Візіт самарскіх беларусаў у Мінск

Пачатак сяброўства

Насычаным на падзеі быў нядаўні візіт самарскіх беларусаў у Мінск
Мікалай Бойка

Насычаным на падзеі быў нядаўні візіт самарскіх беларусаў у Мінск

friendship.pngЯшчэ летась вакальны гурт “Каданс” з Самары выступаў на Міжнародным фэсце народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску, на святочных пляцоўках Мінска. І тады прэзідэнт самарскай суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі Ірына Глуская цвёрда казала: прыедзем на Бацькаўшчыну і ў юбілейны Год Вызвалення. Слова стрымала. Самарскія беларусы 2 ліпеня падпісалі Пагадненне аб развіцці партнёрскіх адносін з адміністрацыяй Заводскага раёна Мінска, удзельнічалі ў сталіцы ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці ды 70-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Важна, што ў больш глыбокім эканамічным, культурным супрацоўніцтве Беларусі з прыволжскім рэгіёнам зацікаўлена і гарадміністрацыя Самары. У прыватнасці, ініцыятыву падтрымалі кіраўнік гарадской акругі Дзмітрый Азараў і старшыня гардумы Аляксандр Фяцісаў. Так што візіт атрымаў статус афіцыйнага, быў вельмі насычаны, хоць доўжыўся чатыры дні.

У першы дзень падпісвалі Пагадненне. Рабілі тое кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Алег Жогла ды Ірына Глуская ў прысутнасці шэрагу паважаных людзей, у тым ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дэпутатаў Мінскага гарсавета. Дакумент паспрыяе таму, каб пашыраліся кантакты паміж таваравытворцамі ды гандлёвымі арганізацыямі партнёраў. Актывізуецца абмен ведамі, досведам працы ў розных галінах, будуць развівацца прамыя сувязі паміж навучальнымі ўстановамі, рознымі моладзевымі аб’яднаннямі, творчымі саюзамі, установамі культуры, аховы здароўя, спорту і турызму Заводскага раёна і гарадской акругі Самара. Асобна агаворана, што моцна пасябруюць 77-я мінская і 36-я самарская школы. На ўрачыстасці кіраўніца суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” атрымала дыплом лаўрэата і памятны прыз ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур — па выніках штогадовага конкурсу, за вялікую, плённую, творчую “беларускую працу” ў замежжы. 

У той жа дзень гасцей павялі ў Мінскі заапарк, былі яны ў захапленні і ад прадстаўлення ў тамтэйшым дэльфінарыі. А экскурсію па ўнівермагу “Беларусь”, у якім 1200 супрацоўнікаў, для іх правёў дырэктар Мікалай Мятліцкі. Увечары Ірына Глуская і аўтар гэтых радкоў па запрашэнні старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі былі на святочным прыёме з нагоды Дня Незалежнасці і 70-годдзя Вызвалення, Ірына Міхайлаўна ад імя кіраўніцтва гарадской акругі Самара вітала сход, уручыла віншавальныя адрасы, памятныя сувеніры старшыні гарвыканкама.

friendship2.png

Самарскія беларускі на святочных вуліцах Мінска


3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, гасцям паказалі святочны Мінск, а ў другой палове дня “Каданс” спяваў у Парку культуры і адпачынку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка — на свяце Заводскага раёна “Беларусь — мой гонар і слава”. Песні былі розныя: і ваенных гадоў, і вясёлыя сучасныя. Гледачы цёпла сустрэлі суайчынніц, пасля канцэрта падыходзілі, каб бліжэй з імі пазнаёміцца. Спадабаўся гасцям вячэрні горад з мноствам агнёў, яны ўдзельнічалі ў акцыі “Спяваем гімн разам”, глядзелі святочны салют.

У трэці дзень самарцы наведалі Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Шмат цікавага пабачылі там, над ракою Пціч. У прыватнасці, як майстар-ганчар стварае вырабы з гліны, ды і самім тое можна паспрабаваць. Самарскія дзяўчаты ўпадабалі і кузню, нават раздзімалі агонь мяхамі. З іх дапамогаю майстра вырабіў сувенірную падкову, якую і падарыў гасцям на памяць. Былі яшчэ дэгустацыі хлеба і сыру, мёду і нават самагонкі, катанне на конях, закупкі сувеніраў у Гарадку майстроў. Увечары “Каданс” выступаў на сцэнічнай пляцоўцы ля Палаца спорту: там ладзілася вялікая святочная праграма, быў кірмаш народных промыслаў, сувеніраў і страў нацыянальнай кухні.

І, нарэшце, у чацвёрты дзень госці наведалі мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Курган Славы”. Згадваю пра тое, дзе былі ды што бачылі, каб і іншыя суайчыннікі, бываючы на Бацькаўшчыне, маглі нашым досведам скарыстацца. Дарэчы, так атрымалася, што самарскія беларусы ўжо ў дарозе дадому паспелі адсвяткаваць Купалле: у ноч з 6 на 7 ліпеня. Іх аўтобус спыніўся ля прыгожай рэчкі, дзяўчаты звілі вянкі з галінак бярозы і палявых кветак, кінулі ў ваду. Варажылі…І нават вогнішча запалілі, скакалі цераз яго, спявалі песні ды вадзілі карагоды... Рамантыка!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter