Фотарэпартаж: парад мод юных мадэльераў прайшоў у Магілёве

Пачатковы, але клас!

Сукенкі з «бабулінага» куфра і строі эпохі рыцараў і іх дам сэрца. Класічная клетка і дзёрзкія гетры. Лён і шоўк, бумага і пластык. Палёт фантазіі юных куцюр’е не меў ніякіх межаў — ні ў фарбах, ні ў кроі, ні ў тканіне. Чарговы конкурс талентаў «Залатое вераценца» сабраў у Магілёўскім абласным цэнтры творчасці звыш за дваццаць каманд мадэльераў. Маленькія майстры прыехалі з самых розных куткоў вобласці. І ўсе як адзін здзівілі і парадавалі сваімі крэатывам і смеласцю.


Вясновы настрой

Напрыклад, дзяўчаты з Кіраўска сукенкі ўпрыгожылі рознакаляровымі «бурбалкамі». Гэтую яркую калекцыю так і назвалі — «Вясёлкавыя мары». А іх аднагодкі з Быхава змаглі павярнуць час назад сваёй «Стужкай часу»: малюнкі вежы на спадніцах нагадалі аб мінулым роднага горада, яго прыгажосці. Трымалі фасон таксама модніцы з Глуска і Мсціслава, Бабруйска і Дрыбіна, Крычава і Чэрыкава. А хоцімскія дзяўчаты на сцэну выйшлі не толькі ў спадніцах з матывамі свайго раёна і краіны, а і з караваем у руках! Старшыня журы, намеснік дырэктара цэнтра творчасці Вольга Марозава лічыць, што такія святы даюць вялікі імпульс да развіцця таленту:

—Школьнікі вучацца браць ад моды ўсё лепшае, увасабляць свае праекты. А яшчэ — разумеюць, што за кожным дасягненнем стаіць карпатлівая праца.

Галоўнае — каб касцюмчык быў да твару

Эльвіра Пярэдня, адна з кіраўнікоў студыі юнага мадэльера Кіраўска «Жамчужына», не скрывае: дзяўчаткі ахвотна вучацца валодаць наж-ніцамі, гнаць радкі на швейнай машынцы. І з не меншай радасцю дэманструюць свае творы на сцэне. Дзевяцікласніца Яўгенія Котава, напрыклад, прыйшла ў калектыў чатыры гады таму. За гэты час асвоіла асновы візажу, парыкмахерскай справы. І канечне, крою і шыцця. Хваляванне перад дэфіле, кажа, ёсць. Аднак і пачуццё радасці, гонару ад апладысментаў і прызнання гледачоў — таксама.

Ацэньвалі калекцыі маленькіх куцюр’е ў намінацыях «Этнастыль», «Гарадскія матывы» і «Авангардныя ідэі». У дзвюх першых лепшымі сталі кіраўчане. А ў трэцяй — п’едэстал падзялілі з мадэльерамі магілёўскага цэнтра творчасці «Эверэст». Журы, дарэчы, ацэньвала строі не толькі па знешнім выглядзе, крэатыве і перадавых ідэях. Была дадзена адзнака і швейнаму майстэрству. Аднак не так важна, дыплом якой ступені атрымалі ўдзельнікі. Больш каштоўна, што майстры працавалі з натхненнем, змаглі заснаваць уласны стыль. А яшчэ атрымалі карысныя навыкі. І кім бы яны ні сталі ў будучым, талент бачыць і ствараць прыгажосць абавязкова будзе запатрабаваны. Бо яе, прыгажосці, шмат не бывае.

Svet.markova@gmail.com

Фота аўтара і Таццяны Вайцянковай

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter