Па запаветных сэрцу мясцінах

У Бярэзінскім біясферным запаведніку адкрылася адзіная ў СНД тэматычная экспазіцыя
Такая прырода не можа не зачароўваць сваёй прыгажосцюУ Бярэзінскім біясферным запаведніку адкрылася адзіная ў СНД тэматычная экспазіцыя.

Матэрыялы гісторыка-дакументальнай выставы расказваюць аб запаведнай справе ў Беларусі і Расіі пачынаючы з канца XIX стагоддзя і да нашых дзён. Сярод экспанатаў ёсць унікальныя здымкі царскага палявання ў Белавежскай пушчы, копіі сакрэтных дакументаў аб ліквідацыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка і аб узнаўленні яго дзейнасці. Экскурсантам будзе цікава ўбачыць і абсталяванне, з дапамогай якога ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя вёўся нагляд за ахоўнымі тэрыторыямі.

У падрыхтоўцы выставы прымалі ўдзел беларускія і расійскія рэгіянальныя архівы, прыродаахоўныя ведамствы, Бярэзінскі біясферны запаведнік і Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, расійскі ваенна-гістарычны архіў і архіў кінафотадакументаў Расійскай Федэрацыі.

Праект задумваўся як разавы — выстава дэманстравалася ў Маскве ў 2006 годзе. Аднак яна выклікала вялікую цікавасць, і экспазіцыю вырашана было зрабіць пастаяннай, размясціўшы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Работа над папаўненнем фондаў будзе працягвацца.

А пакуль архівісты шукаюць новыя дакументы, выстава стала яшчэ адным пунктам у экскурсійным маршруце па Бярэзінскаму запаведніку. Турысты зараз могуць пазнаёміцца не толькі з музеем прыроды, прайсціся па экалагічнай сцяжыне, але і даведацца аб тым, як ахоўваюцца запаведнікі.

Валерыя Снегава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter