Па мясцінах баявой славы. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі мы шмат гаворым пра мужнасць і гераічнасць беларускага народа.

І не толькі падчас Другой сусветнай. Пад націскам нашых продкаў уцякалі з беларускай зямлі і немцы, і татары, і Напалеон з войскам... Колькі па краіне такіх гераічных мясцін! Пацвярджэнне таму — наш праект. Вельмі часта цудамі Беларусі жыхары раёнаў называлі менавіта пэўныя пераможныя баі. А што сёння можна ўбачыць на іх месцах? Пройдземся ж некаторымі малавядомымі сцежкамі баявой славы.

Дзятлаўскі Сусанін
У 1942 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады арганізавалі блакаду пушчы, дзе быў размешчаны стацыянарны партызанскі шпіталь. Карнікі спалілі разам з жыхарамі пушчанскія вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахімавічы, Гарадкі. Пад пагрозай расправы з нявесткай і ўнукам змусілі партызанскага сувязнога Іосіфа Філідовіча паказаць праход да шпіталя. Стары, доўга блукаючы па пушчанскіх нетрах, завёў карнікаў у дрыгвяное балота. Цела партызанскага сувязнога з прастрэленай галавой знайшлі наступнай вясной, як сышоў снег. Шпіталь ацалеў.
Куды ехаць: Дзятлава, Гродзенская вобласць
Што можна ўбачыць: помнік тутэйшаму Сусаніну —  партызанскаму сувязному Іосіфу Філідовічу.

Край партызанскай славы
Так называюць Расонскі раён, дзе з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны распачалося актыўнае супраціўленне падпольшчыкаў і партызан. Дарэчы, адным з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху быў настаўнік Расонскай сярэдняй школы Пётр Машэраў. Дзякуючы намаганням і мужнасці лясных мсціўцаў ужо ў канцы 1942 года Расоншчына была вызвалена ад акупантаў.
Куды ехаць: вёска Роўнае Поле, Расонскі раён, Віцебская вобласць
Што можна ўбачыць: Музей партызанскага побыту ў лесе за вёскай Роўнае Поле і зямлянкі, адноўленыя па ўспамінах былых партызан.

Танкавы таран
Чэрвень 1944 года... Праціўнік з усяе сілы спрабуе ўтрымацца на станцыі Чорныя Брады Акцябрскага раёна, звязанай  па чыгунцы з Бабруйскам. Танкавы экіпаж гвардыі лейтэнанта Дзмітрыя Камарова 15-й гвардзейскай танкавай брыгады ўступае ў проці-борства з нямецкім браняпоездам. Ад прамога пападання варожага снарада танк загараецца. Але, ахоплены  полымем, ідзе на таран... Браняпоезд адолены. Камандзіру экіпажа танка Дзмітрыю Камарову і механіку-вадзіцелю Міхаілу Бухтуеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Куды ехаць: станцыя Чорныя Брады, Акцябрскі раён, Гомельская вобласць
Што можна ўбачыць: помнік — танк на п’едэстале, пастаўлены ў  гонар герояў-танкістаў.

У небе над Чарлёнай
Менавіта на Мастоўшчыне здарыўся першы ў гісторыі сусветнай авіяцыі выпадак, калі на таран варожага знішчальніка пайшоў пілот бамбардзі-роўшчыка. Капітан Анатоль Пратасаў у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны ў небе над вёскай Чарлёна сваім бамбардзіроўшчыкам СБ-2М-103 тараніў нямецкі знішчальнік Ме-110.
Куды ехаць: вёска Чарлёна, Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць
Што можна ўбачыць: памятны знак экіпажу бамбардзіроўшчыка капітана Анатоля Пратасава, пастаўлены каля дарогі Масты—Гродна ў 2006 годзе.

Героі без імён
На Сенненшчыне 6—10 лі-пеня 1941 года адбылася вялікая па маштабах танкавая бітва ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яна стала асно-
вай так званага Лепельскага контрудару 20-й арміі, мэтай якога было не дапусціць 3-ю танкавую групу генерала Гота да Віцебска. Жорсткія баі за Сянно ішлі тры дні, тры разы горад пераходзіў з рук у рукі. Нашы страты ў людзях і тэхніцы перавысілі 60 працэнтаў. Апошнімі абаронцамі Сенненшчыны была група невядомых байцоў, якія доўга ўтрымлівалі невялікі ўчастак дарогі Орша—Віцебск. Некалькі разоў гітлераўцы спрабавалі зняць абарону, але змаглі прайсці толькі тады, калі нікога з чырвонаармейцаў у жывых не засталося.
Куды ехаць: Сянно, Віцебская вобласць
Што можна ўбачыць: карціну “Танкавы бой пад Сянно” М.Назарчука ў Сенненскім краязнаўчым музеі, сюжэтам для якой паслужыла гэта бітва.

Безумоўна, гэта толькі некалькі старонак слаўнай гісторыі Беларусі. Калі вам цікава даведацца пра гераічныя мясціны нашай краіны больш — заходзьце на сайт “Народной газеты” www.ng.by. Вы зможаце не толькі прайсціся па віртуальных сцежках баявой славы, але і аддаць за іх свой голас. Дарэчы, нагадваем, што галасаванне ў абласным этапе праекта “Сем цудаў Беларусі” прадоўжана да 1 чэрвеня. У вас яшчэ ёсць шанс зрабіць свой выбар!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter