Паўночная сага сярэднявечча

Да ахутанага мiфамi свету старажытных паўночных плямёнаў можна дакрануцца ў Мiнску
Выстава “Вiкiнгi i балты: паўночная сага” адкрыта ў Доме-музеi I з’езду РСДРП, на ёй экспануюцца ўзоры адзення, зброi, упрыгажэнняў, цікавыя археалагiчныя знаходкі. Па словах вядучага навуковага супрацоўнiка Андрэя Лякевiча, стваральнiкi выставы iмкнулiся паказаць розныя бакi жыцця людзей у раннiм сярэднявеччы. Пра марскiя падарожжы вiкiнгаў сведчаць іх мячы ды вялiзныя абцягнутыя скурай шчыты, пра жыццё жанчын X—XIII стагоддзяў распавядаюць тыповыя для лiваў, латгалаў ды скандынаваў строi, упрыгажэннi: пярсцёнкi, кручаныя бранзалеты, падвескi ў выглядзе молата бога Тора.


Рэканструяваныя ўзоры адзення вікінгаў і балтаў

Ёсць тут i куток, дзе можна адчуць сябе госцем у доме вiкiнгаў: на драўляным стале — глiняныя збанкi ды металiчныя лыжкi. Чыгунок над вогнiшчам: здаецца, запалi агонь — i насамрэч сярэднявечная хата. Рэчы для экспазiцыi прадаставiлi клубы гiстарычнай рэканструкцыi: мінскі “True Varing” i вiцебскi “Нагльфар”. “Рэканструкцыя — занятак, што патрабуе шмат часу i сродкаў, — расказаў Андрэй Лякевiч. — Адзiн прадмет зброi можа каштаваць тысячу долараў, амунiцыя ж воiна — і дзве. Рэканструкцыю нельга назваць захапленнем: гэта жыццё”.


Будзьце госцем у доме вiкiнгаў

Нацыянальны гiстарычны музей Беларусi перадаў для выставы археалагiчныя знаходкi, сярод якiх фiбулы, фрагменты грэбняў, наканечнiкаў стрэл i косткi з рунiчнымi надпiсамi. Па словах Андрэя Лякевiча, рэчы гэтыя археолагі знайшлі ў Паўночнай Беларусi, і тое сведчыць: меліся адладжаныя цесныя культурныя i гандлёвыя сувязi варагаў з беларускiмi плямёнамi.

Нiна Шпакоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter