Па шляху “Палескіх рабінзонаў”. У беларускім Турыне няма фанатаў “Ювентуса”. Турынскай плашчаніцы таксама, але ёсць свая цікавая гісторыя і не менш цікавыя людзі.

Мы ехалі ў Пухавіцкі раён, каб трапіць у беларускі куточак Італіі. Бо гэта ж гучыць па-італьянску – Турын або Турыно (вёску называюць па-рознаму). Няхай нават з націскам на першы склад. Планаў было шмат. З'есці талерачку спагеці, выпіць келіх к'янці. Наведаць сабор Іаана Хрысціцеля, дзе захоўваецца турынская плашчаніца. Увечары – пайсці на футбол, каб падтрымаць мясцовы “Ювентус”. Якая ж без гэтага Італія?

Мы ехалі ў Пухавіцкі раён, каб трапіць у беларускі куточак Італіі. Бо гэта ж гучыць па-італьянску – Турын або Турыно (вёску называюць па-рознаму). Няхай нават з націскам на першы склад. Планаў было шмат. З`есці талерачку спагеці, выпіць келіх к`янці. Наведаць сабор Іаана Хрысціцеля, дзе захоўваецца турынская плашчаніца. Увечары – пайсці на футбол, каб падтрымаць мясцовы “Ювентус”. Якая ж без гэтага Італія?

Капітан для зборнай

Італьянскі Турын — горад спартыўны. Ці варта ўзгадваць, што менавіта там у 2006 годзе праходзілі зімовыя Алімпійскія гульні? Дарэчы, кіраўніцтва Пухавіцкага райвыканкама тады не без гумару “адказала Чэмберлену”. Падчас Алімпіяды ля беларускага Турына былі арганізаваны раённыя спаборніцтвы па лыжах.
— У нас прайшлі свае гульні, — весела кажуць вяскоўцы.
Два гады таму спартыўны лёс Беларусі зноў перакрыжаваўся з Італіяй на турынскім напрамку. Барысаўскі БАТЭ гуляў у Лізе чэмпіёнаў у адной групе з “Ювентусам” — адной з самых вядомых італьянскіх каманд. Аднак вяскоўцы аказаліся патрыётамі радзімы, яны падтрымлівалі беларускі клуб. Нават сёння ў нашым Турыне няма фан-клуба “Старой сіньёры”. Затое ёсць свая школьная футбольная каманда, якая не раз станавілася лепшай у раёне.
Яе капітан Фарух Шарыпаў, навучэнец Турынскай сярэдняй школы, займаецца футболам прафесійна. Для гэтага дзевяцікласнік некалькі разоў на тыдзень ездзіць з вёскі ў Мар’іну Горку, у секцыю.
— Мне “Ювентус” не вельмі падабаецца, — бязлітасна да горада-“цёзкі” гаворыць хлопец, — я “хварэю” за “Манчэсцер”. За яго б хацеў і выступаць у перспектыве. Але для пачатку можна паспрабаваць свае сілы ў мінскім “Партызане” — былым МТЗ-РЫПА.
Любімы футбаліст Фаруха — манчэсцерац Уэйн Руні. Але сам хлопец больш падобны на нашага Аляксандра Глеба. Ён такі ж сухарлявы і шустры, любіць павазіцца на полі з мячом. Да мінулага тыдня яны абодва былі калегамі па капітанскіх абавязках. Пакуль Глеб не адмовіўся быць капітанам зборнай.
— Яму даўно трэба было гэта зрабіць, — лічыць Фарух. — Я паважаю Глеба як футбаліста, але ў зборнай ён выглядае не вельмі добра. Ды і клубныя справы ў Аляксандра не ладзяцца. Замест таго каб проста гуляць у футбол, ён усё мяняе каманды.
Можа, гадоў праз дзесяць у зборнай Беларусі з’явіцца новы капітан, і зваць яго будуць Фарух?

Знаходкі ў бульбе

Першыя ўзгадкі пра Турын датуюцца XVI стагоддзем. Але выкладчык гісторыі Анатоль Тужыкаў запэўнівае, што людзі пасяліліся тут значна раней. І запрашае нас у школьны музей. Найбольш старажытным экспанатам — напрыклад, секлам ад сякер — каля дзвюх тысяч гадоў!
— Вось гэтае секла чалавек знайшоў, калі капаў бульбу, — паказвае гісторык. — Дарэчы, у полі можна шмат чаго знайсці.
Мы спрабуем адшукаць сувязь нашага Турына з італьянскім. Магчыма, назва вёскі прыйшла з Апенін? Такія пытанні ў мясцовых выклікаюць толькі ўсмешкі. Яны з паходжаннем назвы даўно ўжо вызначыліся. Вёска, як і горад Тураў, павінна сказаць дзякуй за імя быку-гіганту.
— Чуў ад старых, што нашы месцы калісьці былі зручнымі для загону тураў, бо мы амаль з усіх бакоў акружаны Свіслаччу. Зверу не было куды ўцякаць, — расказвае пенсіянер Міхал Шынкарык...

Што ні хата — то сад

Лясы каля Турына вялікія. Некаторыя распасціраюцца ажно на дваццаць кіламетраў. Аднак раней вёска больш славілася не лясамі, а сваімі садамі. Мясцовыя жыхары і зараз часам кажуць: “Што ні хата — то сад”. Турынскія школьнікі раскапалі такую гісторыю. Дзесьці ў 30-я гады мінулага стагоддзя з Амерыкі з заробкаў вярнуўся вясковец Апанас Апімахаў. Ён прывёз з сабою не грошы, а высадак-яблыньку. Вельмі рупліва даглядаў дрэўца, і калі яно дало першы ўраджай — усе ахнулі ад колькасці яблыкаў. Па смаку яны нагадвалі “цыганку” — гэты гатунак яблыні рос у панскім садзе. На жаль, неўзабаве дрэўца змерзла. Кажуць, асабліва лютай была зіма 1940 года, калі ішла руска-фінская вайна.
— Яшчэ напярэдадні вайны за семдзесят кіламетраў з Мінска да маёй маці прыязджаў яўрэй, каб арандаваць яе сад. Фрукты ён прадаваў на кірмашах, — дапаўняе садовую тэму Міхал Шынкарык. — Я спрабаваў пасадзіць свой сад, аднак нічога не атрымалася. Яблыні-грушы сёння гінуць ад рака.
Ці то сапраўды хвароба даймае дрэвы, ці то людзі страцілі цікавасць да гэтай справы, але сады ў Турыне сёння засталіся невялічкія — па дзве-тры яблыні ля хаты. Раней у вёсцы былі вялізныя панскія сады. Аднак адзін з іх ужо высеклі, другі патроху старэе і памірае.

Сям’я рэкардсменаў

Між тым наш суразмоўца — не зусім звычайны чалавек. Спадар Шынкарык называе сябе “рэкардсменам вёскі па колькасці ўнукаў” (у Міхала Іванавіча іх шэсць, і гэта ўсяго пры дзвюх дочках!). Аднак гэта не адзінае дасягненне сям’і. Бацька Міхала — Іван Антонавіч — самы старэйшы жыхар Турына. Праз месяц з невялікім яму споўніцца 99 гадоў.
— Ваяваў, яшчэ як. Нават сёння жыву з асколкам, — распавядае ветэран. — Трапіў пад Сталінград, быў паранены. Падлячыўся ў Саратаве і зноў паехаў у сталінградскія акопы. Там нашу батарэю “кацюш” узялі ў палон, мяне адправілі на работу ў Швейцарыю, высякаць у гарах тунель. Здолеў уцячы. Калі вярнуўся да сваіх, ледзьве не стаў ворагам народа. Нават на допыт мяне выклікалі. Хоць лагера і ўдалося пазбегнуць, але ў Мінск і буйныя гарады я быў неўязны.
З-за вайны мы так і не змаглі адшукаць у Турыне хаця б копію турынскай плашчаніцы. Касцёла тут ніколі не было, а мясцовую царкву спалілі партызаны. Баяліся (і не без падстаў), што фашысты загоняць у храм мірных жыхароў і там іх спаляць. За 65 гадоў, што мінулі пасля вайны, царкву лёгка можна было аднавіць, але ніхто асаблівага жадання на гэты конт не выказаў. На яе месцы быў збудаваны сельскі клуб.

Пані Ёдчыха шукала хібы, а Янка Маўр частаваў цукеркамі

Турынцы не без гонару распавядаюць, як у 30-я гады любіў прыязджаць на адпачынак у вёску Янка Маўр. Ён ставіў намёт прама на беразе Свіслачы і жыў у ім паўтара-два месяцы ў год. Калі аўтара “Палескіх рабінзонаў” даймалі камары і холад, ён ішоў у дом да свайго сябра Фёдара Вераскоўскага. Там яго частавалі грыбамі, мёдам, свежай рыбай. Сталічны госць таксама прыходзіў не з пустымі рукамі — прыносіў малым цукеркі.
— Для нас гэта было ого-го! — успамінае Іван Вераскоўскі, унук Фёдара Якаўлевіча. — У вёсцы ж мы цукерак не бачылі. Дочкі Маўра з ахвотай пілі сырадой і весела лавілі матылькоў. Сам пісьменнік вельмі любіў купацца са сваім вялікім мячом. Вада ў Свіслачы была такой чыстай, што мы нават не карысталіся калодзежам. А якія разлівы здараліся! Дзед казаў, што Маўр у “Рабінзонах” апісваў менавіта іх.
Можа, і так, але сёння ніякіх разліваў няма. Усё таму, што ў 70-я гады савецкае кіраўніцтва спрабавала рэалізаваць чарговы авантурны план: запусціць баржы па Свіслачы, каб яны траплялі ў Бярэзіну. Баржы так нікуды і не пайшлі, але рэчку выпрамілі і сцішылі. Ваду з яе ўжо ніхто не п’е. Ці мала што можа прыплыць з Мінска.
У адрозненне ад Маўра пра выдатнага прыродазнаўца Якуба Наркевіча-Ёдку вяскоўцы нічога не помняць. Затое, напэўна, назаўжды ў народнай памяці застанецца байка пра маці вучонага. Нібыта яна была вельмі скрупулёзная, увесь час кантралявала сялян. Магла сама выйсці ў поле, каб праверыць, ці добра выбрана бульба. Калі знаходзіла клубні, то папракала зборшчыкаў за дрэнную працу. Аднойчы пакрыўджаная сялянка не вытрымала і сказала:
— А пашукала б ты, пані, бульбачку на жнеўнічку.
Ёдчыха нават не знайшлася, што сказаць. Дарэчы, мясцовыя ўпэўнены, што менавіта тут, у Турыне, яна нарадзіла ў 1847 годзе свайго сына-вынаходніка. Многія гісторыкі падзяляюць гэты пункт гледжання.

Вось так. Ехалі ў Італію, а трапілі ў самы што ні на ёсць беларускі куток — са сваёй гісторыяй, якую мясцовыя жыхары старанна захоўваюць і якой ганарацца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter