После войны Минск буквально подняли из руин

Паўсталы з попелу

Ад усёй капітальнай забудовы Мінска пасля Вялікай Айчыннай вайны заставалася не больш як 20 %. Усё астатняе ўяўляла сабой разваліны. Падчас абмеркавання мэтазгоднасці аднаўленчых работ нават гучалі прапановы аб будаўніцтве новага горада ў некалькіх кіламетрах ад разбуранага Мінска. Аднак у рэшце рэшт было вырашана адраджаць сталіцу на яе ранейшым месцы.

bel-en.by

Як выглядаў галоўны беларускі горад пасля вайны і ў што ператварыўся з гадамі, выдатна паказвае кніга ­«Мінск: з руін да росквіту» прафесійнага гісторыка і экскурсавода Івана Сацукевіча, якая ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Кніга падрыхтавана на аснове супастаўлення эксклюзіўных пасляваенных фота- і відэаматэрыялаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і кадраў нашага часу. Адна з асаблівасцей выдання — чытач мае магчымасць убачыць відэа­здымку пасляваеннага Мінска з дапа­могай QR-кодаў, якія знаходзяцца ў кнізе, і свайго смартфона.

Кніга з’яўляецца своеасаблівым даведнікам па Мінску ў часе і прасторы для ўсіх, хто цікавіцца горадам і яго дзіўнай гісторыяй. Кожнае фота падмацавана цікавымі каментарыямі аўтара. Вось подпіс да аднаго з іх:

«Выгляд на Дом урада скрозь руіны спаленых 1- і 2-павярховых будынкаў, якія знаходзіліся ў квартале насупраць. Сам Дом урада, у якім у гады акупацыі размяшчаліся нацысцкія чыгуначныя ўстановы, паштамт і штаб тылу групы армій «Цэнтр», толькі цудам захаваўся — нашы сапёры знайшлі ў яго падвалах дзясяткі авіябомб. Немцы рыхтавалі падрыў будынкаў перад сваім адступленнем, але па невядомай прычыне яго не здзейснілі».

Выдаўцы спадзяюцца, што кніга стане выдатным падарункам як самім беларусам, так і гасцям з-за мяжы. Дзя­куючы сваёй універсальнасці яна будзе карысная дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту як памочнік у вывучэнні гісторыі сталіцы Беларусі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter