Па новых правілах

Вясной у краіне адбудуцца першыя выбары па новых правілах

Маючыя адбыцца будучай вясной выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — першая кампанія, якая пройдзе ў рамках абноўленага выбарчага заканадаўства

У лістападзе Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі адобрыў законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў». Дакумент падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада, і ўступіць ён у сілу 8 снежня.

Па дзеючым Выбарчым кодэксе, прынятым у 2000 годзе, у краіне прайшлі чатыры парламенцкія выбарчыя кампаніі і адзін рэспубліканскі рэферэндум, тройчы праходзілі выбары кіраўніка дзяржавы і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Відавочна, што ў цэлым працаваў дастаткова эфектыўны прававы механізм.

Чым было выклікана змяненне парадку выбараў? Адказваючы на гэта пытанне, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія Мароз адзначыла, што ні адзін нарматыўны прававы акт не можа быць нязменным, ён павінен адпавядаць рэаліям часу. Частка прапанаваных у законе навацый, як растлумачыла яна, адносіцца да пытанняў арганізацыі выбараў:

— Па-першае, новаўвядзеннем стане змяненне парадку вызначэння рэзультатаў выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Цяпер выбары будуць праводзіцца ў адзін тур, а вынікі — вызначацца па прынцыпе адноснай большасці — хто больш набярэ галасоў выбаршчыкаў. Пры гэтым захоўваецца палажэнне аб прызнанні таго, што выбары адбыліся, калі ў іх прынялі ўдзел больш паловы выбар-шчыкаў адпаведнай выбарчай акругі. Калі балаціруецца адзін кандыдат, то ён лічыцца абраным, калі за яго прагаласуе больш паловы выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні. Па-другое, змяняецца сістэма камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Калі зараз яна трохузроўневая: Цэнтральная камісія, акруговыя і ўчастковыя, то новае заканадаўства прадугледжвае ўтварэнне абласных і Мінскай гарадской тэрытарыяльных камісій. Па-трэцяе, устаноўлена правіла аб вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў толькі па адной выбарчай акрузе, а па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў — па адной акрузе аднаго ўзроўню мясцовага Савета дэпутатаў.

Новы закон вызначыў, што кандыдату ўжо не будуць вы-дзяляцца сродкі з рэспубліканскага бюджэту на выраб перадвыбарных матэрыялаў. А сродкі гэтыя накіруюцца ў выбарчыя камісіі, якія і зоймуцца вырабам інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў, а затым прадаставяць іх кожнаму выбаршчыку разам з паведамленнем аб даце і часе галасавання.

— Выбарчы кодэкс дапоўнены палажэннем, якое забяспечыць павышэнне ўзроўню інфармаванасці выбаршчыкаў аб кандыдатах. Так, асобы, вылучаныя кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты, павінны будуць указваць у біяграфічных даных звесткі пра судзімасці, а выбарчыя камісіі — паведамляць пра гэта выбаршчыкам у інфармацыйных матэрыялах. Акрамя таго, кандыдаты ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці ў выпадку адсутнасці крыніцы даходаў абавязаны будуць указваць крыніцу існавання. Гэта справядліва: калі няма даходаў, то назаві, за кошт каго ці чаго ты жывеш, — падкрэсліла Лілія Мароз.

Заканадаўства дазваляе кандыдатам вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы за сродкі ўласных выбарчых фондаў. Пры гэтым кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь павялічаны гранічны памер уласных фінансавых фондаў у тры разы — з трох да дзевяці тысяч базавых велічынь. А фарміраваць яго можна будзе не толькі пасля рэгістрацыі кандыдата, але і з моманту рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы. Уведзены таксама выбарчыя фонды для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, чаго раней не было. Для кандыдата ў дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў — да 30, а ў дэпутаты раённага, гарадскога, пасялковага, сельскага Саветаў — да 10 базавых велічынь. Гранічна дапушчальны фонд, які дазволена фарміраваць кандыдату Палаты прадстаўнікоў, застаўся раней-шым — адна тысяча базавых велічынь.

Лілія Мароз называе крыніцы фарміравання ўласных фондаў:

— Гэта ўласныя грашовыя сродкі кандыдатаў, а таксама добраахвотныя ахвяраванні грамадзян краіны і юрыдычных асоб. Максімальны памер сродкаў, якія ўносяцца самімі кандыдатамі ва ўласныя выбарчыя фонды, не ўстанаўліваецца, зразумела, пры захаванні гранічнай сумы расходаў. Гэтыя грошы могуць выкарыстоўвацца кандыдатамі на аплату эфірнага часу і друкаваных плошчаў СМІ, агітацыйных друкаваных матэрыялаў, арэнды будынкаў і памяшканняў, набыццё канцылярскіх тавараў і іншыя расходы, непасрэдна звязаныя з правядзеннем перадвыбарнай агітацыі. Пры гэтым за кандыдатамі захоўваецца права на бясплатнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для перадвыбарных выступленняў, тэледэбатаў і апублікавання сваіх перадвыбарных праграм.

Акрамя ўсяго іншага, новы закон больш дакладна рэгулюе пытанні складання спісаў выбаршчыкаў, рэгістрацыі кандыдатаў, адказнасці за парушэнне выбарчага заканадаўства. Дарэчы, забаронена дзейнасць кандыдатаў, накіраваная на зрыў выбараў, і байкатаванне будзе расцэньвацца як парушэнне закона. Гэта навэла дазволіць выключыць сітуацыі, калі асобныя кандыдаты і іншыя грамадзяне ў перыяд агітацыйнай кампаніі заклікалі да байкоту выбараў. Трэба адзначыць, што ў Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД прама ўтрымліваецца спасылка на забарону байкоту выбараў.

На павышэнне ўзроўню дэмакратычнасці выбарчага працэсу накіравана норма закона, якая надае правы асобам, што вылучаюцца кандыдатамі, і кандыдатам абскардзіць у судовым парадку рашэнні выбарчых камісій аб вынясенні імі папярэджанняў і рашэнняў аб адмене рэгістрацыі іх кандыдатамі. Разам з гэтым захоўваецца папярэдні разгляд такіх спрэчак вышэйстаячымі выбарчымі камісіямі.

Лілія Мароз падкрэсліла, што новы закон з’яўляецца прагрэсіўным і максімальна ўлічвае як нацыянальныя інтарэсы, так і міжнародныя стандарты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter