Фотарэпартаж: пад Брэстам прайшла рэканструкцыя баёў Першай сусветнай вайны

Па ўсіх франтах

Хто як бавіць вольны час, а аматары гісторыі, вучоныя і краязнаўцы сабраліся ў вёсцы Скокі Брэсцкага раёна і прынялі ўдзел у ваенных дзеяннях. Не сапраўдных, вядома, а ў тэатралізаваных баях. Каля тысячы гледачоў назіралі за рэканструкцыяй падзей на Усходнім фронце зімы 1916/17 гадоў. Гэта — самая відовішчная частка міжнароднага ваенна-гістарычнага фестывалю «Скокі-2017. Стагоддзе». Сёлета ў фэсце прынялі ўдзел каля сотні рэканструктараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы.

Са зброяй дапамаглі 111-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада і ваенны камісар Брэсцкай вобласці Яўген ЗАЙЦАЎ

Па традыцыі гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў» ужо пяты раз «прымае» Першую сусветную вайну. Дырэктар Сяргей Семянюк ведае, як удзельнікі рыхтаваліся да «абароны», каб ваенныя дзеянні выглядалі натуральна:

На рэканструкцыі працаваў сталічны мастак Уладзімір САЙКО

— Спецыяльна для фэсту мы зымітавалі бліндажныя ўмацаванні, выкарыстоўвалі піратэхніку, падключылі кавалерыю. Была задзейнічана і cапраўдная пушка часоў Першай сусветнай.


Не менш папулярная і навуковая частка фестывалю — міжнародная канферэнцыя «Вялікая еўрапейская вайна на тэрыторыі Беларусі». Ідэйны натхняльнік гістарычнага фестывалю, навуковец, прафесар і аўтар кнігі «Нямцэвічы. Сапраўдная гісторыя» Анатоль Гладышчук тлумачыць, якое дачыненне да Першай сусветнай вайны мае невялічкая вёска Скокі і тутэйшы дом Нямцэвічаў:

Упершыню да ваеннагістарычнага перформанса далучылася Латвія

— У сядзібным доме Нямцэвічаў у снежнi 1917 года быў падпісаны дагавор аб перамір'і паміж Савецкай Расіяй і краінамі «Чацвярнога саюза». З гэтай нагоды з 2012 года ў Скоках штогод збіраюцца прафесійныя гісторыкі і аматары ўсіх узростаў.

Многія ўдзельнікі і госці прыйшлі з дзецьмі

Самы малодшы ўдзельнік фестывалю зімы 2017-га — васьмікласнік з Полацка, самы старэйшы — 70-гадовы. Разам з сотнямі сваiх аднадумцаў у Скоках яны святкавалі стагоддзе падпісання перамір'я на Усходнім фронце.

Напярэдадні «баёў» абавязкова праходзiць рэпетыцыя

Архіўнай жамчужынай ваенна-гістарычнай дыскусіі гэтага года стала ўдакладненне месца падпісання мірнага дагавора. Дык вось, адбываўся важны геапалітычны акт у вялікай сталовай на першым паверсе сядзібы. Дарэчы, у гэтым палацы, у 12 кіламетрах ад Брэста, на працягу двух гадоў падчас Першай сусветнай была стаўка камандуючага Усходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда.

Каля ста аматараў гісторыі ажывілі падзеі 100-гадовай даўнасці

hanna.petrachenka@yandex.ru

Фота Андрэя ДАРОНА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter