Пачынаецца Пятроўскі пост

Ён будзе доўжыцца ў праваслаўных з наступнага тыдня і да 12 ліпеня — дня святых Пятра і Паўла. “Пятроўка-галадоўка”, як кажуць у наро-дзе, пачынаецца з першага панядзелка пасля Тройцы і наступнага за ёй дня Святога Духа, гэта значыць з 15 чэрвеня. Традыцыя прымеркавана да даўняй падзеі — посту апосталаў Пятра і Паўла, якія гэткім чынам, стрымліваючы жаданні ўласнай плоці, рыхтаваліся да Евангельскай пропаведзі.

У дні посту “вета” накладваецца на прадукты жывёльнага паходжання: можна есці толькі зеляніну і рыбу. Зрэшты, рыбу і алей не дазваляецца спажываць у панядзелак, сераду і пятніцу.
Народ за вякі ўжо прызвычаіўся да такіх летніх абмежаванняў. Яны натуральна вынікалі з ладу жыцця людзей: на пачатку лета ў сялян амаль нічога не заставалася з мінулага ўраджаю, а новы пакуль даспее... Але ж у лесе з’яўляюцца першыя грыбы, ягады, на гародах вырастаюць цыбуля, пятрушка ды іншыя багатыя на вітаміны расліны, што і мусіць падтрымаць арганізм, пазбаўлены страў з мяса, малака, яек.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter