У Парыжы па ініцыятыве беларускай суполкі прэзентаваліся праваслаўны і каталіцкі абразы з Беларусі

Пад аховай Еўфрасінні

У Парыжы па ініцыятыве беларускай суполкі прэзентаваліся праваслаўны і каталіцкі абразы з Беларусі


Беларускі ў Парыжы
Прэзентацыя праваслаўнага цудадзенайнага абраза Божай маці Жыровіцкай і каталіцкага абраза Маці Божай Будслаўскай прайшла 20 мая ў Кафедральным саборы трох хрысціцеляў у Парыжы. Паведамленне аб падзеі, запрашэнне ў сабор даслала ў рэдакцыю кіраўніца асацыяцыі “Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі” Святлана Сурава. Выбрацца ў Парыж мне пакуль не ўдалося, а сустрэцца з суайчынніцай у Мінску пад час падрыхтоўкі яе да прэзентацыі — пашанцавала.

Спісаліся з ёй у фэйсбуку, дамовіліся аб сустрэчы. У рэдакцыі за кубкам кавы з беларускімі цукеркамі ды французкім печывам “Les macаrons” Святлана расказвала мне: “Днём нараджэння асацыяцыі лічым 7 студзеня 2015 года: на свята Раства Хрыстова з прэфектуры Парыжа нам выдалі дакументы аб яе ўтварэнні. А першае мерапрыемства прысвячалі нябеснай заступніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай — збіраліся ў Саборы трох хрысціцеляў па блаславенні епіскапа карсунскага Нестара”. Гэтую святую беларусы Францыі лічаць і апякункаю сваёй асацыяцыі.

Напярэдадні прэзентацыі Святлана пісала: “Для мяне гэта вялікая адказнасць і гонар: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел перадаў у асацыяцыю беларусаў Францыі ікону Жыровіцкай Божай маці са сваім блаславеннем”. Расказвалі пра абразы, іх гісторыі ў храме пісьменнік Анатоль Бутэвіч, супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі Галіна Івуць, паказвалі дакументальны фільм. А напрыканцы імпрэзы гасцей частавалі нацыянальнымі стравамі.

Пра дзейнасць беларускай суполкі ў Францыі даходзяць весткі і ў Беларусь, яна цесна ўзаемадзейнічае з беларускім Пасольствам у Францыі. Летась да 250-годдзя М. -К. Агінскага супляменнікі разам з Паслом Паўлам Латушкам, фальклорным гуртом беларускай песні з Мінска “Церніца” (усе — з чырвона-зялёнымі сцяжкамі ў руках) спявалі беларускі гімн на Елісейскіх палях, ля Эйфелевай вежы.

На сайце www.youtube.com “гуляе” ролік, як сябра асацыяцыі Таццяна Ільюшэнка чытае верш М. Зялёнкі “А ў маёй Беларусі”. Шмат інфармацыі пра жыццё суполкі — на яе старонцы ў фэйсбуку. Там жа паведамленні пра Каляды беларусаў у парыжскім кафэ “Cantine de russe”, паездку да беларускіх сяброў на Дзяды ў Швейцарыю, удзел у стажыроўцы кіраўнікоў творчых гуртоў беларусаў замежжа ў Мінску...

Пры асацыяцыі працуе ансамбль “Душа”, у складзе якога беларускія музыкі Ала Фралова (цымбалы), Кацярына Закржэўская (акардэон), Алена Лабанава (скрыпка), Аляксандр Меркуль (гітара). Ансамбль, казала Святлана, упрыгожваў выступленнямі ўжо не адну імпрэзу. А нядаўна ўдзельнічаў у святкаванні Дня Перамогі ў Парыжы. У 2017-м збіраецца на ІІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету: вельмі яскравая ў артыстаў праграма з беларускіх твораў.


Ала Фралова грае на цымбалах у ансамблі “Душа”

Пад час гутаркі цікава назіраць за Святланай: у яе добрая прыемная ўсмешка, рухі павольныя і мова трошкі “нараспеў”. Сапраўды, яна нечым нагадвае францужанку... І ў той жа час здзіўляе сваёй беларускасцю: “Не ведаю, ці паверыце: я ніколі не карыстаюся французкай тушшу для павек. І не таму, што не магу сабе гэтага дазволіць. Проста падабаецца мне беларуская “Біеліта”, адзенне — з фабрыкі “Маркфармэль”. Прызнаецца: нават муж лічыць яе занадта патрыятычнай. Аднак ён з задавальненнем падтрымлівае жонку ва ўсіх пачынаннях: летась прыязджаў з ёй у Мінск на Кансультацыйны савет беларусаў замежжа. А на канцэрце ў Палацы Рэспублікі так спадабалася яму беларуская музыка, што купіў шмат кампакт-дыскаў “Песняроў”, “Сяброў”, сучасных беларускіх выканаўцаў, і цяпер часта слухае іх і дома, і ў машыне.

Здзіўляла Святлана мяне і далей: “Французкія сыры, безумоўна, смачныя. Але ж, як кажуць, на аматара... Мне ж больш да душы беларускія малочныя вырабы, асабліва Бярозаўскага сыраробчага камбіната. Бо гэта — смак дзяцінства”. А родам Святлана якраз з горада Бярозы, з Брэстчыны. І раней, калі жыла ў Мінску, купляла ў магазінах ды на рынку тварог, масла, сыр менавіта “бярозаўскія”, дый мясным вырабам з малой радзімы заўсёды аддавала перавагу. “У Францыі беларускіх прадуктаў не знойдзеш, — казала зямлячка. — Ёсць, канешне, рускія магазіны, аднак гэта ўсё не тое”.

Тым разам пабывала Святлана Сурава і ў роднай Бярозе, заказала помнік бацькам на магілы, наведала брата. Калі ж, расказвала, ішла ў БТІ па даведку, то пераблытала дзверы і патрапіла ў Цэнтр дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Там пабачыла вырабы, што ствараюць хлопчыкі ды дзяўчынкі сваімі рукамі. “Сэрца сціснулася, — прызнаецца Святлана, — так захацелася зрабіць для іх што-небудзь добрае... Пакуль што купіла 15 лялек і пано, аднак мы ў Францыі абавязкова назбіраем грошай ды дапаможам ажыццявіцца мары дзяцей: павандраваць па роднай краіне ды наведаць “сяброў” (такі ж Цэнтр сацыяльнай дапамогі) у Пружанах”.   

Увага Святланы да дзяцей невыпадковая, па прафесіі яна — педагог-дэфектолаг. І цяпер займаецца падрыхтоўкай яшчэ аднаго “дзіцячага” праекта — выставы малюнкаў “Я бачу свет”. У ім, плануецца, прымуць удзел дзеці з Беларусі, Францыі, Італіі ды Іспаніі. Дамову аб супрацоўніцтве з Мінскім цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана ўжо заключыла. А дзіцячыя работы з Італіі ды Іспаніі ўзяліся даслаць кіраўніцы тамтэйшых беларускіх суполак Таццяна Пумпулева ды Святлана Яськова. Усе трое пазнаёміліся летась на курсах для кіраўнікоў творчых калектываў беларусаў замежжа. Цяпер сябруюць, актыўна перапісваюцца.

Адкрыць выставу энтузіясты плануюць да дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня ў французкім горадзе Танон, на беразе возера Леман, дзе цяпер жыве Святлана Сурава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter