Пабываць ля аднаго з фіналістаў нашага праекта — Свята-Траецкай царквы ў Касцюковіцкім раёне можна толькі па спецыяльным пропуску

І дзіўнага ў гэтым мала, калі ведаеш, што храм знаходзіцца на адселенай тэрыторыі. Сёння не звіняць тут званы, не моляцца прыхаджане. Толькі якая птушка заляціць праз выламаныя дзверы і вокны ды пакружыцца пад столлю. Ці турыст, якога не палохае ні радыяцыя, ні штраф за знаходжанне без дазволу ў зоне адчужэння, прыйдзе сюды палюбавацца ўнікальным аб’ектам архітэктуры.

І дзіўнага ў гэтым мала, калі ведаеш, што храм знаходзіцца на адселенай тэрыторыі. Сёння не звіняць тут званы, не моляцца прыхаджане. Толькі якая птушка заляціць праз выламаныя дзверы
і вокны ды пакружыцца пад столлю. Ці турыст, якога не палохае ні радыяцыя, ні штраф за знаходжанне без дазволу ў зоне адчужэння, прыйдзе сюды палюбавацца ўнікальным аб’ектам архітэктуры.

Вёску, дзе налічвалася каля шасцісот двароў і двух тысяч жыхароў, адсялілі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Узровень радыяцыі там перавышаў норму больш чым у сорак разоў. Многія саматэвіцкія будынкі былі пахаваны пад зямлёй. А вось на дом Божы чалавечая рука не паднялася. Так і стаіць там сярод дрэў і зараснікаў адзінокая Свята-Траецкая царква. Пабудаваная аж у 1842 годзе, яна захоўвае і сваю веліч, і дух часу, і прыгажосць псеўдарускага стылю. Так, няма ў ёй ні падлогі, ні акон з дзвярама. Зніклі з яе за дваццаць пяць гадоў усялякія царкоўныя атрыбуты і ўбранне. Абваліліся купалы. І толькі сцены стаяць. Ды жыве людская памяць — царква трапіла ў фінал нашага праекта дзякуючы шматлікім аддадзеным за яе галасам чытачоў.

Вядома, што калісьці ў Саматэвічах працаваў цагляны завод. Кожная цаглінка праходзіла там выпрабаванне. Яе ўзважвалі, апускалі ў ваду, праз дзесяць дзён даставалі і зноў ўзважвалі. І толькі калі яна не набірала вагі — выкарыстоўвалі ў будаўніцтве. Відаць, з такой якаснай цэглы і пабудавана вясковая царква. Дарэчы, вядома, што клаліся спачатку толькі шэсць радоў цэглы. Пасля гэтага майстар пакідаў будаўніцтва і вяртаўся да яго толькі праз паўгода — каб храм атрымаўся надзейным і даўгавечным. Будавалася ж царква на стагоддзі! Хто ж ведаў, што яе напаткае такі незайздросны лёс.

— Унікальная не толькі кладка, але і форма царквы, — расказвае вядучы спецыяліст па Касцюковіцкім раёне адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь Мікалай Герман. — Вядома, у краінах былога Савецкага Саюза можна знайсці толькі два падобныя храмы.

Пабудаваў царкву саматэвіцкі памешчык — у памяць пра сваю маці. Дарэчы, на храме і сёння відаць лічба “1842” — год смерці гэтай жанчыны.

— Царква была ўзведзена над магілай маці мясцовага пана, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Дарэчы, грабніцу, дзе захоўваюцца астанкі яе, яе сына і нявесткі, можна ўбачыць у падзямеллі храма.

Ёсць на царкве і надпіс.

Але прачытаць яго немагчыма — асобныя літыя чыгунныя літары адваліліся з фасаду. Гледзячы на закінуты храм, сёння цяжка ўявіць, што калісьці пры царкве існавала народнае вучылішча, якое давала пісьменнасць і навуку паўсотні вясковым хлапчукам. Што штогод на Іллю ўся акруга, у тым ліку з Расіі і Украіны, збіралася ля царквы ў Саматэвічах на вялікі кірмаш. Што тут маліліся, хрысціліся, жаніліся... Зараз у Саматэвічах нават няма каму проста прыйсці да храма. Афіцыйна ў вёсцы пражывае толькі адзін чалавек. Астатнія прыязджаюць сюды незаконна.

— Канечне, калі б вёска жыла, царкву абавязкова аднавілі б, — расказвае Мікалай Герман. — А так для каго яе аднаўляць? Для прыхаджан? Дык іх тут няма. Для турыстаў? Але ж у Саматэвічы, якія знаходзяцца ў забруджанай зоне, уваход без спецыяльнага пропуску забаронены.

А значыць, для большасці беларусаў царква з’яўляецца недасягальнай, як і многія іншыя аб’екты, пакінутыя ў “зоне”.

— Савецкі час аказаўся вельмі трагічным для беларускіх святыняў, — гаворыць доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь. — Мы страцілі не только тыя цэрквы і касцёлы, што знішчаліся заўзятымі атэістамі, але і храмы, якія аказаліся на тэрыторыях адсялення і адчужэння пасля аварыі на ЧАЭС. Часам вельмі цікавыя і ўнікальныя.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС галоўным было выратаваць людзей. І гэта можна зразумець. А вось храмы, ды і іншыя аб’екты, якія сёння, думаецца, па праву маглі б змагацца за званне цуда Беларусі, на жаль, заставаліся ў зоне адчужэння. І як вынік — рабаваліся, руйнаваліся ці нават раўняліся з зямлёй. Дарэчы, Свята-Траецкая царква ў Саматэвічах, як расказаў Мікалай Герман, з’яўляецца адзіным захаваным храмам на адселенай тэрыторыі Касцюковіцкага раёна. А яна, між іншым, складае амаль 32 тысячы гектараў. Няхай жа ўнікальная царква ў Саматэвічах жыве — як помнік усім зніклым храмам і вёскам, як душа адселеных паселішчаў.

Дарэчы, Саматэвічы цікавыя не толькі тым, што тут знаходзіцца ўнікальная Свята-Траецкая царква. Вёска з’яўляецца радзімай народнага паэта Беларусі, аўтара паэмы “Сцяг брыгады”, “Новае рэчышча”, верша “Камсамольскі білет” Аркадзя Куляшова. За два гады да аварыі там быў адкрыты літаратурны музей імя паэта.

У 1990-м яго перанеслі ў райцэнтр, а ў 1999-м — у школу ў Новых Саматэвічах, куды, дарэчы, і перасялілі жыхароў з забруджанай вёскі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter