«Пачуццё адказнасцi вышэй за iмгненне шчасця»

Кажуць, двойчы ў адну раку не ўваходзяць. А Васіль Равяка ўвайшоў. І стаў Героем Беларусі

ДВА дзесяцігоддзі кіруе вядомай гродзенскай гаспадаркай «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль РАВЯКА. Навучэнцам Рэчыцкага зааветэрынарнага тэхнікума паўгода стажыраваўся ў ельскай гаспадарцы «Дабрынь», пасля атрымання дыплома заатэхніка-ветэрынара працаваў у калгасе «Заазер’е» Акцябрскага раёна. Потым была служба ў арміі, вучоба ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, пасля заканчэння якога лёс Васіля Апанасавіча назаўсёды звязаў свой лёс з Панямоннем. Закончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, абараніў дысертацыю кандыдата сельскагаспадарчых навук, стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, удастоены ганаровага звання Герой Беларусі. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання.

Так высока ўзняла праца сялянскага сына з вялікай палескай сям’і, земляка класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Брат пісьменніка ўзначальваў Алексіцкі сельсавет Хойніцкага раёна, дзе нарадзіўся і вырас Васіль Равяка. З пляменнікам пісьменніка Міхаілам вучыліся ў адным класе і сябравалі. Пасля васьмігодкі іх шляхі-дарогі разышліся. Міхаіл Мележ стаў музыкантам. Аднойчы лёс падараваў ім сустрэчу ў цягніку. Сержант Равяка суправаджаў армейскіх навабранцаў, а Міхаіл Мележ вяртаўся ў Маскву, дзе пасля кансерваторыі працаваў у аркестравай групе. Было што ўзгадаць ім са свайго басаногага дзяцінства ў палескай глыбінцы, жыццё якой узняў да класічнага твора «Людзі на балоце» Іван Мележ.

— Васіль Апанасавіч, што адчувалі, калі школьнікам чыталі творы земляка?

— Людзі на балоце — гэта мы і былі. Жылі сярод векавых тваняў. Непадалёку ад нас Юравічы, куды ездзілі героі Івана Мележа. І мне за вялікае шчасце было, калі бацька браў на юравіцкі кірмаш. Сярод балот на выспах стаялі нашы вёскі. Чытаў і ўяўляў, як збіраліся мае землякі на касавіцу ў балоты. На золку перастуквалі малаткі па вёсцы, касары адточвалі косы. Запрагалі коней і сем’ямі ехалі ў балоты на некалькі дзён. Жанчыны ў андараках, мужыкі ў палатнянай вопратцы. Усе абутыя ў пасталы, у якіх спрытна хадзілі па векавой твані. Адрэзаная ад свету вёсачка Курані з рамана — тая Каранёўка, праз якую хадзіў да сваіх дзядзькаў Сымона і Рыгора ў схаваную сярод бору вёсачку Маклішча. Мяхамі збіралі мы там лясныя арэхі, а ў рэчцы лавілі ўюноў і сушылі на пост. На ўскрайку Каранёўкі доўга жыла старэнькая Ганна Чарнушка, што стала галоўнай гераіняй рамана «Людзі на балоце». Сваім землякам Іван Паўлавіч падараваў мураваную школу, якая і цяпер упрыгожвае Глінішча.

— Вам давялося ў ёй вучыцца?

— Школу адкрылі, калі я закончыў васьмігодку. Многія мае аднакласнікі пайшлі туды ў дзявяты клас. А я паступіў у Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум.

— Нехта параіў вам паступаць?

— Хацеў вучыцца, а грошай нават на дарогу дома не было. Бацькі працавалі ў калгаснай паляводчай брыгадзе. Ім не плацілі, а ставілі працадні. Бацька быў ездавым, і яго пару буланых коней, што яшчэ з вайны трафейнымі трапілі ў калгас, я адводзіў у калгасную стайню. Любіў іх, і яны мяне слухалі. Мо, гэта неяк і вызначыла выбар. І за бульбай, шкваркай недалёка было дадому дабрацца.

— Мо, і пешшу дабіраліся?

— Як даводзілася. Нашы раёны — суседнія. Кожную суботу адпраўляўся дамоў, каб харчамі назапасіцца і дапамагчы што. Спрадвеку маіх продкаў кармілі рукі і зямля. Толькі не ўсім доля выпала. Бацька асірацеў у дванаццаць гадоў. Рана зведаў сялянскія клопаты. Другога дзеда фашысты расстралялі. Іх вёску Алексічы спалілі дашчэнту, а жыхароў знішчылі. Маці і бабулю ўратавала, што былі ў полі. Пасля вайны бацькі мае пабраліся, і Гасподзь паслаў ім сямёра дзяцей. Мы адзін аднаго гадавалі. Наша вёска Рабец патанала ў садах. Пах духмяных яблыкаў ніколі не забуду. За 18 кіламетраў ад нас пабудавалі Чарнобыльскую АЭС. Пасля катастрофы вёску выселілі. Радня параскідалася па свету. Я пасля арміі паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Горад уразіў старыной, брукаванымі вуліцамі, Нёманам. З першага курса працаваў грузчыкам на заводзе карданных валоў.

— Абыходзіліся без бацькоўскай падтрымкі?

— Яшчэ ім трэба было дапамагаць. Меншыя дома падрасталі. На трэцім курсе пачалася паўгадавая практыка, якую праходзіў у калгасе «Прагрэс». Старшыня гаспадаркі Аляксандр Іванавіч Дубко прызначыў мяне загадчыкам фермы з акладам 90 рублёў. З жывёлаводамі я адразу кантакт знайшоў. Справы ў нас ішлі добра. Кіраўніцтва вобласці вызначыла нашу ферму для правядзення рэспубліканскага семінара з удзелам Машэрава. Сталі рыхтавацца да семінара. Усё пабялілі, вычысцілі. Прыехаў Пётр Міронавіч, зайшоў на ферму, павітаўся са мной за руку, агледзеў памяшканні, уважліва слухаў мой даклад.

— Ведаў, што вы яшчэ студэнт?

— Яму паведамілі. Пасля майго даклада параіў прысутным рыхтаваць мяне да працы галоўным спецыялістам у гаспадарцы. Адзначыў маю стараннасць. Так пасля інстытута я і стаў працаваць у Верцялішках галоўным заатэхнікам.

— А дзе сустрэлі будучую жонку?

— Яшчэ студэнтам у інстытуцкай лабараторыі прыкмеціў Яўгенію. Яна з невялікай вёскі Табала, што каля Верцялішак. Пасля трэцяга курса вырашылі ажаніцца.

— Дзе гулялі вяселле?

— У нас на Палессі традыцыя абавязкова збіраць радню. З Яўгеніяй паехалі да маіх бацькоў у вёску Рабец знаёміцца. Гулялі вяселле каля Нёмана і на Палессі.

— Якое ўражанне гродзенцам пакінула палеская глыбінка?

— Мае землякі бяднейшыя, лагодныя, больш добрыя. Апошнюю крышачку хлеба падзеляць, а тут людзі адасобленыя. Уплыў захаду адчуваецца. Цяга быць багацейшым за суседа.

— А дзяцей сваіх як выхоўвалі?

— Дачку Жану і сына Аляксея ніколі ні да чаго не прымушалі. Кожны самастойна выбіраў свой шлях. Дзеці раслі на відавоку ў вяскоўцаў і тады, калі я працаваў у Верцялішках, і калі мяне перавялі інструктарам Гродзенскага райкама партыі. Паперкі, справаздачы, нудота кабінетная. Я прывык да рухомага жыцця. Па рэкамендацыі абкама прызначылі першым сакратаром Мастоўскага райкама партыі.

— Новы занятак, высокая адказнасць, незнаёмыя людзі.

— Усё было. За шэсць гадоў наведаў кожную ферму, поле. Але ўсё ж гэта не мой занятак. Прывык так, як зараз працую ў гаспадарцы, дзе канкрэтная штодзённая праца, ад якой атрымліваю задавальненне. Няхай нават ніхто і не бачыць, але калі забіў хоць адзін цвік, то дзень не дарма прайшоў. Люблю людзей і ведаю ў гаспадарцы кожнага. Вывучыў характары. Мой сябра, які працуе кіраўніком, расказаў, што вечарам аналізуе сваю справу звольніць, і бывае, што прыходзіць думка звольніць таго, хто не спраўляецца. Але дзеля гэтага раніцай трэба з дому да працы бегчы, бо калі крочыць, то абавязкова перадумаеш.

— У гэтым мудрасць кіраўніка?

— Калі мне каго трэба мяняць на пасадзе, то перахварэю ў сто разоў больш, чым той чалавек. Павінен разглядзець рашэнне ў розных ракурсах: як адаб’ецца на сям‘і, на дзецях. І думаю тады, мо, лепш дапамагчы яму, і няхай далей працуе.

— Як змяніўся Мастоўскі раён за гады вашага кіравання?

— Да майго прыезду райцэнтр лічыўся адным з найбольш добраўпарадкаваных у вобласці. А па сельскагаспадарчых паказчыках з 17 раёнаў Мастоўскі займаў трэці радок знізу. Першы сакратар абкама Кляцкоў ставіў задачу мне ўвасобіць новыя тэхналогіі на палі і фермы, чым я займаўся ў «Прагрэсе». І мне гэта ў нейкай ступені ўдалося. Але без глуму над людзьмі. Звычайна прыходзіць новы кіраўнік і пачынае ператасоўваць кадры. Не вызваляў нікога. Разам абмяркоўвалі набалелыя праблемы, шукалі шляхі вырашэння, далейшага развіцця раёна. Людзі мяне не падвялі. Ужо які год Мастоўскі раён стабільна ў верхняй частцы абласных зводак.

— Напэўна, невыпадкова і першым на Гродзеншчыне рэспубліканскія «Дажынкі» прымаў Мастоўскі раён?

— Лічу, што за гады кіравання раёнам задачу па ўмацаванні эканамічных паказчыкаў выканаў. З Мастоўскага раёна я паступіў у Грамадскую акадэмію пры ЦК КПСС у Маскве, пасля заканчэння мяне чакала праца сакратаром Гродзенскага абкама партыі па сельскай гаспадарцы. Але адбыўся развал Саюза, з’явіліся іншыя рэаліі. Я парушыў традыцыю і ўвайшоў у адну раку двойчы — вярнуўся на пасаду першага намесніка старшыні калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна.

— Над вамі не падтруньвалі?

— Людзі цёпла прынялі. Калі Аляксандр Іванавіч Дубко пераходзіў на працу старшынёю Гродзенскага аблвыканкама, на сходзе вырашалі, хто ўзначаліць «Прагрэс». Падняўся галоўны інжынер і сказаў, што не трэба мудрыць, ёсць чалавек, якога мы ведаем і ён нас ведае. І прапанаваў маю кандыдатуру. Ужо дваццаты год кірую.

— Гэта за гады вашай працы старшынёю так узняліся вытворчыя паказчыкі?

— І да мяне гаспадарка была даволі моцнай. Трымаць такую планку быццам і не складана, але гэта на першы погляд. З дзесяці тысяч гектараў сельгасугоддзяў у нас ні аднаго лішняга лапіка няма. Максімальна выкарыстоўваем зямлю. Можна прыпісаць нейкі цэнтнер ураджайнасці, але ў кармушку яго не пакладзеш. Ды і ці ёсць патрэба ў гэтым?

— Пры такіх высокіх рубяжах пра перспектыву цяжка гаварыць.

— Чаму? У нас ёсць і нявыкарыстаныя рэзервы. Можна нарошчваць вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі і птушкаводстве.

— А ў раслінаводстве?

— Тут галоўнае — трымацца дасягнутага. Некалькі гадоў таму з кожнага гектара збожжавых атрымалі па 102 цэнтнеры зерня, летась — па 83,3. Гэта быў самы высокі паказчык у Беларусі. Я ніколі не імкнуся, каб быць першым. Мы павінны столькі атрымліваць збожжавых, каб выканаць дзяржаўны заказ і забяспечыць сваю жывёлагадоўлю фуражом. Настолькі ў нас адпрацавана тэхналогія, што стабільнай стала ўраджайнасць збожжавых 80 цэнтнераў з гектара.

— У жывёлагадоўлі чаго дасягнулі?

— Трымаем дзве з паловай тысячы дойных кароў і ўсяго 13 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. За мінулы год надаілі па 7100 кілаграмаў малака ад каровы. Сутачныя прывагі кормнікаў перавысілі кілаграм.

— Якая рэнтабельнасць жывёлагадоўлі?

— За першы квартал рэнтабельнасць комплексу па адкорму жывёлы склала 23 працэнта. А па малаку — 71  працэнт.

— Шчыльнасць жывёлы высокая?

— Акрамя буйной рагатай жывёлы, мы яшчэ займаемся і птушкагадоўляй. Калі ўсю жыўнасць гаспадаркі перавесці на ўмоўныя галовы, то на кожны гектар прыходзіцца 140 галоў. Птушынага мяса штогод пастаўляем 5 тысяч тон, ялавічыны 3,5 тысячы і 17 тысяч тон малака. Раней мы куплялі да 4 тысяч тон збожжа, каб пракарміць пагалоў’е. Узяліся за селекцыю і тэхналогію. І калі 15—20 гадоў таму намалочвалі 14 тысяч тон збожжа, то зараз больш за 30 тысяч тон. Маем пераходны фонд да 2 тысяч тон. Пагалоў’е павялічылі на тры тысячы галоў. Летась атрымалі 43 мільярды рублёў прыбытку пры рэнтабельнасці 18 працэнтаў. 42 мільярды рублёў інвесціравалі ў асноўную вытворчасць.

— Як гэта адбіваецца на заробках людзей?

— За мінулы год сярэдняя зарплата склала каля шасці мільёнаў рублёў. Механізатары атрымліваюць значна больш у сезон.

— Вытворчыя паказчыкі сябе апраўдваюць?

— Так. Рэнтабельнасць збожжа звыш 100 працэнтаў.

— Такая зямля ўрадлівая?

— Склаўся моцны калектыў спецыялістаў — найвышэйшага класа тэхнолагі. Галоўны аграном Іван Галавенка, галоўны заатэхнік Юрый Тамашэвіч — людзі ад Бога. Юрый Станіслававіч працуе над кандыдацкай дысертацыяй.

— А вы не плануеце доктарскай заняцца?

— Не лічу патрэбным. Кандыдат — гэта кандыдат у вучоныя. А доктар павінен прысвяціць сябе навуцы. Трэба выбіраць паміж вытворчасцю і навукай. З двух крэслаў можна і зваліцца. Вось да нас прыйшоў малады садавод Андрэй Кандавоў. З двухсот гектараў саду плануе пакінуць палову і ўтрая павысіць прадукцыйнасць. У Польшчы гектар саду дае 80 тон яблыкаў, а ў нас збіралі па 34 тоны, і гэта быў самы лепшы паказчык у Беларусі. Імкнемся давесці валавы збор яблыкаў да 81 тысячы тон.

— Васіль Апанасавіч, гаспадарка даволі вялікая і разнапланавая. А яшчэ і сацыяльныя пытанні. З чаго звычайна пачынаеце працоўны дзень, каб з усім справіцца?

— Штодня пасля шасці раніцы паўгадзіны аддаю прагулцы на веласіпедзе. А працу пачынаю з сацыяльнай сферы. Можна пабудаваць ферму, іншыя вытворчыя карпусы, а што для чалавека? Толькі сёлета на сацыяльныя пытанні выдзелілі 12 мільярдаў рублёў. Будуем трохпакаёвыя кватэры агульнай плошчай 90 квадратных метраў, каб сям’я больш не мела праблем з жыллём. За гады майго старшынёўства пабудавана 200 кватэр. Завяршылі будаўніцтва новай амбулаторыі. Засмучае, што не магу столькі ўкладваць грошай у сацыяльную сферу, колькі хацелася б. Наша гаспадарка ў 8 кіламетрах ад Гродна, і калі ўмовы жыцця будуць горшыя, чым у горадзе, паўстане праблема з працоўнымі рэсурсамі.

— Васіль Апанасавіч, даяркам прысуджаюць Зоркі Герояў за надоі, механізатарам — за цэнтнеры, а вам за што?

— Калі ў вобласці афармлялі дакументы на гэтую высокую ўзнагароду, я не верыў. Ніколі не ставіў такой мэты. Добрасумленна заўжды імкнуся працаваць, укладваць душу. А Зорка Героя — гэта ўзнагарода за поспех і жывёлаводаў, і механізатараў, і ўсяго калектыву.

— Якая зараз асноўная матывацыя працы?

— Толькі рубель. Такая бія- лагічная сутнасць чалавека, гэта трэба прызнаць і адыходзіць ад камуністычных догмаў.

— Дзеці не пайшлі па вашых слядах...

— Мог бы і сына тут уладкаваць і фарміраваць грамадскую думку, што ён працягне маю справу. Але такога не павінна быць. Гэта не мая Бацькаўшчына, і нічога вечнага не бывае.

— Але адчуваеце, хто эстафету кіраўніка падхопіць?

— Я рыхтую людзей. Важна, як павядзе сябе калектыў у адносінах да гэтай асобы. Дзве кандыдатуры выспяваюць. Але самі яны пра гэта не ведаюць.

— Ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— Можна сказаць, што калі мяне выбралі старшынёю гаспадаркі, ніколі гэта не лічыў за шчасце. У той момант я перш думаў, што зраблю, каб апраўдаць сябе. Гэта мяне турбуе і зараз. Пачуццё адказнасці вышэй за імгненне шчасця.

— Роднае Палессе сніцца?

— Перыядычна ўзнікае жаданне наведаць Бацькаўшчыну. Хаты ўжо няма. Але ведаю, што стаяла каля шостага электрычнага слупа ў Рабцы. Навокал цяпер поле. Пастаю каля дзядзінца, пакланюся магілам продкаў, і лягчэй становіцца на сэрцы.

— Васіль Апанасавіч, ваша самая запаветная мара?

— Каб людзі, што мне даверылі кіраваць гаспадаркай, жылі яшчэ лепей. Дзеля гэтага і працуем.


Уладзiмiр Субат

Гродзенскі раён
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter