Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Амаль год Міхаіл Рыбакоў узначальвае Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве. Ягоны прафесійны шлях цесна спалучаны з дзейнасцю беларускіх суполак замежжа

Па ўсім свеце сябры

Добрыя справы — доўга ды прыгожа помняцца. Калі на пачатку года аўтарскі калектыў нашай газеты атрымліваў спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, то за кулісамі святочнай сцэны Палаца Рэспублікі мы пазнаёміліся з народным майстрам саломапляцення. Раіса Раманеня — таксама адна з сёлетніх лаўрэатак. Згадала, пачуўшы пра нашу газету, як гадоў 15 таму навучала свайму рамяству беларусаў Адэсы, Белгарада-Днястроўскага, Кішынёва… У творчым дэсанце да супляменнікаў ва Украіне і Малдове былі тады і артысты фальклорнага гурта “Вербіца” на чале з Алесем Свірскім, і супрацоўнік апарата Упаўнаважанага (на той час — Камітэта) па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаіл Рыбакоў, і нашы калегі-журналісты з “Голасу Радзімы”…

Хлебам-соллю сустракаюць гасцей
Кацярына Мядзведская

Слухаючы спадарыню Раісу, я ўспомніла, як пра тую ж паездку расказваў і Міхаіл: “Вандроўка да беларусаў Адэсы і Кішынёва, аўтапрабег на аўтобусах МАЗа… Гэта ж адны з самых яскравых успамінаў пра сустрэчы з супляменнікамі за мяжой! Тады я ўпершыню пабачыў, як яны любяць Бацькаўшчыну, як тужаць па ёй. А выступленне “Вербіцы” ў Адэсе, на Дзерыбасаўскай, — ну як цяпер перад вачыма. Жанчына-глядачка, што стаяла побач са мной, і ўсміхалася, і падпявала, і плакала. Колькі пачуццяў!

Потым зямлячка мне казала: больш за 40 гадоў не была ў Беларусі, бо як патрапіла пасля вайны ў Адэсу, то там і “асела”. У Белгарадзе-Днястроўскім пасля нашага прыезду была створана беларуская суполка! Пасля кожнай такой сустрэчы з землякамі адчуваеш: там заварушыліся. Людзі разумеюць: іх праца — цікавая і патрэбная”.

Сам Міхаіл Леанідавіч апынуўся ў гэтай плыні, калі пасля пераезду ў Мінск з роднага Дуброўна, што на Віцебшчыне, закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Працаваў у апараце Упаўнаважанага, пасля — узначальваў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Сёння Міхаіл Рыбакоў — дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. І ўсюды працуе з беларусамі замежжа. Памятаю, гутарылі з кіраўніцай асацыяцыі “Беларускі культурны цэнтр у Францыі” Святланай Суравай, і субяседніца заўважыла: “Рыбакоў цяпер у Польшчы? То пашанцавала беларусам Польшчы!”.

І сёння ўжо ідзе розгалас пра цікавыя праекты, што спрыяюць пашырэнню беларускай культуры ў суседняй краіне. З горада ў горад пераязджае выстава старадаўніх беларускіх абразоў і званоў са збору Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Варшава, Беласток, Гайнаўка, Дубіны, Супрасль... З Варшавы пачала шлях па Польшчы і экспазіцыя “Завуся я толькі Янка Купала” — яе падрыхтавалі супрацоўнікі мінскага Купалаўскага музея. Цяпер выстава экспануецца ў Цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы. Пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве летась прайшлі майстар-класы па традыцыйных беларускіх танцах, прэзентацыі музінструментаў, у розных месцах Беласточчыны дэманстравалася фотавыстава архіўных фатаграфій з чарнобыльскіх этнаэкспедыцый… Актыўна тым часам развіваюцца сяброўскія стасункі паміж навучальнымі ўстановамі абедзвюх краін, пашыраюцца кантакты ў сферы турызму.

Вясна. Час упрыгожваць зямлю дрэвамі ды кветкамі
Кацярына Мядзведская

Досвед працы з беларусамі замежжа ў Міхаіла Рыбакова — салідны. Сярод паспяховых прыкладаў партнёрства ён называе доўгатэрміновы праект “Рэгіён — дыяспара”. Сёння некаторыя суполкі маюць нават па некалькі партнёраў на Бацькаўшчыне: завязаліся стасункі са школамі, прадпрыемствамі. Па такім прынцыпе працуюць суполка “Нёман” з Тальяці ды адміністрацыя горада Ваўкавыска, НКА “Беларусы Югры” з Сургута і Гомельскі аблвыканкам, ёсць некалькі партнёраў у Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса. Цікавы праект і Конкурс “Культура”: на лепшую папулярызацыю беларускай культуры за мяжой. “Супляменнікі дасылаюць у Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур творчыя справаздачы аб дзейнасці, — удакладняе Міхаіл. — А журы, ацэньваючы матэрыялы, бачыць, як працуюць беларусы ў той ці іншай краіне, як увогуле развіваецца беларускі рух за мяжой”.

“Беларусь і беларусы, дзе б мы ні жылі, — адзінае цэлае, — разважае Міхаіл Рыбакоў. — Кожны ж пачынае сабе шанаваць, калі адчувае карані. У апошні час з’явілася шмат новых цікавых суполак: асацыяцыя “Bellarus” у Італіі, Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі, Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі… Актывізуюцца сувязі з Аргенцінай”.

Міхаіл Леанідавіч прызнаецца: па-за беларускім рухам сябе ўжо не ўяўляе, гэта — частка яго жыцця. “Фармальна працаваць з супляменнікамі — немагчыма, — лічыць ён. — Многія мне тэлефануюць, пішуць па розных пытаннях на электронную пошту… Я ж кіруюся прынцыпам: дзверы адчынены для ўсіх. Таму ад працы ў мяне няма выхадных, і пэўнага часу ў сутках для яе — таксама не бывае”. А побач, радуецца, ёсць аднадумцы, такія ж апантаныя справамі ды ідэямі людзі: “Шмат год сябруем і працуем з таварыствам “Радзіма”, каардынатарам праектаў Галінай Навіцкай. Сярод калег ёсць і такія паважаныя людзі, як прафесар Адам Мальдзіс, які доўгі час узначальваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, працаваў у газеце “ГР”, Амбасадары Беларусі ў Польшчы і Францыі Аляксандр Авяр’янаў і Павел Латушка. Плённа складваюцца стасункі з супрацоўнікамі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, міністэрствамі культуры, адукацыі, інфармацыі, замежных спраў. Даўно сябруем і з газетай “Голас Радзімы”. А наперадзе ў нас — шмат праектаў, цікавых і карысных як Бацькаўшчыне, так і беларусам у розных краінах”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter