны подзвіг у далёкім 1773 годзе, калі ён гатовы быў даць сябе ўкрыжаваць дзеля выратавання незалежнасці Радзімы. Цяпер слова “Рэйтан” ёсць сімвал найвышэйшай праявы патрыятызму, любові і адданасці роднай зямлі. Сімвал рашучасці змагацца за яе , нягледзячы на любыя выклікі і небяспекі.

Тадэвуш Рэйтан, Самойла Корсак, Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі. Яны, ліцьвіны-беларусы, былі пасламі ад Наваградскага і Менскага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага і ў красавіку 1773-га паўсталі супраць Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Забыцца на іх подзвіг мы не маем права. Вяртанне іх імёнаў у пантэон нацыянальных герояў Беларусі — справа не толькі энтузіястаў. Спадзяемся, іх яшчэ нададуць вуліцам гарадоў, школам, пра іх напішуць кнігі, створаць фільмы. А можа будзе і курган, на ўзор кургана Адама Міцкевіча ў Навагрудку: бо магілы герояў не захаваліся. Патрэбен супольны клапат пра іх родавыя гнёзды, найперш — пра сядзібу Рэйтанаў у Грушаўцы, якая збераглася.

Зьміцер Юркевіч,
арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter