Па вадзе – да перамог

Ашаламляльны поспех мелі беларускія вадналыжнікі на чэмпіянаце свету па рыксэне (IWSF Cableski World Championships 2008), які прайшоў у Вялікабрытаніі
Вееры пырскаў — гэта так прыгожа!Ашаламляльны поспех мелі беларускія вадналыжнікі на чэмпіянаце свету па рыксэне (IWSF Cableski World Championships 2008), які прайшоў у Вялікабрытаніі.

Як вядома, у Беларусі склалася моцная школа катання па вадзе. Цяпер базы для трэніровак створаны на вадасховішчы Пціч пад Мінскам, у Наваполацку. Там ёсць як буксіроўка за кацерам, так і рыксэн: гэтае вынаходніцтва нямецкага інжынера Бруна Рыксэна яшчэ называюць электрацягай. На рыксэне спартсмен буксіруецца лябёдкай, а трос (ліна) рухаецца з хуткасцю каля 10 метраў за секунду.

На чэмпіянаце ў Вялікабрытаніі ў розных відах практыкаванняў выступалі 70 мацнейшых на рыксэне вадналыжнікаў з 18 краін. У фігурным катанні ў жанчын чэмпіёнкай свету стала наша Вольга Паўлава, бронзавы медаль – у яе сяброўкі па камандзе Ірыны Турэц. Беларускія мужчыны ў гэтым практыкаванні ўвогуле занялі ўвесь п’едэстал: золата заваяваў Аляксандр Ісайя, серабро – Мікіта Папакул, бронзу – Ілля Лабковіч.

У слаламе лепшай была Юлія Майер-Грамыка, а Ірына Турэц заваявала серабро. Скачкі з трампліна — і зноў сярод жанчын яўная перавага ў беларусак: першая — Ірына Турэц (47,1 м), другая — Юлія Майер-Грамыка (44,2 м), трэцяя — Вольга Паўлава (40,3 м). Урэшце ў шматбор’і абсалютнай чемпіёнкай свету стала Ірына Турэц, на другім месцы — Вольга Паўлава, трэцяя — Юлія Майер-Грамыка.

Залаты медаль у шматбор’і сярод мужчын таксама наш: абсалютным чэмпіёнам свету-2008 стаў Мікіта Папакул. Спартсмены Беларусі пры такім раскладзе, вядома ж, заслужана сталі першымі і ў камандным заліку.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter