Па вулiцах слана вадзiлi...

Бытавы вандалiзм i непрыстойныя паводзiны, на жаль, уваходзяць у моду

Бытавы вандалiзм i непрыстойныя паводзiны, на жаль, уваходзяць у моду i становяцца адметай часу

У адным з маляўнiчых куткоў Бабруйска ўстанавiлi слана. Толькi не жывога, а дэкаратыўнага, кветачнага. Магутны хрыбетнiк, бiўнi, усё як мае быць. Такая вось адметная кампазiцыя. Проста асалода для гараджан. Але праз некалькi дзён невядомыя «паскакалi» на гэтым слане, ды так, што ён стаў падобны на гару смецця... Вядома, пасля ўсяго яго давялося адсюль вывозiць, бо аднаўляць кампазiцыю магчымасцi не было. Лепш новага слана зрабiць. Толькi цi возьмуцца пасля адпаведных выдаткаў за гэтую справу работнiкi камунальнай службы?

Мiлiцыя, безумоўна, шукае вандалаў. Хацелася б, каб яны атрымалi па заслугах i ў поўным аб’ёме, заплацiўшы мiльёны рублёў за свае, мякка кажучы, непрыстойныя паводзiны. Не павiнна быць у будучым паўтарэння падобных актаў вандалiзму.

Аднак у памяцi ўсплывае адзiн факт. Зусiм нядаўна камусьцi «спатрэбiлася» разбiць амаль у цэнтры горада каля двух дзесяткаў лiхтароў вонкавага асвятлення. Праўда, таму хулiгану менш пашанцавала. Яго, дзякуючы званку сумленнага чалавека, затрымалi работнiкi аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусi. Хто ж ён такi? Хлапчук, падлетак? Насамрэч iм аказаўся дарослы мужчына, работнiк аднаго з прадпрыемстваў Бабруйска.

Я ўжо не гавару пра тое, якi размах набыло размалёўванне фасадаў жылых дамоў альбо ўстаноў – цэлая эпiдэмiя...

Крыўдна становiцца ад такiх учынкаў, асаблiва тады, калi нашы гарады i населеныя пункты становяцца ўсё больш чыстымi, добраўпарадкаванымi, мяняюць да лепшага сваё аблiчча.

Чаму ж мы з вамi не мяняем сябе, адкуль гэта бескультур’е? Было, канешне, падобнае i раней, але мы неяк саромелiся, рэагавалi на заўвагi. А цяпер хоць бы што...

Не хапае часам чалавеку элементарнага выхавання. Значыць, шаноўныя, недапрацоўваем у сем’ях, школе, каб адчуваць сябе сапраўднымi гаспадарамi ў сваёй вёсцы, горадзе, краiне. Не стае нам пакуль сапраўднай грамадзянскай пазiцыi ў жыццi. I ў нашых дзецях не спрацоўвае сумленне. А яны iншым разам паводзяць сябе проста абуральна...

Вось невялiкi сюжэт, пра якi расказала мая суседка. Адкрыла яна нядаўна фортку ў сваёй кватэры, дык малыя хулiганы гадоў па пяць-шэсць пачалi шпурляць у яе камянi... Атрымлiваецца, iх нiхто не навучыў звычайнай этыцы паводзiн – не ведаюць, што добра, а што дрэнна.

Iншым разам думаеш, у нас жа паўсюль столькi падлеткавых клубаў, дзiцячых кружкоў i секцый.

Куды, зноў жа, глядзяць бацькi, настаўнiкi, арганiзатары дзiцячага i юнацкага адпачынку i вольнага часу, асаблiва ў летнi перыяд?

Вiдаць, камянi ў суседскiя вокны пачынаюць кiдаць тыя, каму наогул не заклалi асновы выхавання.

Не завязана ў нас пакуль выхаванне на адну сiстэму, шмат тут фармалiзму, казёншчыны.

Словам, усяму грамадству ёсць над чым паразважаць. I хацелася б, каб гэтыя радкi дайшлi да адрасатаў...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter