Пачуць, як дыхае зямля...

Вясновы пейзаж. Яго чароўная прастора абдымае, ахінае вас, зацягвае быццам бы ўнутр сябе. Не, недарэмна абуджэнне прыроды ёсць вялікая таямніца! Нават чалавек, зусім не надзелены дарам тварыць, можа гэта адчуць. А калі надзелены… Ён дапаможа іншым адчуць найтанчэйшы водар, злавіць няўлоўныя пахі, пачуць райскія гукі вясны. Калі вы чуеце іх, гледзячы на карцінку, - перад вамі дасканалы пейзаж.

Вясновы пейзаж. Яго чароўная прастора абдымае, ахінае вас, зацягвае быццам бы ўнутр сябе. Не, недарэмна абуджэнне прыроды ёсць вялікая таямніца! Нават чалавек, зусім не надзелены дарам тварыць, можа гэта адчуць. А калі надзелены… Ён дапаможа іншым адчуць найтанчэйшы водар, злавіць няўлоўныя пахі, пачуць райскія гукі вясны. Калі вы чуеце іх, гледзячы на карцінку, - перад вамі дасканалы пейзаж.

У кожнага вёсны свае...

ХХ стагоддзе прынесла беларускаму пейзажнаму жывапісу дзесяткі імёнаў — проста заўважных і сапраўды выбітных. Яшчэ і сёння час ад часу здараюцца адкрыцці новых твораў, забытых мастакоў. Да прыкладу, толькі ў канцы 2009 года была знойдзена цэлая серыя выразных, запамінальных пейзажаў Сяргея Каткова, якога па праву можна лічыць адным з адраджэнцаў беларускага савецкага пленэрнага жывапісу. Сярод адкрытых палотнаў — цудоўныя вёсны... 
Свае вёсны ёсць у Івана Рэя, Івана Дмухайлы, Васіля Сумарава, Уладзіміра Кудрэвіча, Мікалая Тарасікава, Анатоля Бараноўскага і многіх іншых. Усе яны вельмі розныя: яркія і някідкія, светлыя і сакавітыя, маладыя і проста юныя. Але некаторыя імёны сучаснікаў проста немагчыма абысці ўвагай. Аднойчы ўбачыўшы гучныя, звонкія пейзажы Мікалая Бушчыка, дзе рэалізм мяжуе з экспрэсіянізмам, а часам і з кубізмам, глядач адрозніць манеру гэтага аўтара ад іншых і праз год, і праз пяць гадоў, і праз дваццаць. Якраз пра такі выпадак Мікалай Уладзіміравіч нядаўна расказаў нам, вярнуўшыся з суседняй Польшчы, дзе ў раскошным горадзе “тшымяста” — Гданьску — адкрылася яго чарговая выстава. Пажылыя аматаркі мастацтва “ўспомнілі мастака”, сустрэўшы яго творы — новыя творы! — больш чым праз дваццаць год...

Чалавек перламутравага неба

Гэтым разам, сябры, мы паспрабуем угледзецца, услухацца ў дасканалыя “вёсны” аднаго з найбольш знаных майстроў беларускага жывапісу першай паловы ХХ стагоддзя — “вёсны” Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі (1872—1957). Ён быў надзелены талентам лірыка не інакш ад самой прыроды. І творчая манера мастака адпавядала яе асаблівасцям.
Карціны Бялыніцкага-Бірулі — гэта роздум у жывапісе, прызнанне ў любові да прыроды, яе няяснай прыгажосці. У творчасці майстра дамінуе так званы “чысты пейзаж” — выяўленне прыроды без увядзення дадатковых аб’ектаў. Добра адчуваючы нюансы ландшафту, мастак імкнуўся не толькі падкрэсліць асаблівасці мясцовасці, адлюстраваць яе канкрэтныя рысы, але і перадаць настрой прыроды, які залежыць ад пары года, сутак, асвятлення, а таксама тыя эмоцыі, якія ўзнікаюць у гэтыя моманты ў чалавека.
Любімы матыў краявідаў Бялыніцкага-Бірулі — веснавое абуджэнне прыроды. Гэты сюжэт ён прадставіў у шматлікіх варыяцыях, прасачыўшы ўсе этапы абнаўлення прыроды ўвесну. З ранніх прац мастака найбольш вядомыя такія палотны, як “Вясна ідзе” (1899), “Вечныя снягі” (1901), “Вясновы дзень” (1902), з твораў савецкага часу — “Веснавыя воды” (1927), “Лёд пайшоў” (1930), “Дні майскіх ружаў” (1950), “Вясна ідзе” (1957). Усе гэтыя пейзажы — вытанчана-паэтычныя, пяшчотныя, сапраўды “чыстыя”. Недарэмна сучаснікі Бялыніцкага-Бірулі называлі яго чалавекам перламутравага неба. Вельмі паэтычна, ці не так?
Высокая душа гэтага Мастака ўжо даўно лунае ў Сусвеце, але і сёння гэта не становіцца перашкодай для тых, хто хоча дакрануцца да святла і прыгажосці. Яго вёсны ўсё роўна прыходзяць да нас, асвечаныя водбліскам яркага таленту таго, хто пражыў іх поўна, смела, звонка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter