Пад акампанемент салаўіных аркестраў. Самы малады з райцэнтраў Віцебшчыны гарадскі пасёлак Шуміліна ў “Писцовых книгах” XVI стагоддзя называўся Шумілавым.

У народзе кажуць, што назву паселішчу даў чалавек па імені Шуміл. Магчыма, так яго празвалі з-за шумнага, неспакойнага характару. Мясцовыя краязнаўцы прапануюць іншую версію: у 1812 годзе на месцы Шуміліна ў сасновым бары рускія воіны і партызаны наладзілі засаду французам, якія прабіраліся праз лясы да Віцебска, і амаль што цалкам знішчылі ворага. Шум бою, падхоплены ветрам, разнёсся на многія кіламетры. Хутка пасля таго бою лес назвалі шумным борам, а паселішча, што з’явілася непадалёк, — шумным.Помнікаў архітэктуры ў раёне няшмат. Але цудоўная прырода і найчысцейшыя азёры цалкам кампенсуюць недахоп славутасцей. А яшчэ Шуміліна ўвайшло ў лік чатырох “салаўіных гарадоў”, названых так рэспубліканскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Гэтыя дзіўныя мясціны — сапраўдная знаходка для аматараў актыўнага адпачынку пад акампанемент “салаўіных аркестраў”.

У народзе кажуць, што назву паселішчу даў чалавек па імені Шуміл. Магчыма, так яго празвалі з-за шумнага, неспакойнага характару. Мясцовыя краязнаўцы прапануюць іншую версію: у 1812 годзе на месцы Шуміліна ў сасновым бары рускія воіны і партызаны наладзілі засаду французам, якія прабіраліся праз лясы да Віцебска, і амаль што цалкам знішчылі ворага. Шум бою, падхоплены ветрам, разнёсся на многія кіламетры. Хутка пасля таго бою лес назвалі шумным борам, а паселішча, што з’явілася непадалёк, — шумным.
Помнікаў архітэктуры ў раёне няшмат. Але цудоўная прырода і найчысцейшыя азёры цалкам кампенсуюць недахоп славутасцей. А яшчэ Шуміліна ўвайшло ў лік чатырох “салаўіных гарадоў”, названых так рэспубліканскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Гэтыя дзіўныя мясціны — сапраўдная знаходка для аматараў актыўнага адпачынку пад акампанемент “салаўіных аркестраў”.

Ледніковы прышэлец
Ёсць у Шумілінскага раёна своеасаблівыя каменныя каралі з дзевяці ледніковых валуноў. Упрыгажэннем яго лічыцца Вялікі камень паблізу вёскі Горкі — самы вялікі валун у краіне. Яго даўжыня 11 метраў, а вага больш як 800 тон, і гэта толькі яго трэцяя, надземная частка. Каб абысці валун вакол, трэба зрабіць не менш як 30 крокаў. Родам камень з Фінляндыі, а на Шуміліншчыне ён аказаўся дзякуючы руху магутнага ледніка, які адарваў калісьці вялізную глыбу ад скандынаўскай скалы. Цікава, што ў гэтага ўнікальнага помніка прыроды ёсць і іншая назва — Чортаў камень. Ён, згодна з павер’ем, быў месцам зборышча нячыстай сілы. І выпадковага вандроўніка чакалі непрыемныя сюрпрызы: перад ім то разлівалася шырокае мора, то вырастаў вялізны лес, і нічога не заставалася падарожніку, як чакаць світання.

Свята-Успенская царква
На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Перамога звяртае на сябе ўвагу помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю — Свята-Успенская царква. У 1898 годзе яе пабудавалі з чырвонай цэглы. У 1959 годзе храм зачынілі, часткова разбурылі і перабудавалі пад склад. Толькі праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам і адрэстаўрыравалі. Дзякуючы намаганням вучняў нядзельнай школы, а таксама мясцовых жыхароў была адноўлена і святая крыніца паблізу храма, якая існавала з XVII стагоддзя і дапамагала хворым на вочы. У нашы дні крыніца стала цэнтрам мясцовага паломніцтва.

Няскораная зямля
У гарадскім пасёлку Обаль абавязкова трэба наведаць музей камсамольскай славы. Значнае месца ў яго экспазіцыі аддадзена гісторыі славутай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. На яе рахунку дзесяткі пушчаных пад адхон варожых эшалонаў з гаручым і боепрыпасамі, узарваных прамысловых і інфраструктурных аб’ектаў. За мужнасць і адвагу ў барацьбе з акупантамі кіраўніку падпольшчыкаў Еўфрасінні Зяньковай і члену арганізацыі Зінаідзе Партновай было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Каменны крыж
Праязджаючы праз вёску Мішневічы, заўважаем каменны крыж і побач сасну. З гэтым месцам звязана старажытная легенда. У памешчыка-прыгонніка быў гарбаты выродлівы сын. І служыла ў яго прыгожая дзяўчына-сялянка. Вырашыў памешчык ажаніць сына з прыгажуняй, хоць кахала яна сялянскага хлопца, такога ж беднага, як сама. Даведаўшыся пра іх тайныя спатканні, памешчык аб’явіў, што дзяўчына ўсё роўна будзе жонкай яго сына, і пачаў рыхтаваць вяселле. Ад бязвыхаднасці дзяўчына забіла нажом нялюбага гарбуна. Раз’юшаны памешчык загадаў закапаць прыгажуню жыўцом у зямлю. А каб ёй і мёртвай было цяжка, паклаў на магілу вялізны каменны крыж, а ў галавах магілы загадаў пасадзіць сасну, каб яе карані высмоктвалі сокі жывой пахаванай.

Святая крыніца
У шасці кіламетрах на поўнач ад Шуміліна ёсць святая крыніца, якую ў народзе называюць Пяценкай. Некалі каля яе стаяў высокі і прыгожы храм у гонар вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы. Будавалі храм усім мірам, а калі яго ўзвялі і бацюшка правёў першую літургію каля крыніцы, што струменіла непадалёку, пачалі адбывацца цуды вылячэння. І пачаў прыходзіць народ да святога месца з усіх канцоў Беларусі, а таксама з расійскіх губерняў.

Лёсаносны вакзал
У XIX стагоддзі Шуміліна было невялікай вёскай у Полацкім павеце. Асаблівае значэнне населены пункт набыў з 1886 года, пасля будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі, якая прайшла праз Шуміліна. Кіраўнік будаўніцтва міністр шляхоў зносін генерал-лейтэнант Мельнікаў у тэлеграме на імя імператара дакладваў: “...у 9 гадзін 30 хвілін адкрыты рух на ўчастку Полацк—Віцебск працягласцю 242 вярсты”. Тады ж тут пабудавалі чыгуначны вакзал. Гэта адзіны ў гарадскім пасёлку будынак, які не пацярпеў у гады вайны.

Лёгкія зямлі
Амаль што 10 працэнтаў тэрыторыі раёна займаюць балоты. Іх па праву называюць лёгкімі зямлі, паколькі менавіта балоты забіраюць вуглярод і азот з атмасферы і акумулююць яго ў тарфяныя залежы. Адначасова балотная расліннасць больш эфектыўна, чым іншыя віды раслін, выдзяляе ў атмасферу кісларод. Працяглая здабыча торфу не пайшла на карысць. Сёння выпрацаваныя тарфянікі раёна маюць патрэбу ў паўторным забалочванні і аднаўленні. Гэта не толькі знізіць рызыку ўзнікнення буйных пажараў, але і прывядзе да аздараўлення экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне, палепшыць натуральныя ўмовы пражывання жывёл і птушак, у тым ліку тых, што занесены ў Чырвоную кнігу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter