Беларусь набывае папулярнасць у свеце як краіна, дзе можна атрымаць якасную вышэйшую адукацыю

Па веды — у Віцебск

Студэнткі з Туркменістана ў Віцебску
Штогод шмат маладых людзей з розных куткоў свету прыязджаюць да нас вучыцца. Пайшла па свеце пагалоска: добрыя ўмовы для атрымання вышэйшай адукацыі ёсць і ў Віцебску. У гэтым навучальным годзе ў горадзе навучаецца больш дзве тысячы замежнікаў. Дарэчы, на міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” мінулым летам сваё мастацтва прадстаўлялі артысты амаль 40 краін. Прыкладна з такой колькасці краін вучацца і маладыя людзі ў Віцебску, спасцігаючы майстэрства тэхнікаў і гуманітарыяў, мастацтвазнаўцаў, медыкаў розных спецыяльнасцяў. Запатрабаваны ў свеце і выпускнікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Найбольш студэнтаў-замежнікаў у Віцебску з Расіі, Туркменістана і Шры-Ланкі. А першыя словы з беларускай мовы, што яны засвойваюць: прывітанне, добры дзень, дабранач.

З Туркменістана юнакі і дзяўчаты прывозяць у Віцебск розныя нацыянальныя  рэчы, якія нагадваюць ім у Беларусі пра родную зямлю. Туркмены, як мы пераканаліся, прыязныя і гасцінныя, шануюць свае традыцыі. Пра магчымасць вучыцца ў беларускіх вну юнакі і дзяўчаты даведваюцца ад сваіх жа землякоў, якія ўжо сталі студэнтамі ВНУ, альбо праз інтэрнэт.

Віцебскі медуніверсітэт першым у горадзе пачаў браць на вучобу замежную моладзь. З 2002 года шэраг дысцыплін там нават выкладаецца па-англійску. Цяпер студэнтаў-медыкаў у нас — звыш 700, а блізкім часе, кажуць, іх будзе каля тысячы. Больш чым з 30 краін едуць вучыцца медыцыне ў Віцебск, найбольш —з Туркменістана, Шры-Ланкі, Нігерыі, Ганы… Віцебскі дыплом прызнаецца ў краінах СНД, Азіі ды Афрыкі. Робяцца захады, каб дыплом гэтай прэстыжнай навучальнай установы прызналі і ў большасці краін ЕС, асабліва пасля ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

Цікава, што віцебская парафія Святога Духа праводзіць цэлебрацыю святой Імшы для замежных студэнтаў-медыкаў каталіцкага веравызнання, прысутным даецца пастырскае благаславенне. Да падрыхтоўкі літургіі далучаюцца і самі студэнты. Замежныя студэнты-медыкі маюць магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Каля 700 студэнтаў сёлета ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя

П. М. Машэрава, у тым ліку з Туркменістана, Расіі, Ганы, Нігерыі, Аўстрыі, Ізраіля... Замежнікі тут выбіраюць правазнаўства, выўленчае і музычнае мастацтва, рамана-германскую філалогію, праграмаванне і прыкладную інфарматыку, дзе выкладанне — па-англійску. Універсітэт уключаны ў міжнародную праграму “English medium”, праграмы інтэграваны з Хот-Хатоскім вышэйшым каледжам. У адных выпадках замежнікі два гады навучаюцца па-англійску, паралельна засвойваючы рускую мову, і на  старэйшых курсах навучаюцца па-руску. А, напрыклад, кітайцы, спасцігаючы выяўленчае і музычнае мастацтва, тры гады вучацца на радзіме, паралельна вывучаючы рускую мову, а затым ужо ў Віцебску заканчваюць старэйшыя курсы, магістратуру і атрымліваюць дыплом, які прызнаюць у Кітаі.

У Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны сёлета звыш 200 студэнтаў-замежнікаў. Найбольш запатрабаваны ветэрынарная санітарыя і экспертыза. Вучыцца моладзь з Туркменістана, Азербайджана, Іарданіі, Расіі, Украіны, Туніса... Акадэмія — вядучая профільная ВНУ Беларусі, яе дыплом прызнаецца ў СНД ды іншых краінах.

Звыш 150 замежных студэнтаў вучацца ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце, каля 200 замежнікаў — у Полацкім дзяржуніверсітэце, у асноўным з Туркменістана. Дарэчы, Полацкі ўніверсітэт — вядучая профільная ВНУ ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці, а знакамітая вытворчасць “Нафтан” — цудоўная месца для вытворчай практыкі.

Замежныя студэнты, як правіла, добра вучацца, умеюць адпачываць, бяруць удзел у культурных імпрэзах. Іх выступленні ўпрыгожваюць фестываль творчасці замежных студэнтаў “Сяброўства народаў”. Там ёсць намінацыі “Саліст-вакаліст”, “Харэаграфічнае мастацтва” ды іншыя. Фестываль штогод праводзіцца ў Беларуска-Расійскім універсітэце. Ён спрыяе творчым кантактам паміж студэнтамі розных краін, нацыянальнасцяў, упрыгожвае новымі фарбамі багатае культурнае жыццё старажытнага Віцебска.

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter