Па моры - пад беларускім сцягам. Першыя два айчынныя судны ў 2005-2006 гадах прапішуцца ў Клайпедскім порце

— Пры спрыяльных умовах першае судна можа быць набыта яшчэ ў бягучым годзе, — паведамiў падчас сустрэчы з журналiстамi генеральны дырэктар РУП “Беларускае марское параходства” Сяргей Собаль. Гэта створанае нядаўна прадпрыемства, як плануюць улады рэспублiкi, стане ў нашай краiне асноўным аператарам марскiх грузавых перавозак.
Верагоднасць такой пакупкi пацвердзiў падчас той жа сустрэчы i намеснiк мiнiстра транспарту i камунiкацый Беларусi Уладзiмiр Уласень. Праўда, ён быў больш асцярожны: “Калi не ў бягучым годзе, то ў наступным абавязкова будуць набыты не менш як два судны.” Адно — грузапад’ёмнасцю 30 тысяч тон, яшчэ адно — класа “рака—мора” — 3—6 тысяч тон. На будаўнiцтва карабля патрабуецца некалькi гадоў i значныя капiталаўкладаннi. Напрыклад, 30-тысячнiк пацягне на 25—30 мiльёнаў долараў. Каб не чакаць столькi часу i, самае галоўнае, мiнiмiзаваць кошт пакупкi, ЗАТ “Беларуская суднаходная кампанiя” разлiчвае набыць грузавыя караблi, якiя ўжо адпрацавалi па 15—17 гадоў.
Каб рэалiзаваць гэты праект, плануецца прыцягнуць крэдыты айчынных банкаў. Мiнтранс ужо звярнуўся з прапановай прадугледзець у дзяржбюджэце-2006 сродкi на частковае пакрыццё платы за карыстанне гэтымi сродкамi. Акрамя гэтага, Беларускаму марскому параходству могуць дапамагчы i тым, выказаў меркаванне Уладзiмiр Уласень, што ўрад паўплывае на банкi, каб тыя выдалi сродкi пад максiмальна выгадныя для параходства працэнтныя стаўкi.
Уласны гандлёвы флот, тлумачаць у Мiнтрансе, дазволiць айчынным прадпрыемствам, якiя пастаўляюць сваю прадукцыю марскiм шляхам, адгружаць тавар непасрэдна канечным спажыўцам. Дагэтуль айчынныя вытворцы iмкнулiся як мага хутчэй збыць сваю прадукцыю, а на транспарцiроўцы беларускага экспарту заморскiм клiентам зараблялi замежнiкi. Акрамя гэтага, з-за ўстаноўленых iмi высокiх тарыфаў нашы вытворцы мусiлi знiжаць адпускныя цэны i несцi выдаткi. Такiм чынам, пры новай сiстэме работы, мяркуюць беларускiя ўлады, наша краiна будзе ў выйгрышы.
Фарсiраваць работу ў гэтым кiрунку пачалi летась. Тады дзеючая ў рэспублiцы ўжо больш як 10 гадоў Беларуская суднаходная кампанiя зафрахтавала судны i арганiзавала два выпрабавальныя рэйсы пастаўкi калiйных угнаенняў у Бразiлiю i Iнданезiю. За студзень—май бягучага года намаганнямi той жа кампанii перавезлi звыш 400 тысяч тон прадукцыi “Беларуськалiю” i больш за 70 тысяч тон цукру-сырцу. У цэлым сёлета з улiкам таго, што ў работу ўключылася i Беларускае марское параходства, плануецца айчыннымi прадпрыемствамi перавезцi не менш чым 2,1 мiльёна тон, а ўжо ў 2010-м давесцi гэты паказчык да 3,5 мiльёна.
Беларускае марское параходства будзе працаваць паралельна з Беларускай суднаходнай кампанiяй.  Параходства плануе пачаць работу з фрахту, а потым браць судны ў арэнду, абслугоўваць якiя напачатку будуць чужыя каманды, а затым мяркуецца перайсцi на фармiраванне сваiх. Асновай для iх могуць стаць беларускiя маракi, якiя цяпер працуюць у розных кутках свету. Калi работа з двума набытымi суднамi пойдзе плённа, можна будзе думаць i пра пакупку яшчэ аднаго цi некалькiх. Першыя крокi ў новай сферы наша параходства збiраецца рабiць у цесным супрацоўнiцтве з расiйскай кампанiяй “Совкомфлот”.
Пасля 2010 года работа ў гэтым кiрунку працягнецца. Цяпер на Беларусь штогод прыходзiцца, па падлiках Мiнтрансу, каля 25 мiльёнаў тон экспартных i iмпартных тавараў, якiя перавозяцца марскiм шляхам. Запланаваны на блiжэйшыя 5 гадоў прырост долi айчынных транспартных арганiзацый да 3,5 мiльёна — пакуль што толькi нязначная частка агульных аб’ёмаў усёй дастаўкi.
Портам прыпiскi беларускага флоту стане, хутчэй за ўсё, лiтоўская Клайпеда. Было шмат прапаноў, разглядалiся кандыдатуры латвiйскiх Вентспiлса i Рыгi, украiнскага Нiкалаева, расiйскага Калiнiнграда. Але лiтоўцы, вiдаць, змаглi прапанаваць самыя прывабныя ўмовы, таму ў беларускiм урадзе i лiчаць Клайпеду фаварытам, хаця гавораць, што, калi будуць новыя прапановы, гатовы iх разгледзець. Фармiраванне беларускага прычала пачнецца адразу ж пасля таго, як у айчынным флоце з’явiцца першы марскi карабель.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter