Па ўсіх дванаццаці сацыяльных стандартах

ГАРАДЫ, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Багатая яна і ў Глыбокага, якое сёлета адзначыць свой шасцівекавы юбілей. Асабліва значнымі на падзеі сталі апошнія гады. У пазатым тут прайшоў рэспубліканскі Дзень пісьменства, а потым горад стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу-агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Дзякуючы камунальнікам свой шасцісотгадовы юбілей Глыбокае сустрэне памаладзелым, камфортным для пражывання і эканомным горадам

ГАРАДЫ, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Багатая яна і ў Глыбокага, якое сёлета адзначыць свой шасцівекавы юбілей. Асабліва значнымі на падзеі сталі апошнія гады. У пазатым тут прайшоў рэспубліканскі Дзень пісьменства, а потым горад стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу-агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

СТАРШЫНЯ Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, прымаючы ад міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Шорэца Пераходны вымпел, падзякаваў усім глыбачанам за ўклад у агульную справу, бо працавалі, як кажуць, талакой. І ўсё ж кіраўнік раёна не прамінуў нагадаць, што асноўны цяжар выпаў на мясцовых камунальнікаў, якія не толькі змянялі знешні і ўнутраны выгляд дамоў, вуліц, удзельнічалі ва ўсіх асноўных гарадскіх праектах — стварэнні дзіцячай пляцоўкі «Брыганціна», сквера знакамітых землякоў, берага возера Кагальнае, зоны адпачынку ля рэчкі Крывая і іншых, — але і здолелі падтрымаць парадак.

Заслуга ў гэтым, безумоўна, даволі маладога кіраўніка УП ЖКГ Андрэя Шымковіча, які завяршае сёлета ў Глыбокім на дадзенай пасадзе сваю першую пяцігодку. Родам Андрэй з суседняга Докшыцкага раёна. Але не проста знайсці такога глыбачаніна, які б так любіў і аддаваў усяго сябе гэтаму гораду. Кажуць, Шымковіч будзе валіцца з ног, але дасягне мэты. Менш слоў — больш справы! — галоўны яго прынцып. Вось толькі адзін прыклад: кацельню ў мікрараёне вуліц Садовая і Кірава, дзе толькі за адну змену спальвалася 8 тон мазуту, перавялі поўнасцю на мясцовую сыравіну — шчэпку (розныя адыходы драўніны).

Ён — асоба! Як не напружана з работай, знаходзіць магчымасць паклапаціцца пра сям’ю, дзяцей. Яго хобі — тэхніка і, у прыватнасці, матацыкл. З сябрамі-байкерамі пабываў у Юрмале і Курчатаве. Адказы на многія жыццёвыя пытанні знаходзіць у класічнай і філасофскай літаратуры.

А яшчэ Андрэй Шымковіч «Чалавек года Віцебшчыны-2013».

– Я НЕ ПАГРАШУ супраць ісціны, калі скажу: вельмі многае, што зроблена ў Глыбокім і раёне, — гэта асабістая ініцыятыва старшыні райвыканкама Алега Віктаравіча Морхата, — гаворыць Андрэй Шымковіч.

Парадак і камфортнае пражыванне глыбачанам забяспечваюць 560 рабочых і спецыялістаў нашага прадпрыемства. Мы даём людзям цяпло і ваду, займаемся тэхнічным абслугоўваннем жылога фонду і санітарнай ачысткай тэрыторый, добраўпарадкаваннем і азеляненнем, зборам і захаваннем цвёрдых адходаў, аказваем насельніцтву і юрыдычным асобам дзясяткі іншых камунальных паслуг. Па выніках работы за 2010—2013 гады выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг з 19 мільярдаў 551 мільёна рублёў у 2010 годзе ўзрасла да 82 мільярдаў 38 мільёнаў у мінулым, або павялічылася ў чатыры разы.

У мінулым годзе глыбоцкія камунальнікі пры выпрацоўцы цеплавой энергіі выкарысталі 63,3 працэнта мясцовых відаў паліва, з 22,4 да 16,3 працэнта знізілі страты цеплавой энергіі. Калі ў 2010 годзе эканомія электраэнергіі складала 15 тысяч кВт·гадзін, то ў 2013-м — 112 тысяч кВт·гадзін. Толькі за кошт устаноўленых 1,5 тысячы штук фотаакустычных рэле на лесвічных пляцоўках жылых дамоў удалося скараціць спажыванне электраэнергіі на 95,8 тысячы кВт·гадзін.

За чатыры апошнія гады прадпрыемства асвоіла інвестыцый на 39 мільярдаў 764 мільёны рублёў. Набыта 24 адзінкі новай тэхнікі, праведзена мадэрнізацыя трох кацельняў.

Глыбоцкія камунальнікі выканалі ўсе дванаццаць асноўных нарматываў сацыяльных стандартаў сваёй галіны.

ЗРАЗУМЕЛА, без каманды прафесіяналаў, усяго дружнага і працавітага калектыву мы б гэтага не дасягнулі. Андрэй Шымковіч у ліку іх называе галоўнага інжынера Веру Цяліцу, якой прысуджана ганаровае званне работніка галіны, начальніка ўчастка добраўпарадкавання Людмілу Вашчонак, якая заўсёды знаходзіцца на «перадавой лініі», а напярэдадні свята атрымала Падзяку Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Леаніда Корнышава, галоўнага эканаміста Аліну Юргель, начальніка электратэхнічнай службы Анатоля Смольніка, начальніка ўчастка кацельных і цеплавых сетак Леаніда Сяткоўскага, майстроў Пятра Салодкага і Аляксандру Плыгаўку, інжынера-цеплатэхніка Алену Храпавіцкую, газаэлектразваршчыка Аляксандра Холада, спецыяліста аддзела кадраў Святлану Кунцэвіч.

ГЛЫБАЧАНЕ прывыклі ўжо, а вось людзі, якія ўпершыню трапляюць у гэты горад, не могуць схаваць свайго захаплення ад кветкавага раю, убачанага тут. Петуніі, бягоніі, агератумы, астры, каны і безліч іншых кветак плятуць свае чароўныя рознакаляровыя дываны ўздоўж вуліц, у дварах і парках.

— Такая магчымасць упрыгожыць горад з’явілася ў нас, калі некалькі гадоў таму пабудавалі сваю ўласную цяпліцу для вырошчвання расады кветак, — раскрыла сакрэт начальнік участка па добраўпарадкаванню Людміла Вашчонак. — Калі раней бралі кветкі ў ліцэі ці завозілі з іншых гарадоў Беларусі, то цяпер, наадварот, самі забяспечваем усіх жадаючых.

Загадвае цяплічнай гаспадаркай нераўнадушная, улюбёная ў сваю справу Рэгіна Аліхвер. У яе і сёлета ўсё гатова, каб у горадзе расцвіло яшчэ больш кветак. Яны будуць не толькі на газонах, але і ў шмат’ярусных падвясных кветніцах, для чаго заказана неабходнае абсталяванне. А яшчэ з’явіцца каля чыгуначнага вакзала цэлая «кветкавая паляна», дзе разаб’юць свае клумбы ці не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі горада.

Да юбілею глыбоцкія камунальнікі пазначылі ў сваіх планах каля трох дзясяткаў важных аб’ектаў. У іх ліку — рэканструкцыя лазні, заканчэнне капітальнага рамонту гасцініцы, устаноўка святлафораў на перакрыжаванні найбольш ажыўленых вуліц, пракладка пешаходнай і веласіпеднай дарожкі ўздоўж возера Вялікае ў аддалены раён Беразвечча, плаваючы фантан на возеры Кагальнае, азеляненне новага мікрараёна Паўночны.

НА НЕКАТОРЫХ цікавых праектах хочацца спыніцца падрабязней. Так, на беразе возера будзе створаны сквер для маладажонаў з Алеяй шлюбу. Маладыя тут змогуць не толькі распісацца, але і прайсці праз запамінальныя і цікавыя рытуалы: пагушкацца на «Арэлях шчасця», падараваць манеты «Дрэву дабрабыту», спыніцца ля статуі Купідона — сімвала кахання, пакланіцца помніку Сям’і.

А на плошчы «17 верасня», якая злучае два велічныя храмы, сабор Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Тройцы, вырашана ўстанавіць скульптуру Ісуса і самарыцянкі.

Вядома, на ўсе праекты патрабуюцца сродкі, і немалыя. Безумоўна, будуць грошы з бюджэту, нешта дадуць суботнікі і, як і раней, ахвяруюць са сваіх зберажэнняў гараджане. Прыклад у такіх выпадках паказвае старшыня райвыканкама Алег Морхат. І цяпер ён даў на выраб скульптуры Ісуса і самарыцянкі мільён рублёў. Як заўсёды, «раскашэляцца» найбольш свядомыя бізнесмены.

Нельга не паведаць і пра самаадданы ўчынак адной жанчыны даволі сталага ўзросту — Галіны Лісоўскай. Яна прыйшла ў райвыканкам і заявіла:

— Хачу аддаць свае зберажэнні для роднага горада. Каб ён быў яшчэ прыгажэйшы!

У Глыбокага ёсць шмат сяброў і ў краіне, і за яе межамі. Хочацца спадзявацца, што і яны зробяць свой пасільны ўклад ва ўпарадкаванне горада да яго  600-годдзя!..

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара і з архіва прадпрыемства

Ад «СГ».

Віншуем усіх працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва з прафесійным святам і зычым поспехаў, здароўя і добрага настрою!

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter